Чаму ў Берасці не могуць знайсці кіроўцу на заробак паўтары тысячы
11- 19.11.2018, 9:53
- 24,199
Берасцейская вобласць стала лакмусавай паперкай для эканомікі краіны.
Эканаміст Сяргей Чалы распавёў пра эканамічныя асаблівасцях Берасцейскай вобласці, піша «Салідарнасць».
Апісаная ім сітуацыя выглядае досыць песімістычна.
Са слоў эканаміста, праблемы Берасця і вобласці характэрныя агулам для краіны:
- Берасцейская вобласць, як лакмусавая паперка для ўсёй краіны. Яна, мабыць, першай адчувае тыя праблемы, з якімі мы неўзабаве сутыкнёмся на ўзроўні ўсёй макраэканомікі.
Разрыў у даходах нікуды не знік
У выніку крызісу апошніх гадоў разрыў у развіцці паміж рэгіёнамі працягвае павялічвацца. І калі ў ранейшыя гады з аднаўленнем росту эканомікі наступствы расслаення ўдавалася нівеліраваць, то гэтым разам паляпшэнне эканамічнай сітуацыі не развяжа праблему, адзначыў экспэрт.
Год таму ўлады зразумелі, што маюць справу з пераходам праблемы ў новую якасць, а не кан'юнктурным момантам, і што з гэтым трэба нешта рабіць.
Пра дэпапуляцыю цэлых рэгіёнаў гавораць ужо афіцыйна
Бізнэс актыўнасць стала канцэнтравацца вакол гарадоў. Гэта стала асабліва прыкметна пасля ўвядзення льгот для бізнэсу ў малых гарадах і сельскай мясцовасці. У выніку гэта прыводзіць да дэпапуляцыі цэлых рэгіёнаў. І гэты факт прызналі ужо і на афіцыйным узроўні.
Эканаміст адзначыў, што вызваленне вялікай колькасці рабочых рук у выніку чарговага эканамічнага спаду працягваецца. Адток рабочай сілы прыводзіць да таго, што інвестары не могуць адкрываць у рэгіёнах новыя вытворчасці праз дэфіцыт кваліфікаваных працаўнікоў.
Раней параўноўвалі з Польшчай, цяпер - з Украінай
На адток з рэгіёнаў кваліфікаванай рабочай сілы ўплывае і працоўная міграцыя за межы краіны. Сяргей Чалы падкрэсліў, што навіной у гэтым пытанні з'яўляецца скарачэнне ролі Расеі на рынку працы на карысць Польшчы. Акрамя таго, паступова расце плынь працоўных мігрантаў з Беларусі ва Украіну, што для нас, на думку экспэрта, з'яўляецца непрыемным фактам:
- Раней Лукашэнка любіў параўноўваць эканамічную сітуацыю ў краіне з суседзямі. Спачатку была Польшча, у якой «інфляцыя высокая і шахцёры страйкуюць». Потым палякі сышлі далёка наперад і з'явіліся балтыйскія краіны. З Расеяй параўноўваць сябе было глупствам і ў выніку засталася краіна, у якой ідуць баявыя дзеянні.
За апошнія два гады Берасцейская вобласць прыкметна прасела
Эканаміст распавёў аб выніках вывучэння рэйтынгу канкурэнтаздольнасці рэгіёнаў, які супольна складаюць Інстытут эканомікі пры Мінэканомікі і ІПМ:
- Феноменам Берасцейскай вобласці з'яўляецца тое, што два гады таму яна займала другое ці трэцяе месца паводле ўсіх паказчыкаў эканамічнай актыўнасці і прывабнасці. А цяпер, асабліва за апошні год, рэгіён страціў вельмі шмат пазіцый.
Экспэрт падаў некалькі прыкладаў. Так, наяўнасць на рынку вытворчасці харчовых тавараў буйнога і дамінантнага гульца ў асобе «Савушкінага прадукту» моцна ўскладняе жыццё фермерам і малым прадпрыемствам.
Акрамя таго, праблемным для вобласці стала якасць падрыхтоўкі спецыялістаў:
- Нідзе няма такой незадаволенасці якасцю падрыхтоўкі студэнтаў.
Берасцейшчына страчвае сваю прывабнасць на фоне Менска і Менскай вобласці з іх тэхнапаркам і «Вялікім каменем», адзначыў Чалы.
Пра беспрацоўе ў рэгіёне
- Цікавы феномен: афіцыйнае беспрацоўе вельмі маленькае. Пры гэтым на берасцейскім рынку працы назіраецца вялізнае перавышэнне прапаноў вакансій над колькасцю шукальнікаў. У асобных пазіцыях да сотняў раз даходзіць. Напрыклад, медработнікаў - у 95 разоў. У транспартнай сферы, якая вельмі важная для памежнага рэгіёну, вакансій у восем разоў больш. Анекдатычны выпадак, пра які распавядаюць самі ўлады: на 1500 рублёў не могуць знайсці кіроўцу. Таму што ўсе яны ўжо працуюць у нейкім іншым месцы.