19 красавiка 2024, Пятніца, 0:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бунт сакрэтных наймітаў Пуціна

Бунт сакрэтных наймітаў Пуціна

Да чаго прывядзе пазоў у Гаазе.

Ветэраны расейскіх прыватных вайсковых кампаній (ПВК), якія дзейнічаюць ва Украіне і ў Сірыі, звярнуліся ў Міжнародны крымінальны суд. Масква ўпарта адмаўляе існаванне схаваных ваенных аперацый, якія хутка разгортваюцца ў Афрыцы, піша карэспандэнт швэйцарскай газеты Le Temps у Маскве Эмануэль Грыншпан (пераклад - inopressa.ru).

Расейскія найміты стаміліся ад таго, што ўлады ўвесь час адмаўляюцца ад іх. З 2014 года іх намаганні, накіраваныя на легалізацыю прыватных вайсковых кампаній, каб карыстацца тымі ж сацыяльнымі льготамі, што і вайскоўцы, натыкаюцца на сцяну. У аўторак група з 357 ветэранаў ПВК звярнулася з калектыўным пазовам да генеральнага пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе, паказвае журналіст.

У пазове Расея абвінавачваецца ў «ваенных злачынствах» і непрызнанні іх правоў на падставе «Дакумента Мантрэ», ратыфікаванага Расеяй у 2008 годзе. Дакумент рэгламентуе дзейнасць ПВК ва ўсім свеце, гаворыцца ў артыкуле.

Пададзены ў Гаагу пазоў прадвяшчае капанне ў вельмі бруднай бялізне. Прадстаўнік наймітаў Яўген Шабаеў, кіраўнік камітэта Агульнарасейскага афіцэрскага сходу, растлумачыў Le Temps, што «больш за тысячу супрацоўнікаў ПВК загінулі і яшчэ большая колькасць пакалечаныя. Яны баяцца сведчыць пра гэта і тояцца». Ні яны, ні іх блізкія не карыстаюцца ніякай дапамогай. Гэтая тэма з’яўляецца табу ў праўладных СМІ, бо страты ў баі ўважаюцца за абаронны сакрэт, нагадвае Шабаеў.

Хоць Крэмль адмаўляе іх існаванне, забароненая расейскім заканадаўствам, дзейнасць расейскіх ПВК была шырока задакументаваная як мінімум на двух тэатрах ваенных дзеянняў: на Данбасе, дзе яны змагаліся з рэгулярным войскам Кіева, і ў Сірыі, дзе яны падтрымліваюць рэгулярнае войска Башара Асада. Іх баявыя дзеянні ўпісваюцца ў геапалітычныя інтарэсы Крамля. Самым яскравым прыкладам з'яўляецца ПВК Вагнера, кантраляваная мільярдэрам Яўгенам Прыгожыным. Яна вызначылася ў лютым, падчас правальнага наступу ў Сірыі супраць войскаў, якія супрацьстаялі Башару Асаду і былі ўзброеныя Вашынгтонам. Амерыканскае бамбаванне тады забрала жыцці больш за сотню чалавек з ПВК, нагадвае Грыншпан.

Гэтая катастрофа ніяк не пашкодзіла кар'еры Прыгожына. Ягоныя людзі цяпер дзейнічаюць у Лівіі і вось ужо некалькі месяцаў у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, прадаўжае аўтар.

Крэмль упарта адмаўляе ўсякую сувязь з ім, нягледзячы на нагрувашчванне відавочных фактаў. Прыгожын і ягоны памочнік Дзмітрый Уткін абодва сфатаграфаваліся разам з Уладзімірам Пуціным падчас атрымання ўзнагароды. Да таго ж весці расследаванне аб Прыгожыне небяспечна. Многія расейскія журналісты атрымлівалі пагрозы на свой адрас пасля таго, як пачыналі свае пошукі ў дачыненні да яго. Трое расейскіх журналістаў 30 ліпеня былі загадкавым чынам забітыя ў ЦАР, калі сталі вывучаць дзейнасць наймітаў Прыгожына, каментуе Грыншпан.

Двухсэнсоўнасць Крамля тлумачыцца двума ўнутрана супярэчлівымі інтарэсамі. З аднаго боку, улада хоча захаваць манаполію на зброю і вайскоўцаў на сваёй тэрыторыі (страх сепаратысцкіх або рэвалюцыйных паўстанняў застаецца актуальным). З іншага боку, Крэмль мае сімпатыі да ўтоеных ваенных дзеянняў за мяжой. І розныя ПВК служаць прыкрыццём, якое дазваляе адмаўляць усякую адказнасць, разважае карэспандэнт.

«Расейская дзяржава павінна пазіцыянаваць сябе, - папярэджвае Яўген Шабаеў. - Альбо легалізаваць ПВК, альбо забараніць іх па-сапраўднаму, бо расце колькасць ветэранаў, якія вяртаюцца на радзіму пасля незаконных аперацый за мяжой. Калі не рэабілітаваць іх на заканадаўчай аснове, яны пачнуць фармаваць крымінальныя групоўкі і стануць прадстаўляць пагрозу для краіны».

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках