27 чэрвеня 2019, Чацвер, 4:11
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Беларускіх Праведнікаў народаў свету ўвекавечаць помнікам

Ініцыятыўная група
Фота Аляксандра Давідовіча

Па колькасці Праведнікаў народаў свету Беларусь займае восьмае месца ў свеце.

14 лістапада на офісе Таварыства беларускай мовы адбыўся сход ініцыятыўнай групы па стварэнні Арганізацыйнага камітэта па ўсталяванні помніка беларусам – праведнікам народаў свету, людзям, якія ратавалі яўрэяў падчас Халакосту, паведамляе budzma.by.

У часы Другой сусветнай вайны ў Беларусі загінула больш за 800 тысяч яўрэяў (не толькі з Беларусі, але і прывезеных з іншых краін Еўропы). Выжыла толькі каля 30 тысяч, і ў большасці выпадкаў – дзякуючы неабыякавасці жыхароў нашай краіны, якія, рызыкуючы сваімі жыццямі і жыццямі сваіх блізкіх, хавалі і ратавалі яўрэяў. Па колькасці Праведнікаў народаў свету Беларусь займае 8-е месца ў свеце: на пачатак 2018 г. гэтае званне атрымала больш за 900 чалавек (42 з іх жывыя). Відавочна, задакументаваць удалося далёка не ўсе выпадкі, іх значна болей.

Але дагэтуль у Мінску няма ніводнага помніка, які б сведчыў пра гераізм і ахвярнасць жыхароў нашай краіны. І выправіць гэтую гістарычную несправядлівасць яшчэ не позна.

Дзеля гэтага створаная ініцыятыўная група, у якую ўвайшлі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна, Беларускі саюз мастакоў і Беларускі саюз дызайнераў.

Праведнікі народаў свету – гэта неяўрэі, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны, рызыкуючы ўласным жыццём і жыццём сваіх блізкіх, ратавалі яўрэяў ад смерці падчас Халакосту. Ганаровае званне “Праведнік народаў свету” прысуджаецца Ізраільскім інстытутам Катастрофы і Гераізму Нацыянальнага мемарыяла Яд ва-Шэм. Узнагароджаныя гэтым званнем атрымліваюць ганаровы дыплом і імянны медаль з надпісам “Той, хто выратаваў адну душу, выратаваў цэлы свет”.