29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Супрацоўнікі «Аэрафлота» ў Менску не пусцілі на самалёт перанеслую аперацыю дзяўчынку

21
Супрацоўнікі «Аэрафлота» ў Менску не пусцілі на самалёт перанеслую аперацыю дзяўчынку

Дзяўчынку давялося везці дадому на машыне тры дні.

У Беларусі супрацоўнікі «Аэрафлота» не пусцілі на борт самалёта, які ляцеў у Керч, маці з дачкой, якая перанесла аперацыю на абодвух каленах. Як паведамляе «Керчь.ФМ» са спасылкай на бацьку дзяўчынкі, прадстаўнік авіякампаніі заявіў, што на адзіночным сядзенні ёй, на ягоную думку, «будзе некамфортна».

11-гадовая дзяўчынка, у якой была дыягнаставаная вальгусная дэфармацыя каленных суставаў, разам з маці знаходзілася ў Менску для правядзення аперацыі. Пасля заканчэння аднаўленчага перыяду яны мелі намер вярнуцца дадому, і бацька замовіў ім зваротныя квіткі коштам 30 тысячаў рублёў.

Фото: kerch.fm

«Я звязаўся з офісам і кол-цэнтрам "Аэрафлота", патлумачыў, што дачцэ зрабілі аперацыю на каленях, – паведаміў мужчына. – Аператар цэнтра сказала, што для такіх выпадкаў у іх прадугледжаная [бясплатная] паслуга дастаўкі да месца ў салоне самалёта».

Калі маці з дачкой з'явіліся ў аэрапорт, да іх падышоў галоўны мэнэджар прадстаўніцтва «Аэрафлота» ў Менску і сказаў, што ён не дапускае іх да палёту, бо мяркуе, што «вашай дачцэ будзе некамфортна». Паводле словаў бацькі, мэнэджар таксама прапанаваў ім выкупіць дзевяць месцаў у салоне паводле акцыі – шэсць месцаў платна і тры бонусам.

Сям'я не стала выкупляць дадатковыя месцы. Супрацоўнікі авіякампаніі гадзіну разбіраліся ў сітуацыі, але перанесці дату вылету для дзяўчынкі з маці адмовіліся.

«[Супрацоўнікі “Аэрафлота”] тэлефанавалі лекару, які сказаў, што ніякіх супрацьпаказанняў для палёту на самалёце ў дачкі няма, потым высвятлялі з кол-цэнтрам, а калі канчаткова забаранілі нам ляцець, то сказалі, што мы перанесці вылет не паспеем, бо для такой працэдуры засталося толькі пяць хвілінаў, а гэтага часу не хопіць для афармлення папераў. Гэта ўсё, са словаў жонкі, было сказана з самай добразычлівай усмешкай. Ды і мне ён [мэнэджар] увесь час у слухаўку смяяўся, блытаў назвы горада, куды мы ляцім: "Вы ў Краснаярск, не? У Краснадар? Не?"» – апавёў бацька дзіцяці.

У выніку мужчыну давялося выправіцца ў Менск на аўтамабілі, пакінуўшы дваіх дзяцей, 2,5 і 4,5 гадоў, з бабуляй. Зваротны шлях заняў тры дні, але, паводле словаў бацькі, дачка перанесла яго нармальна. Паводле факту здарэння мужчына звярнуўся са скаргай у адміністрацыю Лукашэнкі.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках