29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У колькі разоў падаражэюць паслугі ЖКГ для «дармаедаў»

33
У колькі разоў падаражэюць паслугі ЖКГ для «дармаедаў»

З 1 студзеня беларусы пачнуць атрымліваць новыя рахункі.

Жыхарам Бабруйска сталі прыходзіць лісты з выканкаму з прапановай пацвердзіць сваю занятасць. Інакш за гарачую ваду яны будуць плаціць цалкам, піша «Бобруйский курьер».

Адпраўнік лістоў - гарадская камісія для каардынацыі работы ў садзейнічанні занятасці насельніцтва горада Бабруйска. Працуе такая камісія ў гарвыканкаме з траўня гэтага года.

У паведамленнях гаворыцца пра тое, што цяпер вядзецца фармаванне спісаў працуючых і непрацуючых грамадзян. Пры гэтым падкрэсліваецца, што «камісія не мае звестак аб вашай занятасці ў эканоміцы».

Як патлумачыла сакратарка камісіі, гэта азначае, што лісты рассылаюцца тым, каго няма ў базе выканкама. Такім грамадзянам трэба пацвердзіць тое, што яны працуюць, інакш яны будуць прылічаныя да «дармаедаў». Самі камісіі не будуць высвятляць, працуе чалавек ці не. Першыя спісы «дармаедаў» павінны быць сфармаваныя да 1 снежня гэтага года. Потым яны будуць абнаўляцца раз на квартал.

У лісце камісія папярэджвае, што з 1 студзеня 2019 года «працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, аплачваюць паслугі гарачага водазабеспячэння коштамі (тарыфамі), што забяспечваюць поўную кампенсацыю эканамічна абумоўленых выдаткаў».

З 1 кастрычніка наступнага года непрацуючыя будуць плаціць цалкам таксама за ацяпленне і газ пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў.

Субсідаваны тарыф на падагрэў вады і ацяпленне на сёння складае 16,9 рублёў за 1 Гкал. Поўны - 81,4 рубля за 1 Гкал. Гэта значыць, атрымліваецца, што кошт гарачай вады і ацяплення ўзрасце амаль у пяць разоў.

Сакратарка камісіі таксама патлумачыла, што плаціць цалкам давядзецца толькі тым «дармаедам», якія з'яўляюцца аплатнікамі жыллёва-камунальных паслуг, гэта значыць - маюць кватэру ва ўласнасці. Калі непрацуючы пражывае з уласнікам жылля, які працуе, то новаўвядзенні ў Дэкрэт «аб дармаедах» яго не закрануць. У тым выпадку, калі ўласнік нідзе не працуе і не трапляе пад аніводнае выключэнне са спісу, але ягоныя сямейнікі працуюць, то аплата камунальных паслуг будзе дзяліцца пароўну паміж усімі зарэгістраванымі ў кватэры.

Нагадаем, што беларусы, якія працуюць за мяжой, аўтаматычна трапляюць у «дармаеды». Складаць спісы будуць адмысловыя камісіі, якія працуюць з асабістай інфармацыяй беларусаў.

Не раз заяўлялася аб тым, што «дармаеды» будуць аплачваць і іншыя паслугі, якія субсідуюцца дзяржавай, а «незанятых у эканоміцы беларусаў» палохалі ЛПП.

Нагадаем, што папярэдняя версія «дармаедскага дэкрэта» выклікала масавыя пратэсты, якія экспэрты называюць самымі маштабнымі ў Беларусі з часоў «перабудовы».

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках