19 красавiка 2024, Пятніца, 8:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму ўлады абвясцілі беспрацоўных «дармаедамі»

10
Чаму ўлады абвясцілі беспрацоўных «дармаедамі»

Дзяржава не можа развязаць найпрасцейшыя сацыяльныя задачы.

Расейскім беспрацоўным удвая падвышаюць дапамогі - у наступным годзе яны будуць атрымліваць ад дзяржавы за месяц ад 1,5 да 8 тысяч (48 - 256 беларускіх рублёў). Беспрацоўных у Беларусі тым часам дзяржава падтрымлівае на суму ад 24 да 49 рублёў, піша «Заўтра тваёй краіны».

Пра тое, што сістэму падтрымкі беспрацоўных у краіне пара б перагледзець, некалькі гадоў кажуць і экспэрты, і прадстаўнікі міністэрстваў. Але далей слоў справа так і не пайшла. Узровень фактычнага беспрацоўя тым часам роўны 4,7%, а зарэгістраванай ўсяго толькі 0,3%. Розніца ў звестках істотная, у тым ліку і таму, што людзі не моцна спадзяюцца на дапамогу цэнтраў занятасці і дапамогу, за якую можна купіць хіба што праязны на грамадскі транспарт або забяспечыць сябе на месяц хлебам.

- Дапамогу з прычыны беспрацоўя трэба падняць хоць бы да ўзроўню пражытковага мінімуму, каб знізіць рызыкі беднасці і яе наступстваў, - перакананая навуковая супрацоўніца Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Марыя Акулава.

Зрабіць гэта, на ейную думку, цалкам рэальна. Але што перашкаджае?

Страх, што беспрацоўныя сядуць на шыю дзяржаве

Ёсць асцярогі, што больш высокія дапамогі дэматывуюць людзей шукаць працу, адзначае Марыя Акулава. З досведу заходніх дзяржаў дапамогі на ўзроўні 70-90% ад папярэдняга заробку сапраўды могуць стымуляваць людзей сядзець дома без працы. Але ёсць сістэма санкцый і стымулаў, якая не дазваляе доўга заставацца ў беспрацоўных.

- У Беларусі размова ідзе пра грошы, якія толькі падтрымаюць чалавека ў складаны момант, - падкрэслівае Марыя Акулава і дадае, што сума падтрымкі 214 рублёў (сума бюджэту пражытковага мінімуму) наўрад ці стане спакусай доўга сядзець без працы.

Абмежаваныя магчымасці бюджэту

Калі зыходзіць з натуральнага для Беларусі ўзроўню беспрацоўя - гэта 5-6%, то агульны аб'ём рэсурсаў, які можа пайсці на падвышэнне дапамогі з прычыны беспрацоўя да велічыні пражытковага мінімуму складзе 0,4-0,5% ВУП.

У сённяшнім варыянце бюджэту складана знайсці сродкі на тое, каб значна падвысіць падтрымку беспрацоўных. Грошай ледзь стае на абавязковыя сацыяльныя артыкулы выдаткаў.

- Дзяржава цягам доўгага часу падтрымлівала сацыяльную абароненасць насельніцтва. Аднак апошнія гады рэсурсы вычарпаныя, - кажа Марыя Акулава.

Але калі перагледзець і скараціць некаторыя выдаткі, у скарбніцы знайшліся б грошы і на падтрымку беспрацоўных.

- У тым выпадку, калі з бюджэту перастануць падкормліваць безнадзейна стратныя прадпрыемствы і накіруюць сродкі на падтрымку маламаёмасных, на дапамогі і перакваліфікацыю людзей, якія страцілі працу, - мяркуе Уладзімір Кавалкін.

Пры такім варыянце сродкаў выстарчыла б на падвышэнне дапамог хоць бы да бюджэту пражытковага мінімуму і арганізацыю праграм перакваліфікацыі, што павысіла б шанцы беларусаў знайсці працу.

У будучыні без рэформаў не абысціся

Ці хочуць улады адкласці развязанне пытання падтрымкі грамадзян, якія знаходзяцца ў пошуку працы, ці не ведаюць, з якога боку да яго падысці, але прымацца за рэформы ўсё ж давядзецца, мяркуюць экспэрты.

- Рэформы - гэта не кароткатэрміновыя захады. Каб адчуць вынік, спатрэбіцца істотны прамежак часу, пажадана з макраэканамічнай стабільнасцю, каб не адбывалася абясцэньвання назапашванняў, - адзначае Марыя Акулава.

Рэформы здольныя развязаць сітуацыю ў доўгатэрміновай перспектыве, а іх рэалізацыя можа ісці паралельна з больш хуткім укараненнем новых памераў дапамог. У якасці развязанняў для трансфармацыі сістэмы падтрымкі экспэртка называе ўвядзенне страхавання для беспрацоўных, калі сам чалавек удзельнічае ў фармаванні «падушкі бяспекі» на выпадак страты працы, і змяненне сістэмы кантрактных стасункаў з наймальнікамі. Бо цяперашняя сістэма кантрактаў, якія наймальнік мае поўнае права не падаўжаць, ставіць работнікаў у досыць слабае і залежнае становішча.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках