24 красавiка 2024, Серада, 7:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі ўзляцелі кошты бензіну пасля дэмаршу «Раснафты»

14
У Расеі ўзляцелі кошты бензіну пасля дэмаршу «Раснафты»

Кіраўнік кампаніі Ігар Сечын адмовіўся прадаваць паліва на біржы.

Дэмарш «Раснафты», якая адмовілася прадаваць паліва на біржы, справакаваў бензінавы крызіс і рэзкі ўзлёт коштаў на таргах, піша finanz.ru.

Кошт маркі Аі-92 на Санкт-Пецярбургскай біржы за тры гадзіны гандлю ў пятніцу падскочыў на 2,64% - да 49,8 тысячы расейскіх рублёў за тону.

Са звестак на 12:15 попыт у секцыі нафтапрадуктаў перавышаў прапанову амаль у 7 разоў: былі пададзеныя заяўкі на 70 тысяч тон, тады як у прадаўцоў было толькі 11 тысяч тон.

У пятніцу, як і напярэдадні, на таргі не прыйшла «Раснафта», распавялі ТАСС два ўдзельнікі рынка: ні адной заяўкі на продаж не прыйшло ад Ангарскага, Саратаўскага, Ачынскага НПЗ.

«Газпрам нафта» і «Лукойл» прадаўжаюць прадаваць і нават «быццам збіраюцца крыху павялічыць дзель», кажа адзін з трэйдараў. Але кампенсаваць усе аб'ёмы «Раснафты», якая з'яўляецца найбуйнейшым пастаўшчыком паліва ў Расеі, яны не могуць фізічна.

«У «Раснафты» нам сказалі, што не могуць пакуль паведаміць, на які час яны сышлі з біржы», - распавяла крыніца ТАСС.

"Мы чымсьці абавязаны гэтай біржы, ажаніліся з ёй, мы кляліся чымсьці?" - пракаментаваў сітуацыю Business FM прэс-сакратар «Раснафты» Міхаіл Лявонцьеў.

«Я не зразумею, каго мы там абяздолілі. Мы пастаўляем паліва на рынак, робім гэта так, як мяркуем патрэбным», - дадаў ён.

Пакупнікамі паліва на біржы з'яўляюцца незалежныя запраўкі, якія не ўваходзяць у вертыкальна інтэграваныя сыравінныя холдынгі.

Пакінуць іх без паліва «Раснафта» пастанавіла на наступны дзень пасля таго, як з крытыкай АЗС выступіў кіраўнік кампаніі Ігар Сечын. У інтэрв'ю «Коммерсант FM» Сечын заявіў, што «ўгоды на біржы адбываюцца ў інтарэсах толькі гэтых кампаній», якія хоць і кантралююць толькі 30% расейскага рынку, цалкам «фармуюць коштаўтварэнне».

Сітуацыя, са слоў Сечына, тлумачыцца «адным словам». «Гэта карупцыя», - заявіў ён.

Нагадаем, згодна з супольным загадам ФАС і Мінэнэрга, найбуйнейшыя нафтакампаніі абавязаныя прадаваць на біржы не менш за 10% вытворчасці бензіну і авіягазу і 5% дызельнага паліва. Прычым, у рамках патрабаванняў урада РФ (пастанова №1035 ад 11 кастрычніка 2012 года), продажы павінны весціся раўнамерна і рэгулярна цягам месяца.

«Раснафта» забяспечвае блізу 40% прапановы нафтапрадуктаў на біржавых таргах.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках