16 красавiка 2024, aўторак, 23:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд не задаволіў пазоў гамельчука да школы за адмову адкрыць беларускамоўны клас

3
Суд не задаволіў пазоў гамельчука да школы за адмову адкрыць беларускамоўны клас
ФОТА: BELYNICHI.EDU.BY

Права вучыцца на адной з дзяржаўных моў гарантуецца Канстытуцыяй і Кодэксам аб адукацыі.

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля адмовіў у задавальненні пазову Сяргея Макрэнкі да сярэдняй школы №5 і аддзела адукацыі гарвыканкама, якія не забяспечылі права дзіцяці вучыцца на беларускай мове, піша tut.by.

Права вучыцца на адной з дзяржаўных моў гарантуецца Канстытуцыяй і Кодэксам аб адукацыі.

Дачка пазоўніка сёлета пайшла ў першы клас. Бацька ж патрабаваў для дачкі навучання на беларускай мове ў школе №5 па месцы жыхарства, аднак ва ўстанове адукацыі адмовіліся стварыць беларускамоўны клас, спасылаючыся на тое, што іншых бацькоў, якія жадаюць, каб іх дзяцей вучылі па-беларуску, не знайшлося. У выніку гамельчуку давялося аддаць дачку ў гімназію №36, размешчаную ў спальным раёне Гомеля, дзе быў набор у беларускамоўны клас. Для сям'і гэта выклікала дадатковыя выдаткі часу і грошай. «Каб даставіць дзіця ў школу, мне паспець на працу ў іншы канец горада і потым забраць яе, я штодзённа праязджаю лішнія 25 км», - удакладніў пазоўнік.

Падчас працэсу бок адказчыка прадстаўлялі галоўная спецыялістка аддзела адукацыі Алена Рэзнік і дырэктарка школы №5 Таццяна Даманчук. У судзе яны заявілі, што для аднаго дзіцяці або меркавана двух-трох вучняў ствараць клас немэтазгодна.

Рэзнік заявіла, што «чалавек - істота сацыяльная», і яму неабходна знаходзіцца ў асяроддзі дзяцей. «Будучы адной у класе, сам-насам з педагогам, будзе стаяць пытанне сацыялізацыі дзіцяці», - заўважыла спецыялістка.

Дырэктарка школы ў судзе сцвярджала, што сярод бацькоў дашкольнікаў было праведзенае анкетаванне, у якім бралі ўдзел 130 чалавек, з іх 129 выказаліся за расейскую мову навучання.

Аднак Макрэнка ў судзе папрасіў падаць звесткі анкеты для агляду і высветліў, што агучаныя лічбы не адпавядаюць рэчаіснасці - сярод апытаных быў, прынамсі, яшчэ адзін чалавек, які выказаўся за беларускую мову. Акрамя таго, гамяльчук заўважыў, што блізу 20 анкет запоўненыя адным почыркам. Дырэктарка такую сітуацыю растлумачыць не змагла.

Прадстаўніца аддзела адукацыі зачытала ў судзе статыстыку, згодна з якой у Гомелі з насельніцтвам блізу 500 тысяч чалавек працуюць тры беларускія класы ў гімназіі №36, там навучаюцца 62 дзіцяці, з іх 22 - у першым класе. Усяго ў Гомелі сёлета створаны 324 першыя класы, у якіх навучаецца блізу 6 тысяч школьнікаў.

Суддзя Ілля Свірыдаў прыняў пастанову адмовіць у задавальненні пазову, патлумачыўшы, што суд пагадзіўся з довадамі прадстаўнікоў сістэмы адукацыі: дзіця павінна вучыцца ў калектыве, школа не мае тэхнічнай магчымасці арганізоўваць клас з адным-двума вучнямі, да таго ж у Гомелі ёсць магчымасць рэалізаваць права на атрыманне адукацыі па-беларуску ў гімназіі №36 - адзінай установе адукацыі, дзе набіраюць першыя класы з беларускай мовай навучання.

Макрэнка заявіў, што будзе абскарджваць гэтую судовую пастанову.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках