29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Пазітыў будзе людзям»: берасцейскі маршрутнік купляе за свае грошы цукеркі ў салон

7
«Пазітыў будзе людзям»: берасцейскі маршрутнік купляе за свае грошы цукеркі ў салон

Пасажыры маршруту часта едуць з дзецьмі ў паліклініку.

Кіроўца берасцейскай маршруткі №19 устанавіў у салоне чырвоны кошык з цукеркамі для сваіх пасажыраў.

Фотаздымак «мабільнага салодкага кутка» з'явіўся на сайце BrestCity 21 лістапада. Яго аўтар - пасажыр маршруткі №19 - падпісаў здымак так: «У кошыку ляжаць цукеркі для дзяцей. У маршрутцы. Супер! У асноўным дзеткі выходзяць і бяруць цукеркі. Я такі цуд першы раз бачу ў горадзе».

Сайт tut.by адшукаў героя-маршрутніка. Як патлумачыў кіроўца Вячаслаў, кошык з цукеркамі ён усталяваў у салоне блізу трох тыдняў таму.

- Жонка ўбачыла ў інтэрнэце, што недзе ў Расеі кіроўца маршруткі паставіў сабе вялікі кошык з цукеркамі. Яна мне сказала: «Давай паспрабуем, а то адзін негатыў: то б'юцца маршруткі, то перакульваюцца. Хоць нейкі пазітыў будзе людзям».

Цукеркі Вячаслаў купляе за свае грошы і спраўна папаўняе запасы чырвонага кошыка. Паводле ягоных слоў, пасажыры на пачастунак рэагуюць па-рознаму: хтосьці саромеецца браць, хтосьці баіцца, хтосьці, наадварот, грабе прыгаршчамі. Галоўныя спажыўцы - дзеці.

- Пасажыры майго маршруту часта з дзецьмі ў дзіцячую паліклініку едуць. Таму цукеркі трохі дапамагаюць ім з дарогай. Пасажыраў ад гэтага больш не стала, але людзям прыемна.

Калегі Вячаслава спачатку з ягонай ідэі пасмейваліся, але пасля таго як ініцыятыва атрымала пазітыўны водгук, не выключана, што цукерачных кошыкаў у берасцейскіх маршрутках стане больш.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках