19 сакавiка 2019, aўторак, 11:53
Выклік для кожнага
Рубрыкі

Фотафакт: У Менску «замуравалі» парадны ўваход у КДБ

22
ФОТА: ЕЎРАРАДЫЁ

Змена архітэктуры будынка КДБ можа пазбавіць праспект Незалежнасці шанцаў трапіць у Спіс ЮНЕСКА.

Масіўныя дзверы цэнтральнага ўваходу Камітэта дзяржаўнай бяспекі замураваныя: з боку можа здацца, што яны забітыя або зачыненыя ралетамі. Фатаграфію параднага ўваходу ў КДБ без дзвярэй 19 лістапада даслалі ў рэдакцыю «Еўрарадыё».

«Дзверы цэнтральнага ўваходу зачыненыя даўно, - запэўнівае афіцыйны прадстаўнік КДБ Беларусі Андрэй Яраш. - Ідзе рэканструкцыя. Усё ва ўстаноўленым парадку».

Ці будуць потым ля параднага ўваходу новыя дзверы? Прадстаўнік КДБ спачатку сказаў: «Магчыма. Давайце трошкі пачакаем».

ФОТА: ЕЎРАРАДЫЁ

Праўда, пасля напамінку, што гэта можа стаць прычынай неўнясення праспекта Незалежнасці ў Спіс аб'ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, паправіўся: «Няхай менчукі не хвалююцца, перайначванні часовыя. Ідзе рэканструкцыя, і ўсё».

Праспект Незалежнасці ў Менску стаіць у чарзе на атрыманне статусу аб'екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА з 2004 года. Праспект ужо выключалі з папярэдняга спісу кандыдатаў. Адна з меркаваных прычын - будаўніцтва гатэля «Кемпінскі» каля цырка. Каб вярнуць праспекту аўтэнтычны выгляд, на ім нават высаджваюць ліпы, хоць шматлікія дрэвы не прыжываюцца праз апрацоўку дарог супрацьгалалёднымі рэагентамі.