20 красавiка 2024, Субота, 1:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кантралёрка: Калі будзем дараваць, людзі наогул перастануць аплачваць праезд

33
Кантралёрка: Калі будзем дараваць, людзі наогул перастануць аплачваць праезд

Кантралёрка ў аўтобусе расказала ўсю праўду пра сваю працу і даходы.

Жыхарка Баранавічаў, якая працуе кантралёркай у аўтобусе, распавяла Intex-press, што самае страшнае ў ейнай працы, ад чаго залежыць заробак кантралёра і на чым эканоміць, каб з'ездзіць на мора:

- У дзяцінстве я марыла быць правадніцай. З чыгункай не атрымалася, але ўсё ж мая праца звязаная з транспартам.

У мае абавязкі ўваходзіць праверка дакументаў на праезд, а таксама таго, ці сапраўдныя яны: трэба пераканацца, што праязны на той месяц ці на тую дэкаду, што трэба.

Мы, кантралёры, разумеем, што праезд цяпер каштуе дорага. Але людзі ж не ходзяць у краму, калі ў іх няма грошай. Так і з грамадскім транспартам: хочаш ездзіць - плаці.

Бывае, становіцца шкада састарэлую жанчыну, у якой у партманэце апошні рубель да пенсіі застаўся, а да паліклінікі ёй даехаць трэба. Не штрафуем. Але такое бывае рэдка. Калі мы будзем усім дараваць, людзі наогул перастануць аплачваць праезд.

Трэба мець жалезныя нервы

Працу кантралёра лёгкай не назавеш. Па-першае, даводзіцца працаваць ва ўсялякае надвор'і, па-другое - лавіць безбілетнікаў маральна складана. Часам амаль гадзіну даводзім чалавеку, што білет адзначаны двойчы, а ён крычыць, што толькі што яго купіў. І трэба мець жалезныя нервы, каб прыйсці да кансэнсусу.

Графік працы ў нас у дзве змены, зменны. Першая змена з 5.30 да 14.00, другая - з 14.00 да 22.30. Даводзіцца або вельмі рана ўставаць, ці позна класціся. Але самае жудаснае - гэта буяныя і п'яныя пасажыры. Могуць і абазваць, і ўдарыць.

Рэдка, але бываюць і прыемныя моманты. Часам пасажыры кампліменты робяць, са святамі віншуюць.

«Пражыць з дзіцем было б складана»

Мой заробак складаецца з тарыфу і прэміі. Тарыф - менш за 130 рублёў. Усё астатняе залежыць ад колькасці правераных за змену аўтобусаў (за 8 гадзін трэба праверыць 40 штук), колькасці выяўленых безбілетнікаў. На памер заробку ўплываюць і скаргі (калі яны абгрунтаваныя, заробак меншы). Бывае, што за месяц выходзіць 400 рублёў, а бывае 600-800. Але вялікія заробкі - рэдкасць, звычайна я атрымліваю блізу 500 рублёў.

На такія грошы пражыць з дзіцем было б складана. Добра, што былы муж аплачвае школьнае харчаванне, часам купляе дзіцяці адзенне, абутак. На аліменты я не падавала, але матэрыяльная падтрымка з яго боку вельмі дарэчы.

Прысмакі - толькі адразу пасля заробку

Большая частка даходу сыходзіць на аплату камунальных паслуг і прадукты. Калі на камуналцы зэканоміць складана, то ежу я стараюся купляць з розумам: каб і карыснай была, і не вельмі дарагой. Ніколі не набываю паўфабрыкаты, заўсёды гатую сама. Нават калі іду ў госці, аддаю перавагу сама спячы торт: атрымліваецца і больш якасна, і танней.

Прадуктаў, якія хутка псуюцца, набываю трохі - колькі можам з’есці, каб потым не давялося выкідваць. Улетку раблю кансэрвы, хоць многія мае знаёмыя даўно ўжо гэтым не займаюцца. Бульбу, буракі, моркву закупляю увосень, каб на ўсю зіму выстарчыла. Мяса купляю толькі на рынку і ў асноўным у нядзелю пасля абеду, калі кошты на яго мінімальныя.

Не сказаць, што ў ежы мы вельмі абмяжоўваем сябе - у людзей бывае і горш. Але і празмернасцяў у нашым меню няма. Дазволіць сабе якія-небудзь дарагія прысмакі (напрыклад, морапрадукты) можам хіба што адразу пасля заробку.

Цырую, зашываю, перашываю

Даволі мала выдаткоўваю на адзенне, абутак. Калі хто-небудзь са знаёмых аддае паношаныя рэчы, ніколі не адмаўляюся. Часам адзяюся ў сэканд-хэндах. Калі трэба купіць новую рэч, набываю толькі якасную, каб служыла доўга.

Скупы плаціць двойчы: купіўшы няякасны тандэт, можна яго праз месяц выкінуць. Добрыя рэчы заўсёды рамантую: цырую, зашываю, перашываю.

Вялікія пакупкі магу сабе дазволіць рэдка, і то калі знайду патрэбны тавар прымальным коштам. Нядаўна, напрыклад, знайшла недарагую пасудамыйку. Купіла яе ў растэрміноўку, бо аплаціць адразу мне не па кішэні.

Ашчадак - на адпачынак

Касметыку я купляю толькі беларускай вытворчасці - яна недарагая, а якасцю не саступае імпартнай. Калі выбіраю бытавую хімію (ды і астатнія тавары таксама), звяртаю ўвагу на акцыі, зніжкі. Сродак для мыцця бяру ў вялікай тары - так танней. Тут капейка, там капейка - за месяц выходзіць нядрэнная эканомія.

Каб увосень і зімой не выдаткоўваць на лекі ад прастуды, улетку мы з дзіцем ўдосталь ямо садавіны, ягад, бліжэй да халадоў прымаем курс вітамінаў - беларускіх, недарагіх.

Кожны месяц я стараюся хоць нешта адкласці. А потым, калі няма ніякіх непрадбачаных выдаткаў, выдаткоўваю ашчадак на што-небудзь вартае. Напрыклад, на адпачынак на моры. Дарагія курорты не па кішэні, але і за невялікія грошы можна выдатна пазагараць і адпачыць.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках