27 чэрвеня 2019, Чацвер, 16:17
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Куды ідзе «дарожны збор» з беларусаў?

43
КРЫНІЦА: CARICATURA.RU

Улады яшчэ раз залезуць у кішэню аўтамабілістаў.

Чатыры гады таму да праходжання тэхнічнага агляду прывязалі выплату "дарожнага збору". З увядзеннем гэтых мер аўтаўладальнікі пачалі байкатаваць тэхагляд, нягледзячы на штрафы. Кажуць, са штрафамі ездзіць танней.

Днямі міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч заявіў, што за нявыплату скандальнага "дарожнага збору" ў дачыненні да аўтамабілістаў будуць уводзіцца санкцыі ў выглядзе выплаты збору ў двухразовым памеры.

Пра сённяшняе становішча беларускіх кіроўцаў сайт Charter97.org наважыў паразмаўляць з доктарам эканамічных навук, прафесарам Барысам Жалібам:

- Калі казаць пра так званы "дарожны збор", то існуе даўно вядомая прапанова. На мой погляд, яна мэтазгодная хоць бы таму, што яе прытрымліваюцца, напэўна, ва ўсіх краінах. Я маю на ўвазе, уключэнне гэтага збору ў кошт паліва.

Мяркую, што гэта самае лепшае развязанне, таму што, па-першае, гэты "дарожны збор" вельмі дарагі для людзей малазабяспечаных, якія рэдка карыстаюцца аўтамабілем, напрыклад, пенсіянераў. Аплачваць жа збор яны вымушаныя таксама, як і ўсе.

Больш справядліва, калі падатак уключаны ў кошт бензіну. У гэтым выпадку, кіроўцы плацяць прапарцыйна колькасці карыстання аўто.

Нядаўнюю заяву міністра звязваю з тым, што кіроўцы масава не плацяць “дарожны збор”, а значыць не праходзяць і тэхагляд, які прывязаны да яго. Гэта ненармальная сітуацыя, калі сотні тысяч людзей вымушаныя ездзіць без тэхагляду. Натуральна, трэба ад гэтага адыходзіць.

Паўтаруся, ёсць вядомая прапанова пра ўключэнне гэтага збору ў кошт паліва і, як гаворыцца, усе справы. Але, на жаль, беларускі ўрад зноў пачынае вынаходзіць ровар. Не дзіўна, што яны спрабуюць змагацца з тым, што кіроўцы не плацяць падатак, не папаўняюць іх кішэню.

- Сапраўды, справядлівасць “дарожнага збору” ў многіх выклікае сумневы. Чаму ж улады замест таго, каб спрашчаць сістэму, выкарыстаўшы сусветную практыку, пагражаюць кіроўцам санкцыямі?

- Ведаеце, складана сказаць, што ў іх у галаве. Мабыць, яны палічылі, што ў нас шмат людзей, якія рэдка выкарыстоўваюць аўтамабіль. Прыкінуўшы магчымасць уключэння збору ў кошт паліва, яны ўбачылі, што сродкаў можа атрымацца менш, чым дасць масавы "дарожны збор" з аўтамабілістаў. Яны не маюць намеру адступаць ад старой схемы проста праз тое, што баяцца страціць грошы. Напраўду, таямніца стагоддзя, куды ідзе "дарожны збор".

Разумееце, тут праглядаецца пэўны стыль урада. Мінфін бачыць, што бюджэт і тут не дабірае, і там. Агрэсіўны стыль так ці інакш сябе выяўляе. Я ўпэўнены, што ад гэтага трэба пазбаўляцца і выкарыстоўваць пісьменны прыклад развітых краін.

На жаль, беларускі ўрад, падкрэслю, проста баіцца недалічыцца чагосьці ў даходнай частцы бюджэту.

- Камеры фотафіксацыі ў Беларусі плануюць перавесці ў бесперапынны рэжым працы, каб выяўляць тых, хто не прайшоў тэхагляд. Гэта значыць, кіроўцы змогуць атрымліваць адразу па тры “лісты шчасця”: за перавышэнне хуткасці, няпройдзены тэхагляд і неаплачаны “дарожны збор”. Як кіроўцы могуць адрэагаваць на такую ініцыятыву ўладаў?

- Натуральна, кіроўцы будуць абураныя такім каласальным кантролем. Улады ўскладняюць жыццё і сабе, і аўтааматарам. Замест пошуку больш простых развязанняў, яны хочуць закідаць кіроўцаў "лістамі шчасця". Што тут скажаш, рэпрэсіўныя меры ўласцівыя беларускім уладам. Яны ніяк не зразумеюць, што ад іх акурат варта сыходзіць!

- Усё часцей у СМІ з'яўляецца інфармацыя пра бядотны стан беларускіх дарог. У выніку чаго, кіроўцы пытаюцца, а куды ж напраўду ідуць іх грошы...

- Відавочна, што ў Беларусі запусцілі сітуацыю з дарогамі. Калі выязджаеш з Беларусі ў Нямеччыну, то адчуваеш шок і думаеш, куды ж у нас грошы ідуць? У той час, як немцы будавалі шыкоўныя аўтабаны, у СССР грошы пускалі на ракеты і танкі. На жаль, нам яшчэ доўга давядзецца здаганяць упушчанае.

Ва ўладаў абсалютна не даходзяць рукі да другасных дарог у краіне. У нас шмат адцінкаў, якія цяжка назваць дарогамі. Вось туды б і пусціць гэтыя грошы, менавіта рэгіёны абдзеленыя больш за ўсё.

- Становішча кіроўцаў у Беларусі наогул незайздроснае: паліва паспела ўжо з пачатку года падаражэць 22 разы, а тут яшчэ ўлады пагражаюць падвойным "дарожным зборам". Да чаго можа прывесці такая палітыка ўладаў?

- Думаю, што ўсе памятаюць, як у 2011 годзе кіроўцы адрэагавалі на падвышэнне коштаў на паліва масавымі акцыямі "Стоп-бензін".

Бачыце, нашы нафтаперапрацоўчыя заводы ўжо некалькі месяцаў працуюць са стратамі, бо даражэе расейская сырая нафта. Хоць, варта адзначыць, нам яе яшчэ прадаюць коштамі істотна ніжэйшымі за сусветныя. Да таго ж, два нашых НПЗ знаходзяцца ў стадыі рэканструкцыі, а са стратамі гэта рабіць вельмі складана.

У выніку, кіраўніцтва канцэрна “Белнафтахім”, як гаворыцца, надумала секчы котцы хвост па частках - кожны тыдзень падвышаць кошт паліва на капейку. Але загадзя было сказана, што каб выйсці на прыбытковую працу кошт паліва падвысяць на 23%. Увогуле, паволі мы набліжаемся да даляра за літр. Гэта значыць, да еўрапейскіх коштаў на паліва, але не з еўрапейскімі заробкамі.