23 сакавiка 2019, Субота, 12:28
Выклік для кожнага
Рубрыкі

Рублю пагражае спаўзанне

9
КАРЫКАТУРА: CARTOON.KULICHKI.COM

Названыя тры чыннікі дэвальвацыі беларускай валюты.

Залежнасць ад расейскага рынку, моцны даляр і значныя замежныя запазычанасці - тыя чыннікі, якія будуць уплываць на Беларускі рубель і не дадуць яму ўмацавацца, піша ў артыкуле на сайце «Белорусы и рынок» фінансавы кансультант ТАА «Форэкс оптымум», эканамістка Жанна Кулакова.

З прывязкай да расейскага рубля

З пачатку 2018 года Беларускі рубель умацаваўся на сціплыя 0,9 % у дачыненні да валютнага кошыка Нацбанка. Затое ваганні курсаў замежных валют паасобку былі значна больш прыкметнымі: з пачатку года даляр падаражэў на 8,9%, еўра — на 3%, а расейскі рубель патаннеў на 7,8%.

Як бачым, беларускі рубель умацаваўся за кошт зніжэння расейскага, а падзенне апошняга было абумоўлена ў асноўным геапалітычнымі чыннікамі. На фоне пашырэння антырасейскіх санкцый і рызык увядзення Злучанымі Штатамі абмежаванняў на інвестыцыі ў расейскую дзяржаўную запазычанасць РФ сутыкнулася з маштабнымі распродажамі аблігацый федэральнай пазыкі. Як вынік, з пачатку года расейская валюта аслабла на 16% у дачыненні да бівалютнага кошыку Цэнтрабанка РФ.

Гандлёвая залежнасць Беларусі ад Расеі захоўваецца: на дзель апошняй прыпадае прыкладна палова замежнагандлёвага абарачэння тавараў.

У такой сітуацыі значнае ўмацаванне нашага рубля ў дачыненні да расейскага нясе праблемы ў сферы замежнага гандлю. Цалкам магчымы рост імпарту і скарачэнне экспарту, што ў выніку можа справакаваць дысбалансы на ўнутраным валютным рынку і прывесці да паслаблення нацыянальнай валюты Беларусі. Іншымі словамі, наш рынак, магчыма, яшчэ не цалкам адыграў праблемы, звязаныя з расейскім рублём, і ў будучыні не выключана пэўнае падзенне курсу нацыянальнай валюты.

Пазбегнуць гэтага атрымаецца, калі ў агляднай перспектыве расейскі рубель адыграе страты, панесеныя праз санкцыі, і ўмацуецца. Праўда, з улікам захавання геапалітычных рызык такі сцэнар выглядае малаімаверным. Больш таго, не выключана далейшае паслабленне расейскай валюты, прычым не толькі з прычыны санкцый, але і праз сітуацыю на нафтавым рынку. За апошнія паўтара месяца барэль сумесі Brent патаннеў больш чым на 20% і вярнуўся да значэнняў, зафіксаваных у пачатку 2018 года. Расейская валюта пазбавілася аднаго з найважнейшых чыннікаў падтрымкі, а федэральны бюджэт — значных аб'ёмаў грашовых паступленняў.

Моцны даляр

Яшчэ адзін вонкавы чыннік, які паўплываў на курсы валют у Беларусі, - істотнае ўмацаванне даляра на міжнародным рынку. З пачатку года амерыканская валюта паднялася на 6,3%. Пры гэтым ніякіх глабальных перамен эканамічнага характару ў ЗША не адбылося. ФРС усё гэтак жа падвышае адсоткавыя стаўкі і «чысціць» рынак ад лішкаў ліквіднасці, «залітых» у сістэму пасля фінансавага крызісу 2008-2009 гадоў. Эканоміка па-ранейшаму дэманструе сярэдні рост, а Дональд Трамп усё гэтак жа непрадказальны. Проста ў нейкі момант усеагульны негатыў у дачыненні да амерыканскай валюты змяніўся пазітывам. Даляр, як і кожная іншая спекулятыўная валюта, моцна схільны да ўплыву перападаў настрояў на рынках.

Нягледзячы на тое што сёння ФРС ЗША з'яўляецца адным з нямногіх цэнтрабанкаў развітых краін, якія робяць больш жорсткімі манетарную палітыку, і даляр фундаментальна мацнейшы за большасць сусветных валют, упэўнена ахарактарызаваць яго далейшыя перспектывы як спрыяльныя нельга. У дачыненні да амерыканскай валюты па-ранейшаму захоўваюцца палітычныя рызыкі, звязаныя з Трампам. Ужо тое, што прэзідэнт ЗША з'яўляецца актыўным супраціўнікам моцнага даляра, прымушае засумнявацца ў далейшым умацаванні нацыянальнай валюты гэтай краіны. Зрэшты, яно не выключана, і беларускі рынак не зможа праігнараваць гэты факт.

Унутраныя рызыкі

Беларускаму рублю варта асцерагацца і ўнутраных рызык, звязаных галоўным чынам з высокім узроўнем валютнай дзяржаўнай запазычанасці і неабгрунтаваным ростам заробкаў. За студзень — верасень 2018 года сярэдні намінальны заробак у рэальным вылічэнні вырас на 12,2%, а прадукцыйнасць працы — толькі на 4,1%. Такі значны разрыў назіраецца ўжо шмат месяцаў. Сітуацыя крыху згладжваецца дзякуючы таму, што пенсіі, дапамогі ды іншыя сацыяльныя трансферты падвышаюцца значна павольней чым заробкі, як вынік, рэальныя даходы насельніцтва дэманструюць больш сціплыя тэмпы росту (7,8% па выніках студзеня — верасня).

Для валютнага рынку гэта не праходзіць дарма. Наяўнасць "лішніх" грошай разам з ростам дэвальвацыйных чаканняў на фоне ўмацавання даляра прыводзіць да скарачэння аб'ёмаў чыстага продажу насельніцтвам замежнай валюты. Так, у кастрычніку фізічныя асобы прадалі на чыстай аснове 44,4 млн даляраў, а ў верасні — усяго 6,7 млн, прытым што раней аб'ёмы чыстых продажаў, як правіла, перасягалі 100 млн даляраў на месяц. З улікам аперацый прадпрыемстваў, якія традыцыйна выступаюць чыстымі пакупнікамі валюты, а таксама аперацый нерэзідэнтаў, валютны прафіцыт на ўнутраным рынку паступова сыходзіць на нішто: у кастрычніку ён склаў сціплыя 17 млн даляраў, а ў верасні быў зафіксаваны дэфіцыт 149 млн даляраў. Калі сітуацыя не зменіцца, а такія рызыкі ёсць, рубель можа апынуцца пад ціскам.

Прафіцыт сыходзіць на пазыкі. З улікам спрыяльнага першага паўгоддзя па выніках студзеня-кастрычніка на ўнутраным валютным рынку Беларусі ўтварыўся прафіцыт валюты сумай 961 млн даляраў. Тэарэтычна такая сітуацыя магла прывесці да прыкметнага ўмацавання беларускага рубля, аднак на практыцы гэтага не адбылося, бо ўсе валютныя лішкі, як і раней, дзяржава выкупляе для папаўнення золатавалютных рэзерваў і абслугоўвання валютнай дзяржаўнай запазычанасці. Для таго каб спраўляцца з абавязкамі, уласных сродкаў урада недастаткова. Даводзіцца ўвесь час браць новыя валютныя запазычанні.

Наўрад ці найбліжэйшым часам што-небудзь зменіцца кардынальна: пазыковая нагрузка будзе высокай яшчэ шмат гадоў. Напрыклад, у праекце бюджэту на 2019 год толькі на адсоткі за крэдыты закладзена 2,8 млрд рублёў, або на 400 млн рублёў больш, чым у 2018 годзе, бо ў замежнай валюце сфармавана звыш 95% усяго дзяржаўнай запазычанасці, дзяржава працягне выкупляць валютныя лішкі на ўнутраным рынку да таго часу, пакуль яны там будуць. Гэта значыць, што разлічваць на ўмацаванне беларускага рубля не даводзіцца. У найлепшым выпадку яго курс будзе стабільным, аднак больш імаверны сцэнар - паступовае спаўзанне ўніз.