28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бастыён свабоды

2
Бастыён свабоды

Праз 5 гадоў з моманту пачатку Еўрамайдана стала зразумела, што мы сталі сведкамі эпахальнай падзеі.

Амаль 100 дзён доўжылася драматычнае супрацьстаянне ўкраінскіх грамадзян з алігархічным рэжымам Януковіча. За гэты час Майдан у цэнтры Кіева пераўтварыўся ў сапраўдны бастыён свабоды са сваімі правіламі і каштоўнасцямі.

У нечым ён нагадваў казацкую рэспубліку Запарожскую сеч, дзе аўтарытэт сярод ваяроў трэба было заслужыць сваім прыкладам, а не навязваць яго з дапамогай дзяржаўных інстытуцый.

Я заспеў Майдан у канцы лістапада – пачатку снежня 2013 года. У той момант яшчэ не было яснага бачання перспектыў пратэсту. Відавочна толькі было тое, што гэта надзвычай масавая праява грамадзянскай пазіцыі ўкраінцаў. У некаторыя дні колькасць пратэстоўцаў на Майдане і прылеглых да яго вуліц даходзіла ад некалькіх сотняў тысяч да мільёна чалавек.

Нічога падобнага ў жыцці я больш не адчуваў ніколі. Памятаю свой першы выхад у жывы эфір “Радыё Рацыя”. На пытанне вядоўцы “Як можаце апісаць атмасферу на Майдане” я спрабаваў знайсці нейкія гістарычныя паралелі, каб слухач з далёкага беларуска-польскага памежжа мог уявіць маштаб падзеі.

На розум чамусьці прыйшло адно: спроба рэвалюцыі ў царскай Расеі ў 1905 годзе. Тады народ, абураны паразай у Руска-японскай вайне і тыраніяй царскай адміністрацыі, выйшаў на вуліцы вялікіх гарадоў. У Пецярбургу і Маскве грамадзяне ўзвялі барыкады. Скончылася тое супрацьстаянне крывавымі сутычкамі з паліцыяй і жандармамі. Рэвалюцыя 1905 года часова заціхла, каб выбухнуць крывавым паўторам у 1917 годзе.

Кіеўскі Еўрамайдан узору канца 2013 году таксама нагадваў нешта сярэдняе паміж Аксамітнай рэвалюцыяй у Чэхіі і падзеямі 1905 года на Краснай Прэсні. Дзясяткі рэспандэнтаў у размове са мной заяўлялі прыблізна адно і тое ж: “Ніякага кампрамісу з бандыцкай уладай Януковіча”.

Бескампрамісная пазіцыя адных і прага гвалту з боку сілавікоў рана ці позна павінны былі прывесці да крывавай развязкі. Памятаю, як мы, зарэгістраваўшыся ў прэс-цэнтры рэвалюцыйных сіл у Палацы Прафсаюзаў, атрымалі светлаадбіўныя камізэлькі з надпісам “Прэса”. Гэтыя камізэлькі былі пранумераваныя, мае дадзеныя перапісаліся ў адпаведны журнал.

“Навошта фіксуеце дадзеныя і нумар камізэлькі”, — па наіўнасці спытаў я. “Каб у выпадку чаго можна было ідэнтыфікаваць цела”, — на поўным сур’ёзе адказалі суворыя валанцёры. Так я зразумеў, што мой журналісцкі інтарэс прывёў мяне на сапраўдную гарадскую вайну.

Аранжавая камізэлька дагэтуль захоўваецца ў мяне ў якасці рэліквіі. Потым былі расстрэлы безабаронных людзей, якія, насуперак задуме катаў, яшчэ больш раз’ятрылі народ. Убачыўшы рашучы народ з драўлянымі шчытамі і ў будаўнічых касках, які голымі рукамі гатовы быў змагацца за свабоду, сілавікі ў паніцы разбегліся. Яны гатовыя былі забіваць, але не паміраць самі.

Рэвалюцыя Годнасці ўнесла жыцці 106 чалавек. Сярод іх – беларус Міхась Жызнеўскі. Перспектывы гэтага змагання ў 2014 годзе былі вельмі туманнымі, бо пераможцы з боку грамадзян раптам зразумелі, што ў іх руках апынулася ўлада, з якой мала хто ведаў, што трэба рабіць.

Няцяжка было прагназаваць, што праз некалькі месяцаў перамогі рэакцыйныя сілы ачомаюцца, каб узяць рэванш над разгубленымі рэвалюцыянерамі. Але ў сітуацыю ўмяшаліся іншыя абставіны. Анексія Крыма і ваенная агрэсія РФ на Данбасе мабілізавалі ўкраінскае грамадства, што канчаткова прывяло да перамогі рэвалюцыі.

Праз 5 гадоў з моманту пачатку Еўрамайдана стала зразумела, што мы сталі сведкамі эпахальнай падзеі, параўнальнай па сваёй значнасці хіба з Вялікай французскай рэвалюцыі, якая істотна памяняла расклад сіл у нашай частцы планеты. Планы крамлёўскіх рэваншыстаў адбудаваць імперыю канчаткова сталі утопіяй.

Мікола Бянько, «Радыё Рацыя»

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках