20 красавiка 2024, Субота, 6:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Данія спыніла экспарт зброі ў Савудаўскую Арабію

Данія спыніла экспарт зброі ў Савудаўскую Арабію

Пастанова была прынятая пасля кансультацый з іншымі міністрамі замежных спраў ЕЗ.

Данія прыпыняе выдачу дазволаў на экспарт зброі і вайсковай тэхнікі ў Савудаўскую Арабію ў сувязі з забойствам савудаўскага журналіста Джамаля Хашкаджы і сітуацыяй у Емене. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС краіны Андэрс Самуэльсэн, паведамляе Reuters.

Са слоў кіраўніка ўстановы, пастанова была прынятая пасля нядаўніх абмеркаванняў з іншымі міністрамі замежных спраў Еўрапейскага Звязу.

Ён таксама нагадаў, што Савудаўская Арабія з'яўляецца адным з найбуйнейшых імпарцёраў зброі ў свеце.

Узброены канфлікт у Емене трывае з сакавіка 2014 года. Паўстанцы-хусіты супрацьстаяць войскам выгнанага прэзідэнта Абд Рабо Мансура Хадзі, якога падтрымліваюць сілы кааліцыі на чале з Савудаўскай Арабіяй.

Хашкаджы знік 2 кастрычніка, пасля таго, як адправіўся ў генеральнае консульства Савудаўскай Арабіі ў Стамбуле для атрымання дакументаў пра развод. У консульстве першапачаткова заявілі, што Хашкаджы правёў там нядоўгі час, пасля чаго пакінуў установу.

16-га і 17 кастрычніка турэцкія праваахоўнікі правялі ператрус у консульстве. Паведамлялася, што падчас следчых дзеянняў выяўленыя "пэўныя довады", якія сведчаць, што там загінуў Хашкаджы.

20 кастрычніка пракурор Савудаўскай Арабіі заявіў, што журналіст быў забіты ў выніку бойкі з людзьмі, якіх ён сустрэў у консульстве. Паводле справы аб забойстве ў Савудаўскай Арабіі затрыманыя 18 чалавек.

21 кастрычніка міністр замежных спраў Савудаўскай Арабіі Адэль аль-Джубэйр заявіў, што агенты спецслужбаў "выйшлі за межы сваіх паўнамоцтваў", учыніўшы забойства журналіста і паспрабаваўшы гэта схаваць. Ён адмаўляў, што наследны прынц мог ведаць што-небудзь аб рыхтаванай ліквідацыі Хашкаджы.

27 кастрычніка Турцыя запатрабавала выдачы падазраваных, але Эр-Рыяд адмовіў.

31 кастрычніка Генеральная пракуратура Стамбула заявіла, што Хашкаджы стаў ахвярай спланаванага забойства, яго задушылі адразу пасля ўваходу ў будынак генеральнага консульства.

2 лістапада прэзідэнт Турцыі Раджэп Эрдаган заявіў, што забіць Хашкаджы загадалі "на самым высокім узроўні" ў Савудаўскай Арабіі.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла, што ФРГ не будзе экспартаваць зброю ў Савудаўскую Арабію да таго часу, пакуль не высветліць усе факты аб забойстве Хашкаджы. Дэпутаты Еўрапарламенту заклікалі краіны ЕЗ увесці эмбарга на пастаўку зброі ў Эр-Рыяд.

Сэнатары ў ЗША падрыхтавалі законапраект аб прыпыненні паставак зброі ў Савудаўскую Арабію.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках