25 красавiка 2024, Чацвер, 3:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Малдова абвінаваціла расейскі фонд «Адкрыты дыялог» у дыверсіі

Малдова абвінаваціла расейскі фонд «Адкрыты дыялог» у дыверсіі

Спецыяльная парламенцкая камісія апублікавала звесткі расследавання.

Расейскі фонд "Адкрыты дыялог" вёў дыверсійную дзейнасць супраць Малдовы з ублытваннем апазіцыйных палітыкаў і грамадзянскіх актывістаў. Такая выснова ўтрымліваецца ў апублікаваным у пятніцу, 16 лістапада, дакладзе спецыяльнай камісіі малдаўскага парламента, якая расследавала дзейнасць фонду на тэрыторыі краіны, паведамляе Нямецкая хваля.

Камісія таксама прыйшла да высновы, што "Адкрыты дыялог" фінансаваў правыя праеўрапейскія апазіцыйныя партыі – "Дзеянне і салідарнасць" (Partidul "Actiunea si solidaritate" – PAS) на чале з Маяй Санду і "Годнасць і праўда" (Demnitate si adavar – DA) пад кіраўніцтвам Андрэя Нэстасе. Пра прычыны стварэння малдаўскім парламентам спецкамісіі для расследавання дзейнасці расейскага фонду, яе высновы і іх наступствы – у матэрыяле DW.

Па слядах публікацый малдаўскіх СМІ

Пастанова стварыць спецкамісію для расследавання дзейнасці фонду "Адкрыты дыялог" у Малдове была прынятая ў кастрычніку, пасля таго як у мясцовых СМІ з'явілася інфармацыя пра дэпартацыю з Польшчы заснавальніцы і кіраўніцы фонду Людмілы Казлоўскай і яе сувязі з малдаўскай апазіцыяй.

Яшчэ ў жніўні мас-медыя, блізкія да кіроўнай у Малдове Дэмпартыі, паведамлялі, што "Адкрыты дыялог" лабіраваў інтарэсы "рэйдара №1 у СНД" бізнэсмэна Вячаслава Платона, асуджанага ў 2016 годзе за махлярства і адмыванне грошай. "Фонд спрабаваў намаляваць Платона ахвярай палітычных рэпрэсій, яго пазіцыянавалі як чалавека, чые правы былі парушаныя. Гэта рабілася, каб увесці ў зман еўрапейскія структуры", – заявіў з трыбуны парламента дэпутат Дэмпартыі Ігар Урэмя, прэзэнтуючы 16 лістапада справаздачу пра працу спецкамісіі.

Паводле словаў дэпутата, абвінавачванні СМІ на адрас фонду і ягонай кіраўніцы пацвердзіліся. З дапамогай "Адкрытага дыялогу" спецслужбы замежных дзяржаваў вялі дыверсійныя дзеянні супраць дзяржорганаў Малдовы, указаў Урэмя. Паводле ягоных словаў, у розных еўрапейскіх структурах Казлоўская лабіравала дакументы, якія змяшчаюць крытыку малдаўскага кіраўніцтва. А правыя апазіцыйныя партыі PAS і DA атрымлівалі ад фонду фінансаванне, але не дэкларавалі яго. Частка працы камісіі вялася пры зачыненых дзвярах, "праз утрыманне ў дакументах сакрэтнай інфармацыі".

Чальцы камісіі прапанавалі Генпракуратуры ўважліва вывучыць яе справаздачу, растлумачыўшы: не выключана, што людзі, якія фігуруюць у выніковым дакладзе, парушылі малдаўскія законы і павінны быць змушаныя да адказнасці.

Чым займаецца фонд "Адкрыты дыялог"

Між тым, як заявіла ў адным з тэлеінтэрв'ю Людміла Казлоўская, малдаўскія ўлады звярнулі на фонд увагу толькі тады, калі Еўразвяз увёў фінансавыя абмежаванні ў дачыненні да Малдовы за невыкананне правоў чалавека. "Тады рыторыка змянілася, нам пачалі казаць, што мы ўблытваемся ў палітыку Малдовы, што дэзынфармуем прадстаўнікоў Еўрапейскага парламента і Еўрапейскай камісіі", – цытуюць малдаўскія СМІ словы кіраўніцы "Адкрытага дыялогу". У ліпені сёлета Еўракамісія прыняла пастанову пра прыпыненне фінансавай дапамогі Кішынёву памерам 100 мільёнаў еўраў.

