20 красавiка 2024, Субота, 17:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Неабходныя сур'ёзныя санкцыі супраць Расеі і вайсковая дапамога Украіне

9
Андрэй Саннікаў: Неабходныя сур'ёзныя санкцыі супраць Расеі і вайсковая дапамога Украіне
Андрэй Саннікаў

Расея некалькі месяцаў рыхтавалася да акта агрэсіі ў Азоўскім моры.

Пра гэта ў інтэрв'ю «Польскаму радыё» (пераклад - Charter97.org) заявіў былы намеснік міністра замежных спраў Беларусі, экс-кандыдат у прэзідэнты і лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

Як мяркуе Андрэй Саннікаў, NАТО магло прадухіліць агрэсію, пазначыўшы сваю прысутнасць у рэгіёне.

- Захад не можа дапусціць блакавання гэтай акваторыі, гаворка ідзе не толькі пра Украіну, але і пра прадухіленне большай вайны, - дадаў ён.

Як папярэджвае дыпламат, сцэнар Расеі вядомы ўжо некалькі гадоў - гэта эскалацыя агрэсіі, захоп новых тэрыторый, аж да Адэсы.

У нядзелю раніцай у Керчанскай пратоцы расейскія вайскова-марскія сілы атакавалі ўкраінскія судны, якія накіроўваліся ва ўкраінскі порт Марыупаль. Цягам некалькіх месяцаў дзеянні Расеі ў раёне Азоўскага мора, на думку многіх экспэртаў, накіраваныя на блакаванне гэтай акваторыі, каб пазбавіць Кіеў марскога доступу да сваіх тэрыторыях і ўмацаваць свае пазіцыі на поўдні Украіны.

- Гэта можа азначаць працяг агрэсіі, - кажа Андрэй Саннікаў. Расея можа, паводле ягоных слоў, паспрабаваць заняць іншыя тэрыторыі на поўдні Украіны.

Былы намеснік кіраўніка беларускага МЗС дадаў, што NАТО магло б прадухіліць гэтую сітуацыю, напрыклад, на запрашэнне Украіны зайшоўшы ў адзін з партоў.

- Дайшло да абстрэлу ўкраінцаў у Азоўскім моры. Міжнародная супольнасць асуджае гэтую сітуацыю, Украіна абвяшчае ваеннае становішча. Як вы ацэньваеце гэтую сітуацыю, і якія мэты пераследуе Расея?

- Як чарговы акт расейскай агрэсіі і надзвычай небяспечную сітуацыю. Цалкам відавочна, што Расея ўжо некаторы час рыхтавала гэтую агрэсію. Цягам некалькіх месяцаў Масква ўзмацняла сваю прысутнасць і спрабавала адціснуць Украіну ад сваіх партоў, перш за ўсё ад Марыупаля.

Ва Украіне ідзе вайна, хоць шмат хто забывае пра гэта. Якія мэты Расеі? Гэта, па-першае, эскалацыя вайны, сярод іншага, удар па эканоміцы Украіны - украінскія парты ў раёне Азоўскага мора вельмі важныя для ўкраінскага гандлю, у тым ліку экспарту збожжа і сталі.

Па-другое, гаворка ідзе пра ўмяшанне ў будучыя выбары ва Украіне. Расея хоча сарваць выбарчы працэс і падтрымаць сваіх кандыдатаў.

Цяпер вельмі важна, каб Захад і NАТО зразумелі, наколькі небяспечная сітуацыя і распачалі адпаведныя крокі.

- Якія могуць быць далейшыя сцэнары развіцця сітуацыі? Расея дзейнічае там цягам доўгага часу - яе мэта заблакаваць гэтую акваторыю або планы шырэйшыя? Ці гэта тэставанне Захаду?

- Гэта стратэгічны крок. Расея хоча зрабіць Азоўскае мора сваім унутраным морам, закрыць яго перш за ўсё для ўкраінскага флоту. Гэта стратэгія.

Вельмі важна зразумець, што Расея, упершыню адкрыта напала на Украіну.

Цяпер няма ніякіх «зялёных караблікаў». Гэта быў расейскі флот, расейскія вайсковыя караблі, якія атакавалі ўкраінскі флот, украінскі буксір. Больш за 20 чалавек узятыя ў палон.

Гэта адкрытая агрэсія Расеі, а не проксі-вайна. Азоўскае мора не можа быць заблакаванае Расеяй. Нельга гэтага дапусціць. Трэба дамагчыся, каб Расея выконвала міжнароднае права і міжнародныя канвенцыі, Украіна сама не зможа гэтага зрабіць.

На жаль, ніхто не думаў пра прафілактычныя захады. На запрашэнне Украіны NАТО магла б размясціць хоць бы адзін са сваіх караблёў у раёне Азоўскага мора. Гэта стала б прэвентыўным крокам супраць расейскай агрэсіі.

Сёння трэба дзейнічаць смела, хутка. І, вядома, Украіна павінна змагацца: аднымі заявамі сітуацыю не развязаць.

- Што можа зрабіць Захад?

- Па-першае, гэта дырэктыўны акт вайны, па-другое, гэта парушэнне міжнароднага права. Таму патрэбная рэакцыя ўсіх міжнародных арганізацый. Склікаецца Рада Бяспекі ААН аб пытанні Украіны, але там пастанова, як заўсёды, будзе заблакаваная Расеяй і Кітаем.

Тым больш неабходная цвёрдая пазіцыя ЕЗ і NАТО. Альянс павінен абвясціць, што ён прыме захады для захавання міжнароднага статусу Азоўскага мора. Гэта быў бы першы крок.

Другі - гэта сур'ёзныя санкцыі ў дачыненні да Расеі і вайсковая дапамога Украіне ў мэтах умацавання яе вайсковага патэнцыялу на моры.

- Што яшчэ можа здарыцца? Які расейскі сцэнар? Або пакуль занадта рана казаць пра гэта?

- Ці не надта рана, бо сцэнар Расеі заўсёды адзін і той жа. Расея робіць усё, каб перашкодзіць Украіне абараніць сваю незалежнасць, стаць дэмакратычнай еўрапейскай дзяржавай. Яна будзе так рабіць і надалей.

Закрыццё Азоўскага мора можа зрабіць Расею яшчэ больш агрэсіўнай у дачыненні да паўднёва-ўсходняй часткі Украіны. Расея ўзмоцніць свой кантроль над Крымам і будзе імкнуцца, напрыклад, заняць новыя тэрыторыі аж да Адэсы. Такія, я думаю, планы расейскіх генералаў.

Такі сцэнар Расея ажыццяўляе ўжо больш як чатыры гады. Тут няма нічога новага. Новым з'яўляецца ўзровень расейскай агрэсіі і правакацыі. Захад павінен рэагаваць адпаведным чынам. Свет павінен разумець, што гаворка ідзе не толькі аб бяспецы і выжыванні Украіны, але таксама Еўропы, свету і папярэджанні вялікай вайны.

Гэта трэба ўлічваць пры рэагаванні на гэтыя падзеі.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках