Блізу ста праціўнікаў акумулятарнага завода пад Берасцем выйшлі на плошчу
9- 18.11.2018, 17:25
- 15,858
Сустрэчы праціўнікаў будаўніцтва завода праходзяць на плошчы Леніна кожную нядзелю з 25 лютага.
18 лістапада на плошчы Леніна ў Берасці зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода.
А 12:45 на плошчы было блізу ста чалавек, у тым ліку актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Людзі стаялі групамі, абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства, паведамляе «Радыё Рацыя» са спасылкай на БелаПАН.
Як паведамілі ўдзельнікі сённяшняй сустрэчы, 17 лістапада на жывую лінію, якую праводзіла першая намесніца міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна, патэлефанаваў жыхар Берасця Дзям'ян Лепясевіч. Ён задаў чыноўніцы шэраг пытанняў, якія тычацца экалагічнага складніка будаўніцтва завода пад Берасцем.
Малкіна паведаміла, што ў прыродаахоўнае міністэрства паступіў на паўторную дзяржаўную экалагічную экспэртызу ўдакладнены праект завода.
Цяпер актывісты рыхтуюць ліст у Мінпрыроды, у якім яшчэ раз звяртаюць увагу міністэрства на выяўленыя парушэнні ў папярэднім праекце, паводле якога тым не менш было дадзенае станоўчае заключэнне экалагічнай экспэртызы. Цяпер распрацоўшчык падаў на экспэртызу праектную дакументацыю з унесенымі ў яе зменамі.
Таксама сёння ўдзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі чарговую адмову ўладаў сустрэцца з праціўнікамі будаўніцтва завода.
5 лістапада на імя старшыні Берасцейскага аблвыканкама Анатоля Ліса быў накіраваны восьмы па ліку зварот. У ім была просьба арганізаваць сустрэчу жыхароў рэгіёну са спецыялістамі санітарных і прыродаахоўных службаў, адказнымі асобам дзяржаўных службаў і прадстаўнікамі завода, каб яны адказалі на пытанні, якія цікавяць грамадзян у пытанні аб будаўніцтве і будучай вытворчай дзейнасці прадпрыемства. Пад зваротам падпісаліся больш за сто жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна.
З аблвыканкама атрыманы адмоўны адказ за подпісам намесніка старшыні аблвыканкама Андрэя Клеца.
Сустрэчы праціўнікаў будаўніцтва завода праходзяць на плошчы Леніна кожную нядзелю з 25 лютага.