2 лістапада фонд "Адкрыты дыялог" выступіў з заявай на адрас спецкамісіі малдаўскага парламента. Як гаворыцца ў распаўсюджаным дакуменце, фонд "вядзе абарону на міжнародным узроўні больш за 20 справаў, дзе дакладна відаць палітычная матывацыя, факты парушэння правоў чалавека, грамадзянскіх свабодаў". Акрамя таго, падкрэсліваецца ў заяве фонду, "адна з галоўных задачаў нашай арганізацыі – дамагацца ў дачыненні да ўрадаў фінансавых санкцый, замарозкі фінансавай дапамогі ад ЕЗ, МВФ і Сусветнага банка ў выпадку парушэнняў правоў чалавека, грамадзянскіх свабодаў, адсутнасці рэальных рэформаў". Праваабарончыя арганізацыі, нагадваюць аўтары заявы, не ўблытваюцца ва ўнутраныя справы дзяржаваў, а "паказваюць на парушэнне міжнародных абавязальніцтваў прадстаўнікамі той ці іншай дзяржавы".

Нягледзячы на запэўніванні аўтараў заявы ў гатоўнасці фонду да супрацоўніцтва, ягоныя прадстаўнікі не былі запрошаныя на парламенцкія слуханні ў Кішынёў.

"У стылі крамлёўскай прапаганды"

На думку палітычнага аналітыка Рамана Міхаеша, "з дапамогай фонду" Адкрыты дыялог "рабіліся варожыя дзеянні супраць Украіны, Польшчы, Малдовы, і гэта нармальна, што парламент адрэагаваў на сітуацыю". "Менавіта Казлоўская, выступаючы на розных еўрапейскіх канферэнцыях і кангрэсах, заклікала ЕЗ прыпыніць фінансаванне Малдовы, лабіруючы інтарэсы апазіцыі", – адзначыў Міхаеш у інтэрв'ю DW.

І нагадаў, што ў кастрычніку супраць Людмілы Казлоўскай ва Украіне была распачатая крымінальная справа, ёй інкрымінуецца парушэнне цэлага шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса. А раней, у верасні, яна была дэпартаваная з Польшчы. "Малдаўскія ўлады таксама павінны адэкватна адрэагаваць, у тым ліку на палітыкаў, якія атрымлівалі ад фонду нейкія субсідыі", – упэўнены Міхаеш.

З ягонай ацэнкай не ўсе згодныя. Высновы спецкамісіі пра фінансаванне "Адкрытым дыялогам" апазіцыйных малдаўскіх партый – "гэта хлусня кіроўнай Дэмпартыі ў стылі крамлёўскай прапаганды", адзначаецца ў распаўсюджаным прэс-рэлізе партыі PAS. А Андрэй Нэстасе, лідар апазіцыйнай партыі DA, якая таксама згадваецца ў справаздачы парламенцкай камісіі, заявіў у інтэрв'ю DW, што "парламенцкая камісія займаецца палітычнай маніпуляцыяй". Як, зрэшты, і ўвесь парламент "які адводзіць увагу грамадзянаў ад пошуку зніклага мільярда, напрыклад".

Мітусня перад выбарамі ў Малдове

З пункту гледжання экс-прадстаўніка Малдовы ў Радзе Еўропы, палітычнага аналітыка Аляксея Тулбурэ, высновы спецкамісіі звязаныя з мэтамі малдаўскага кіраўніцтва пазбавіцца ад канкурэнтаў на выбарах у парламент, якія пройдуць у лютым 2019 года. "Яны хочуць зняць з выбараў рэальнага канкурэнта – партыю DA і яе лідара Андрэя Нэстасе, – падзяліўся эксперт з DW сваім пунктам гледжання. – Яго абвінавацяць у сувязях з ФСБ і незаконным фінансаванні партыі з-за мяжы". Зняць такім чынам больш вядомую ў Еўропе і ЗША Маю Санду ўлады пабаяцца, прагназуе былы дыпламат.

Сітуацыя, калі ў самы пярэдадзень парламенцкіх выбараў з гонкі здымалі кандыдата, абвінаваціўшы ў незаконным фінансаванні ягонай партыі, у Малдове ўжо мела месца. У 2014 годзе незадоўга да галасавання з выбараў знялі "Нашу партыю", якую ўзначальваў расейскі бізнэсмэн Рэната Вусаты.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках