29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Першы крок да свабоды

2
Першы крок да свабоды
Фота: Радыё Свабода

«Не бойцеся!», — заклікаў Ян Павел ІІ. «Баяцца — глупства», — казаў герой фільма «Дагрукацца да нябёсаў».

«Баязлівасць — самы страшны грэх на зямлі», — напісаў Міхаіл Булгакаў і паўтарыў у апошнім слове ўкраінскі рэжысёр Алег Сянцоў, асуджаны па сфабрыкаванай справе да 20 гадоў расійскай калоніі.

У жыцці ёсць шмат момантаў, калі бывае страшна. Мы баімся, што не здолеем, не хопіць моцы, што занадта слабыя — і з’яўляемся такімі насамрэч. Але толькі да таго часу, пакуль не перастанем баяцца. 

Калі страх адступае, чалавек робіцца свабодным. І самае важнае, што ў такога чалавека ўжо немагчыма адабраць яго свабоду, што б з ім не рабілі. 

Менавіта таму расійскаму следству не ўдалося зламаць Алега Сянцова. Гэтага не здолелі зрабіць здзекі і катаванні, пры дапамозе якіх з вязня спрабавалі выбіць прызнанні ў злачынствах, якіх ён не здзяйсняў. Як не зламалі яго і 145 дзён галадоўкі, якую трымаў, пакуль не пачалі карміць прымусова. Наадварот — спалохаліся турэмшчыкі! 

«Мне не страшны гэты тэрмін у 20 год, якім мяне палохалі з самага пачатку, бо я ведаю, што эпоха крывавых карлікаў скончыцца значна раней», — сказаў Сянцоў падчас аднаго з судовых пасяджэнняў.

І гэта несумненна адбудзецца, пытанне толькі — калі. На жаль, расійскі народ, звыклы жыць пад страхам гневу «цара-бацюшкі» (ці, калі хочаце, сістэмы), пакуль не гатовы прыняць свабоду. Як не гатовы да гэтага і беларускі народ. Але прыклад той жа Украіны яскрава сведчыць: варта пазбавіцца страху, і перамены не прымусяць сябе чакаць. Так, вядома, будуць і праблемы, якія трэба будзе вырашаць. Але стаўшы на сцяжыну свабоды ўжо немагчыма будзе з яе збочыць.

Самае галоўнае — зрабіць першы крок на гэтым шляху і перамагчы страх у сабе. І тады ўсё атрымаецца. Свабодныя людзі не могуць жыць у несвабоднай краіне, бо краіна — гэта і ёсць народ.

Дзіяна Серадзюк, Новы час

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках