24 красавiка 2024, Серада, 5:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што ўкраінскі комік Зяленскі будзе рабіць з другім месцам у прэзідэнцкім рэйтынгу?

14
Што ўкраінскі комік Зяленскі будзе рабіць з другім месцам у прэзідэнцкім рэйтынгу?
УЛАДЗІМІР ЗЯЛЕНСКІ

Сцэнічны вобраз Уладзіміра Зяленскага выходзіць на другое месца ў рэальнай прэзідэнцкай гонцы.

Свае палітычныя амбіцыі шоўмэн хавае, але таемна рыхтуецца да ролі, якую ўжо аднойчы згуляў у кіно, піша часопіс «Новое Время».

Добрыя шанцы

Паводле звестак сацыёлагаў, на пачатак лістапада 2018 года шоўмэн і комік Зяленскі абагнаў у папулярнасці дзейнага кіраўніка дзяржавы Пятра Парашэнку: 11,4% у стваральніка "Квартала 95" супраць 10,3% у стваральніка Roshen.

Галоўнаму герою серыяла "Слуга народа" Зяленскаму засталося адолець апошнюю спаборніцу – Юлію Цімашэнку, якую сёння падтрымліваюць 20,7% украінцаў, апытаных сацыёлагамі КМІС, Цэнтра Разумкова і Сацыялагічнай групы Рэйтынг.

Сярод палітыкаў-лідараў у экс-крываражаніна дзель нелюбові з боку электарату мінімальная: толькі 8,4% апытаных сацыёлагамі КМІС, Цэнтра Разумкова і Рэйтынгу ніколі не аддадуць голас "слугу народа".

У ягоных галоўных апанентаў – Парашэнкі і Цімашэнкі – адпаведныя паказнікі складаюць 51% і 27%.

Пакуль у другім туры Зяленскі саступае з мінімальным адставаннем Лэдзі Ю – 23% супраць 26%. Але Парашэнку ён зрабіў пад арэх – 28% супраць 15%.

Калі Зяленскі і Цімашэнка на самай справе выйдуць у другі тур, высокі антырэйтынг экс-прэм'ера можа загубіць усе ейныя надзеі.

Нават партыя Зяленскага – яна таксама называецца "Слуга народа" і існуе толькі на паперы (зарэгістраваная 2 снежня 2017 г.) – сёння мае падтрымку 11%. Гэта другое месца пасля "Бацькаўшчыны" з яе 22%. Інфармацыі пра сяброў партыі няма. Сайт у яе адсутнічае.

Але калі гэтая структура ёсць прынамсі на паперы, то кандыдата Зяленскага афіцыйна не існуе.

Ці хоча Зяленскі ў палітыку?

Насамрэч комік ужо задумаўся пра выбары. І дзеля іх ініцыяваў шэраг кансультацый з паліттэхнолагамі.

Віктар Андрусіў, выканальны дырэктар аналітычнага цэнтра Украінскі інстытут будучыні, – адзін з іх. Ён апавёў НЧ, што размаўляў з Зяленскім, кансультаваў яго пра палітычнае ўладкаванне краіны, правядзенне выбараў і іншае падобнае.

"Якія ў яго палітычныя погляды? Ён не дурань, але гэтая сфера для яго зусім незнаёмая, – кажа Андрусіў. – Таму палітычна ў яго нулявы ўзровень, як у чалавека, які толькі пачаў цікавіцца тым, якім чынам уладкаваная палітыка ў краіне".

Сам Зяленскі адмовіўся гаварыць пра свае палітычныя планы.

Але НЧ знайшоў яшчэ аднаго вядомага айчыннага паліттэхнолага, на якога шоўмэн сам выйшаў яшчэ вясной. На ўмовах ананімнасці гэты эксперт апавёў, што тэлекомік сустракаўся з ім і распытваў пра тое, як праводзіць выбары, як працаваць з выбарнікамі, якія могуць быць перадвыбарныя тактыкі. Ужо тады ў Зяленскага, маўляў, быў сфармаваны тэхнічны штаб, у якім прыкметную ролю гуляў юрыст Андрэй Багдан, былы адвакат Генадзя Корбана.

Гэты ж эксперт патлумачыў, што Каламойскі, з тэлеканалам якога – Студыяй 1+1 – супрацоўнічае фронтмэн "Квартала 95" і ўся ягоная каманда, сапраўды зацікаўлены ў Зяленскім-кандыдату.

Штаб "слугі народа" працаваў актыўна цэлае лета. Але ўсё застопарылася ў верасні, калі Зяленскі нібыта пастанавіў не ісці на выбары – супраць былі ягоныя партнёры ў бізнэсе і жонка. Тады ўсю сваю паліткаманду кварталец распусціў.

Аднак тыдзень таму, паводле звестак паліттэхнолага, Зяленскі меў сур'ёзную размову з Каламойскім. Мільярдэр нібыта пераконваў шоўмэна: "Глядзі, якія ў цябе рэйтынгі, з імі сапраўды варта паспрабаваць".

Зяленскі, паводле словаў крыніцы НЧ, пачуў суразмоўцу. Тым больш, што ў таго быў дадатковы, але сур'ёзны аргумент: Каламойскі павінен «Кварталу» значную суму грошай. І аддаць яе былы гаспадар Прыватбанку паабяцаў толькі ў тым выпадку, калі акцёр Зяленскі згуляе кандыдата ў прэзідэнты ў рэальным жыцці.

Атрымаць каментары самога коміка і Каламойскага з гэтай нагоды не атрымалася.

"1+1" плаціць Зяленскаму за гадзіну кантэнту ўзроўню "Вечаровага кварталу" $50 тыс. А ў цэлым гадавы прыбытак "Квартала 95" і сумежных праектаў эксперты ацэньваюць больш чым на $10 млн.

Але менавіта Каламойскі падклаў лыжку дзёгцю ў бочку прыбытку Зяленскага, завінаваціўшыся таму $4 млн. Пра гэта НЧ апавяла крыніца на медыярынку. Вынік запазычанасці такі: цэлы год Зяленскі вырабляе «Вечаровы квартал» за свой кошт.

У "Студыі 1+1" не адмаўляюць наяўнасць запазычанасці, але сцвярджаюць, што праца прадаўжаецца. «Нашы стасункі рэгулююцца камерцыйнымі дамовамі, – каментуе Марына Мельнічук, кіраўніца групы прасоўвання забаўляльных праектаў тэлеканала "1+1", – у бакоў няма прэтэнзій адзін да аднаго».

Калі ж зірнуць на фінансавую справаздачнасць кампаній Зяленскага ў базе дадзеных YouControl, то можна ўбачыць, што падатак на прыбытак у дзяржказну ім плаціць практычна няма з чаго. Увесь забаўляльны бізнэс Зяленскага разбіты на дзесяць юрыдычных асобаў, кожная з якіх за мінулы год задэкларавала альбо нязначную страту, альбо невялікі прыбытак. Агульны гадавы фінансавы вынік гэтага "холдынгу" – страта на ўзроўні 3,2 млн грн.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках