19 красавiка 2024, Пятніца, 18:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

АЭС як грандыёзная афэра

38
АЭС як грандыёзная афэра
Фота: AFP

За Астравецкую АЭС давядзецца расплачвацца некалькім пакаленьням беларусаў.

Нарада, якую 16 лістапада правёў Аляксандар Лукашэнка, чакалася даўно. На бюракратычнай мове яна атрымала назву «па пытаньні ўдасканаленьня сыстэмы кіраваньня беларускай энэргетыкай». Хоць асноўную праблему ўлады спрабуюць схаваць, аднак кіраўнік Беларусі ў сваім выступе на нарадзе яе абазначыў. Высьвятляецца, што галоўнае пытаньне рэфармаваньня энэргетычнага сэктару палягае ў тым, што рабіць з АЭС.

Яшчэ выступаючы 24 красавіка ў Нацыянальным сходзе з пасланьнем, Лукашэнка зрабіў амаль сэнсацыйную заяву: «Мне да гэтага часу ніхто ўцямна не далажыўся, як АЭС будзе ўбудаваная ў сыстэму энэргетыкі краіны».

У іншай краіне гэта выклікала б шок. Рабіць праект на 11 мільярдаў даляраў і ня ведаць, як ён будзе ўбудаваны ў эканоміку, — гэта больш, чым простая расхлябанасьць. Гэта нанясеньне шкоды краіне ў асабліва буйных памерах.

Як можна зразумець, ва ўрадзе ніякага пляну інтэграцыі АЭС у эканоміку дасюль няма. Такая задача яшчэ толькі ставіцца. Хоць паводле ранейшага графіку атамная станцыя павінна была ўступіць у строй ужо ў 2018 г. Толькі з прычыны замены аднаго рэактара тэрмін пасунулі і будуць запускаць АЭС ужо наступным годам.

Сёньня ў Беларусі электраэнэргію даюць цеплавыя электрастанцыі, якія працуюць на расейскім газе. Ёсьць нават невялікія лішкі, якія экспартуюцца ў Літву.

З поўным запускам АЭС колькасьць электраэнэргіі павялічыцца прыкладна ў паўтара раза. І паўстае пытаньне, куды яе падзець. Калі прымалі рашэньне будаваць станцыю, то разьлічвалі, што электрычнасьць будзе экспартавацца і на гэтым можна будзе зарабляць валюту.

Але цяпер выходзіць, што экспартаваць няма куды. Польшча, Літва і Латвія інтэгруюцца ў энэргасыстэму Эўразьвязу. Там іншы спосаб рэгуляваньня частот. Таму пастаўляць туды электраэнэргію будзе складана з тэхнічных і камэрцыйных прычын. Акрамя таго, літоўцы моцна пратэстуюць супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС і адмаўляюцца ад беларускай электраэнэргіі з палітычных матываў.

Беларускія чыноўнікі казалі, што ёсьць рынак ЭАЭС, куды можна будзе прадаваць лішкі электрычнасьці. Гаворка можа ісьці толькі пра Расею, бо іншыя краіны эканамічнага саюзу далёка, а перадаваць электраэнэргію на доўгія адлегласьці нявыгадна, бо сабекошт выйдзе завялікі. Але і ў Расеі досыць сваёй электрычнасьці, патрэбы імпартаваць яе няма.

Лукашэнка, выступаючы на нарадзе, зьвярнуў увагу ўраду на вельмі нізкі ўзровень спажываньня электрычнай энэргіі ў Беларусі ў параўнаньні з разьвітымі краінамі. Гэта сапраўды так. І перад урадам ставіцца задача перабудаваць прамысловыя прадпрыемствы, інфраструктуру, жыльлё пад большае спажываньне электрычнасьці. Напрыклад, замяніць газавыя катлы на электрычныя, дамы ацяпляць за кошт электрычнасьці — замест цяперашніх цеплатрас і цепласетак.

І наладзіць масавую вытворчасьць электрамабіляў.

Усё гэта вельмі прыгожа, але ўзьнікае адно маленькае пытаньне: колькі такі праект будзе каштаваць? Гаворка ідзе пра мадэрнізацыю ня толькі прамысловасьці, але і інфраструктуры, камунальнай гаспадаркі. Усе праекты мадэрнізацыі асобных галінаў, напрыклад дрэваапрацоўкі, скончыліся правалам і скандаламі. А тут жа маштаб зусім іншы. Кошт гэтай грандыёзнай перабудовы ніхто не лічыў. Думаю, на ўсё гэта спатрэбіцца ня менш, чым на будоўлю самой АЭС (11 млрд даляраў).

Варта нагадаць, што станцыя будуецца амаль цалкам за расейскія сродкі. І паводле дамовы з Расеяй, як толькі запускаецца АЭС, Беларусь адразу пачынае вяртаць РФ крэдыт. Ужо сёньня Беларусь ня ў стане аплачваць свае даўгі і пастаянна просіць у Масквы іх рэфінансаваць. Калі ж давядзецца вяртаць крэдыты на АЭС, то доля бюджэту, якая выдзяляецца на гэтыя мэты, узрасьце. Невыпадкова Лукашэнка пасьля перамоваў у Сочы з Пуціным апавядаў, што прасіў расейскага прэзыдэнта падоўжыць тэрмін вяртаньня крэдыту і зьменшыць працэнтную стаўку. Пакуль адказу з Масквы няма.

Такім чынам, чым бліжэй да заканчэньня будоўлі АЭС, тым ясьнейшым робіцца, што гэты праект — грандыёзная афэра, за якую давядзецца расплачвацца некалькі пакаленьням беларусаў.

Валер Карбалевіч, «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках