29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фара Вітаўта: Дзевяць пытаньняў і адказаў пра найстарэйшы храм Горадні, узарваны саветамі

6
Фара Вітаўта: Дзевяць пытаньняў і адказаў пра найстарэйшы храм Горадні, узарваны саветамі

Фара Вітаўта магла бы быць адным з найстарэйшых касцёлаў у Беларусі.

Ужо 57 гадоў гарадзенцы штогод узгадваюць тую лістападаўскую ноч, калі найстарэйшы касьцёл гораду ўзьняўся ў неба, а потым рынуў долу. У гадавіну падрыву Фары Вітаўта «Радыё Свабода» адказвае на дзевяць простых пытаньняў пра тую падзею.

1. Чаму гарадзенцы дагэтуль згадваюць пра Фару Вітаўта?

Яны страцілі свой самы вялікі і самы стары касьцёл, першую каталіцкую сьвятыню Беларусі, зьвязаную з імёнамі славутых людзей. Цяпер ёй было б больш за 620 гадоў.

На гравюры Томаша Макоўскага (1600 год) Фара Вітаўта ўверсе ў цэнтры, гэта самы высокі будынак

Першы драўляны касьцёл на гэтым месцы пабудаваў князь Вітаўт, адсюль і назва. Фарны касьцёл, або Фара — значыць прыходзкі касьцёл, а ня той, што належаў манаскаму ордэну. Мураванай Фара Вітаўта стала дзякуючы каралю Стэфану Баторыю, які любіў Горадню, маліўся ў гэтай бажніцы і хацеў быць пры ёй пахаваны.

Будынак мяняў назвы і ўласьнікаў, быў касьцёлам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, праваслаўным Сафійскім саборам, зноў каталіцкім гарнізонным касьцёлам. За савецкім часам там месьціліся склады розных арганізацый.

У ХІХ стагодзьдзі Фару перарабілі на праваслаўны Сафійскі сабор

Але заўжды Фара была выразна большая за ўсе будынкі старой Горадні. На фатаздымках і малюнках яна відаць з розных кутоў цэнтру. Яна высілася па-над усім. Гэта была дамінанта забудовы цэнтру. Нават Фарны (іначай — езуіцкі, бо такім ён будаваўся) касьцёл, сучасная візытоўка гораду, выглядаў ня так велічна, як цяпер, калі Фары Вітаўта больш няма.

2. Хто зьнішчаў?

Савецкая ўлада. На двары быў 1961 год.

Што касьцёл трэба руйнаваць, яшчэ за паўгода да выбуху, 8 сакавіка, пастанавіў выканкам Горадзенскага гарадзкога Савету дэпутатаў працоўных. Дакумэнт з пастановай зьнішчыць касьцёл надрукаваў у сваёй кнізе «Утраченная архитектура Гродно» горадзенскі краязнаўца Віктар Саяпін. У ім пералічаныя прозьвішчы людзей, якія рыхтавалі знос. Гэтым некалькі месяцаў займаліся вайскоўцы мясцовага гарнізону.

Фара Вітаўта была дамінантай цэнтру Горадні. Здымак зь вежы цяперашняга Фарнага касьцёла

Аднак беларускія сапёры не ўзяліся ўзрываць касьцёл. Дзеля гэтага запрасілі спэцыялістаў зь Ленінграду, зь «Ленвзрывпрома». Вядомае прозьвішча прараба, які распрацоўваў канцэпцыю выбуху, — М.В. Пін.

Фарны касьцёл, зьняты зь вежы Фары Вітаўта.
Фота oldgrodno.by

Сярод гарадзенцаў жыве легенда яшчэ пра адну ўдзельніцу той падзеі — маленькую дзяўчынку-вундэркінда. Праўда, як яе звалі і якога яна была ўзросту, ніхто ня ведаў. Зьвестак пра яе не адшукаў у архівах і Віктар Саяпін, які дасьледаваў зьнішчэньне Фары Вітаўта.

Пра дзяўчынку казалі як пра вельмі таленавітага падрыўніка. Нібыта менавіта яна рабіла кантрольныя разьлікі, у якія месцы і ў якім памеры закласьці выбухоўку, каб касьцёл зруйнаваўся, але не пашкодзіў нічога вакол.

Ёсьць меркаваньне, што гэта была жанчына сярэдняга веку, але вельмі мініятурная. Паводле ўспамінаў, яна працавала ў пары са старэйшым мужчынам, «дзядулем» — тым самым Пінам.

3. Навошта?

Паваеннае руйнаваньне апусьцелых цэркваў і касьцёлаў адпавядала, на думку гісторыка Андрэя Вашкевіча, ідэалёгіі эпохі Хрушчова, які абвясьціў, што савецкае грамадзтва мае неўзабаве прыйсьці да камунізму. Помнікі архітэктуры не ўспрымаліся як каштоўнасьць. Наадварот, стары будынак у аварыйным стане лічыўся анахранізмам, перажыткам даўніны.

Фара Вітаўта ў 1950-я гады. Побач будуецца Палац тэкстыльшчыкаў.
Фота oldgrodno.by

У дакумэнтах засьведчаныя і іншыя прычыны.

Цэнтар Горадні плянавалі перарабіць. Паводле новага генэральнага пляну яго меліся перасякаць роўныя шырокія бульвары ды праспэкты, а ня вузкія вулачкі. Фары Вітаўта там месца не было. Замест яе меўся паўстаць шматпавярховік. Будынак колішняга гарнізоннага касьцёла прызналі аварыйным.

Так выглядала Фара з боку Замкавай вуліцы, пасьля таго як праваслаўныя вярнулі яе каталікам на пачатку мінулага стагодзьдзя

Вядома, што на зьнішчэньне выдзелілі 19,5 тысячы савецкіх рублёў.

4. Ці пацярпеў хто пры падзеньні гэткага гмаху?

Сьведчаньняў пра траўмаваных або загінулых няма. Гэта было адным з галоўных пытаньняў — як падарваць вялізны будынак так, каб ён не паваліўся на шчыльную жылую забудову вакол яго.

Па ўспамінах відавочцаў, была другая гадзіна ночы 29 лістапада. Увечары вуліцы, што вялі ў цэнтар гораду, перакрылі. Жыхароў бліжэйшых дамоў папрасілі шчыльна зачыніць вокны або выняць аканіцы і выйсьці на вуліцу. Тэрыторыю вакол храма ачапілі вайскоўцы, так што блізка падыйсьці было немагчыма.

Фара Вітаўта ў 1961 годзе, за паўгода да зьнішчэньня.
Фота oldgrodno.by

Назіралі за выбухам толькі жыхары цэнтру, адказныя асобы, гарадзкія ўлады. Казалі, што большасьць начальства схавалася ў БТРы.

Як успамінаюць сьведкі той падзеі, гук выбуху быў ня надта гучны. Пасьля яго сьцены бажніцы нібы ўзьняліся ў паветра, а потым акуратна склаліся ўнутр. Над руінамі яшчэ доўга стаяў пыл.

Парэшткі Фары Вітаўта.
Фота oldgrodno.by

У некаторых кватэрах шыбы ўсё ж павыляталі з аканіцаў.

5. Чаму гарадзенцы не ўратавалі касьцёл?

У гэтай рэлігійнай пабудовы быў шанец застацца «ў жывых», маючы сьвецкае прызначэньне. Яна ледзь ня стала кінатэатрам, а потым Домам фізычнай культуры. Зь ейнай 60-мэтровай вежы хацелі зрабіць парашутную вышку. Чамусьці ніводзін варыянт не рэалізаваўся.

Цяпер на месцы Фары Вітаўта сквэр

Але чаму гарадзенцы не абаранілі сьвятыню?

Антраполяг і экспэрт па культурнай спадчыне Сьцяпан Стурэйка называе тры прычыны.

Быў час шчырай веры ў прагрэс і камуністычныя ідэі: квітнела савецкая культура пэрыяду «адлігі», Гагарын паляцеў у космас. У такім кантэксьце дбаць пра пашкоджаныя помнікі было складана.

І ў Эўропе, і ў СССР трыюмфавала мадэрнісцкая архітэктура. Вядучыя архітэктары да захаваньня спадчыны ставіліся без увагі. Пазбаўляцца ад старых помнікаў было ў 1960-я гады эўрапейскім трэндам.

Гэта была, бадай, апошняя магутная хваля ліквідацыі рэлігійнай архітэктуры па ўсім СССР.

Яшчэ адным з адказаў можа быць недахоп інфармацыі. Па горадзе хадзіла шмат чутак. Аднак дакладнай даты заплянаванага выбуху і іншых падрабязнасьцяў звычайныя жыхары ня ведалі, пра гэта не пісалі ў газэтах.

З успамінаў гарадзенцаў вядома, што некаторыя жыхары спрабавалі запужаць уладу — маўляў, у адказ падарвуць Стары мост. Пасьля гэтага мост некалькі гадоў ахоўвалі і забаранялі на ім спыняцца.

Да таго ж вайскоўцы, якія ўзялі Фару Вітаўта ў кола ў радыюсе каля 150 мэтраў, атрымалі загад страляць у кожнага, хто паспрабуе перашкодзіць апэрацыі.

6. Як адрэагавалі на выбух?

Людзі пастаялі ды разышліся. Многія даведаліся пра выбух толькі наступным ранкам. Жыхары абураліся, але ціха — баяліся, каб па іх не прыйшлі з КДБ. На сьвежае касьцёлішча людзі несьлі апошнія восеньскія кветкі.

У памяць аб Фары Вітаўта ў сквэры паставілі каменную арку з каталіцкім і праваслаўным крыжамі

Пайшлі чуткі, што гэтаксама хочуць зьнішчыць і Фарны касьцёл насупраць. Каталікі пачалі няспынна дзяжурыць у сьвятыні, спадзеючыся, што разам зь людзьмі яе не ўзарвуць. Дапамагло гэта ці не, невядома. Ва ўсякім разе, Фарны касьцёл захаваўся да сёньня.

7. Куды падзелі парэшткі Фары?

Вялізныя кавалкі муроў завозілі ў бок вуліцы Суворава (дарога на Польшчу) і скідалі ў невялікае балота. Пазьней на гэтым участку пабудавалі жылы мікрараён, які часам так і называюць — «Дамы на балоце».

Верагодна, часткай цэглы выклалі сьцежкі ў сквэры, які неўзабаве разьбілі на месцы Фары. Аднак падчас рэканструкцыі Савецкай плошчы ў 2005 годзе цэглу замянілі на плітку.

Пад зямлёй засталіся фундамэнты бажніцы, а таксама касьцельныя пахаваньні. Раскопак тут не было

Яшчэ часткай жоўтай цэглы выклалі дарогу на Госкі палігон, па якой езьдзяць танкі. Жыхары бліжэйшых вёсак ведалі, што гэтая касьцельная цэгла, таму ніхто ня браў яе сабе на панадворак, бо лічылі гэта блюзьнерствам.

8. Што там цяпер?.

Ад Фары Вітаўта пад зямлёй засталіся падмуркі. Вядома, што побач зь ёй, а, магчыма, і ў ейных скляпеньнях былі пахаваньні. Раскопак на гэтым месцы ніхто не праводзіў. На тэрыторыі, дзе стаяў касьцёл, цяпер сквэр са сьцежкамі і лаўкамі.

Пра тое, што было на гэтым месцы, нагадвае памятны каменны знак з выявай каталіцкага і праваслаўнага крыжоў і надпісам. Яго ўсталявалі ў 2014 годзе.

9. Калі гэты храм такі каштоўны, чаму яго не адбудуюць?

Фактар грошай тут выглядае не галоўным.

Гарадзенцы ня могуць дамовіцца, ці варта аднаўляць Фару Вітаўта

У гэтым пытаньні пакуль ня могуць дамовіцца ня толькі актывісты з уладай, але і гісторыкі і краязнаўцы паміж сабой. Некаторыя лічаць, што адбудова бажніцы верне Горадні ейную душу, ідэнтычнасьць. Іншыя перакананыя: страчанага ня вернеш, няма сэнсу ставіць навабуд.

Калі ўсё ж аднаўляць храм, то пытаньне — як? Тут перш за ўсё спрачаюцца праваслаўныя з каталікамі. Фара нарадзілася, пражыла амаль пяць стагодзьдзяў і памірала як касьцёл. Але больш за стагодзьдзе, калі на гэтых землях панавала Расейская імпэрыя, яна пабыла і царквой.

А калі аднаўляць, то ў якім выглядзе?

Да таго ж храм ня раз істотна перабудоўваўся і зьмяняў свой выгляд, у тым ліку пасьля пажараў. Застаецца пытаньне, на якую эпоху арыентавацца пры аднаўленьні.

Пакуль што сьвятыню рэканструююць толькі ў фотакаляжах і 3D-мадэлях.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках