25 красавiка 2024, Чацвер, 8:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як вялікі князь Жыгімонт Аўгуст «апрануў» Вільню ў камень

Як вялікі князь Жыгімонт Аўгуст «апрануў» Вільню ў камень

Манарх «залатога стагоддзя» прыкладаў намаганні для паляпшэння жыцця ў сталіцы.

У 16 стагоддзі сталіца Вялікага Княства Літоўскага ў немалой сваёй частцы была выбудаваная з дрэва, якога выстарчала ў ваколіцах горада. Часта здараліся пажары. Паколькі пажарнай службы як такой не існавала, то выгаралі, бывала, цэлыя раёны, піша «Літвін».

Вялікі князь Жыгімонт Аўгуст хацеў, аднак, каб жыхары Вільні адчувалі сябе насельнікамі сталічнага граду, адчувалі сябе ў большай бяспецы. Князь стараўся заахвоціць гараджан будаваць каменныя будынкі. Муніцыпалітэт надаў льготы гараджанам, якія ўпрыгожвалі вуліцы дамамі з цэглы або каменя. У асноўным гэта тычылася знакамітых купцоў і рамеснікаў, якія мелі сродкі на каменнае будаўніцтва.

Але і Жыгімонт Аўгуст прыкладаў намаганні для паляпшэння жыцця ў сталіцы. Паводле ягонага ўказу ў Вільні сталі выкопваць новыя сажалкі. Прычым рабілася гэта за кошт асабістых сродкаў вялікага князя літоўскага і караля Польшчы. Вадаёмы выкарыстоўваліся пры тушэнні пажараў. Адтуль ваду пампавалі падораныя гораду пажарныя помпы. Цікава, што павелічэнне колькасці сажалак не толькі знізіла небяспеку ўзгарання, але і накарміла беднякоў. Павялічылася здабыча рыбы, упалі кошты на рынках сталіцы.

Праекціроўшчыкі Вільні 16-га стагоддзя думалі не толькі аб памерах дамоў і дапаможных памяшканнях для стайняў, пякарань, лазняў, але і аб элементарных санітарных сістэмах. Напрыклад, аб каналізацыі і водаправодзе. Да 16-га стагоддзя віленскія гараджане бралі ваду з трубаправода, які быў пабудаваны на грошы манахаў дамініканскага ордэна. Аднак за пітную ваду патрабавалася ўносіць плату. Не менш за 8 грошаў штогод. Бясплатна бралі ваду з ракі і калодзежаў. Заможныя гараджане пракладвалі трубы для падачы халоднай вады ў жылыя дамы. Такое будаўніцтва было вельмі дарагое.

Князь Жыгімонт для ўзвядзення каменных будынкаў у Вільні запрашаў майстроў з усёй Еўропы. Прычым будаўнікі з Чэхіі, Нямеччыны, Італіі затрымліваліся ў сталіцы ВКЛ надоўга, бо фронт работ быў досыць вялікі. Паступалі не толькі дзяржаўныя заказы, але і прыватныя. Багатыя гараджане жадалі вырабіць на караля і вялікага князя добрае ўражанне, таму добраўпарадкоўвалі свае домаўладанні. Цікава, што вуліца, якой Жыгімонт часта выязджаў на паляванне, неўзабаве стала адной з самых чыстых і добраўпарадкаваных.

Будаўнічы камень везлі ў Вільню часам з аддаленых куткоў Еўропы. Князь накіроўваў сваіх агентаў, да прыкладу, у Кёнігсберг, дзе ўкладаліся кантракты на перавозку каменных пліт наземным або рачным транспартам. Па каменныя груды ездзілі ў Швэцыю (на востраў Готланд), у Паўночную Нямеччыну.

Дапамагалі ў забеспячэнні Вільні будматэрыяламі купцы з Полацка, у якіх былі нядрэнныя дзелавыя сувязі з немцамі ў Рызе. Скандынаўскі граніт у выглядзе пліт або кубічных блокаў прывозілі на караблях са Швэцыі, згружалі на складах, адкуль ужо потым на баржах па Дзвіне сплаўлялі ў гарады ВКЛ.

Кароль і вялікі князь, дарэчы, жыва цікавіўся лагістыкай, станам транспарту, які перавозіў будматэрыялы. Казначэі Ягонай Вялікасці ўкладвалі сродкі ў развіццё рачнога транспарту. Вядома, што Жыгімонт Аўгуст асабіста інвеставаў да 5 тысяч злотых у будаўніцтва буйных суднаў для перавозкі буйнагабарытных грузаў. Такія баржы маглі перавозіць і камень для домабудавання ў Вільні.

У сярэдзіне 16-га стагоддзя пад Коўнам паводле праекта італійскага карабела будавалі судна «Свіння». Дакладных яго чарцяжоў не захавалася, але вядома, што меркавалася стварэнне вельмі ёмістага карабля, які не нагадваў ранейшыя стругі. Магчыма, будавалася галера на манер венецыянскіх суднаў, шырока распаўсюджаных у той час на Адрыятыцы.

Жыгімонт Аўгуст будаваў каменныя дамы і ў якасці падарункаў сваім набліжаным. Так, напрыклад, быў удастоены каменнага дома віначэрп ягонай вялікасці Томаш Італіец (мянушка ўказвае на паходжанне прыдворнага). Не паспеў шчасліўчык атрымаць ключы ад падарунка, як Жыгімонт звярнуў увагу на тое, як жыве ягоная прачка. Выявілася, што жанчына, якая сцірала бялізну толькі для караля, са сваёй сям'ёй тулілася ва ўмовах, якія каралю здаліся зусім невыноснымі.

Што загадаў кароль і вялікі князь? Перадаць дом для пана Італійца каралеўскай прачцы. Што і было зроблена беспярэчна. Зрэшты віначэрпа таксама ў крыўдзе не пакінулі. Яму аддалі флігель па суседстве з палацам Жыгімонта, які відавочна саступаў памерамі дому прачкі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках