24 красавiка 2024, Серада, 7:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Беларуская Амерыканка» Андрэя Саннікава выйшла на чэшскай мове

7
«Беларуская Амерыканка» Андрэя Саннікава выйшла на чэшскай мове

Кніга прадаецца ў крамах Чэхіі і Славаччыны.

У Чэхіі выдалі кнігу лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава «Мая гісторыя. Беларуская Амерыканка ці выбары пры дыктатуры».

Пра тое, як рыхтавалася выданне чэшскага перакладу, сайту Charter97.org распавёў аўтар кнігі:

«Кніга выйшла даслоўна ўчора ў выдавецтве Volvox Globator. Гэта досыць вядомае выдавецтва, якое працуе з 1990 года. У пачатку гэтага года выдавецтва зацікавілася магчымасцю перакладу «Беларускай Амерыканкі» на чэшскую мову. Са мной сустрэўся адзін з супрацоўнікаў выдавецтва, Міхал Хрубы (Michal Hruby).

Мы сустракаліся ў лютым - у Празе, у досыць гістарычным месцы, у кавярні «Луўр». Гэта вельмі старая кавярня, пачатку мінулага стагоддзя, вядомая тым, што там прайшло першае пасяджэнне чэхаславацкага ПЭН-клуба.

У гэтым выдавецтве ўжо выйшлі ў свет кнігі такой тэматыкі - напрыклад, успаміны Букоўскага. Мы дамовіліся, што яны будуць працаваць над перакладам «Беларускай Амерыканкі» на чэшскую мову. Я зрабіў невялікую рэдактуру спецыяльна для чэшскага выдання кнігі.

Месяц таму я атрымаў ад перакладчыцы Магды Белкавай (Magda Belkova) ліст аб тым, што пераклад кнігі на чэшскую мову скончаны і яна была вельмі рада працаваць з гэтым тэкстам. А аб выхадзе самой кнігі я даведаўся толькі ўчора вечарам. Таму мне пакуль складана даць сваю ацэнку чэшскаму перакладу - спадзяюся, сябры прачытаюць кнігу і выкажуць сваё меркаванне.

Кніга выйшла адразу ў папяровым і электронным выглядзе. Таму яна прадаецца ў інтэрнэт-крамах не толькі Чэхіі, але і Славаччыне, бо выдавецтва Volvox Globator традыцыйна распаўсюджвае кнігі ў дзвюх краінах».

Кніга «Мая гісторыя. Беларуская амерыканка ці выбары пры дыктатуры» была напісаная Андрэем Саннікавым у 2014 годзе.

У ёй адкрыта і сумленна апісаная прэзідэнцкая кампанія 2010 года, Плошча і сутнасць рэжыму Лукашэнкі.

У лютым 2016 году кніга Андрэя Саннікава на ангельскай мове выйшла ў ЗША, у выдавецтве «East View Press».

У лістападзе 2016 года кніга «Беларуская амерыканка ці выбары пры дыктатуры» пры ўдзеле «Новай газеты» была выдадзеная ў Расеі.

У снежні 2016 году кніга Андрэя Саннікава была перакладзеная на польскую мову і выдадзеная пад назвай «Беларуская рулетка».

Такім чынам, кніга Андрэя Саннікава на сёння даступная чытачам на пяці мовах - беларускай, расейскай, польскай, ангельскай і чэшскай.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках