25 красавiка 2024, Чацвер, 17:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Споведзь беларускі: 31 год прастаяла ў чарзе на кватэру - і атрымала дулю з макам

17
Споведзь беларускі: 31 год прастаяла ў чарзе на кватэру - і атрымала дулю з макам

Жыхарка Гародні падзялілася сваёй гісторыяй.

Абяцалі на заводзе кватэру і залатыя горы, а ў выніку скарацілі, не далі дапрацаваць да пенсіі. Сваім досведам дзеліцца Міла Вікенцьеўна, якая амаль 40 гадоў адпрацавала на дзяржаву, а атрымала «дулю з макам», паведамляе «Белсат».

Міла Вікенцьеўна Ракуць вельмі ганарылася, калі ўладкавалася працаваць на прадзільна-нітачны камбінат у Горадні. Гэта быў 1974 г. – час, калі ўсім працоўным людзям абяцалі не толькі шчаслівае жыццё пры сацыялізме, але і бясплатныя кватэры.

Аднак яшчэ зялёнай 19-гадовай Міле ды іншым дзяўчатам, якія пачыналі сваю першую працу на заводзе, наконт чаргі на кватэру сказалі так: «Дзевачкі, пра што вы кажаце, да 24 гадоў мы не ставім на чаргу. Выйдзеце замуж, тады і паставім». У 1980 г. спадарыня Міла выйшла замуж і нарадзіла дачушку. У чаргу на кватэру жанчыну, якая на той момант адпрацавала ўжо 12 гадоў, паставілі толькі ў 1988-м, за год да разбурэння мараў пра камуністычную справядлівасць.

«Некалькі гадоў мы прыходзілі ў прафкам, а яны нас выкідвалі, як недаедзеную садавіну. Ніхто ж не ведаў, як гэтая сістэма працавала. У 1995 годзе яны пачалі аб’ядноўваць кааператыўныя чэргі з дзяржаўнымі, і калі я ў чарзе была пятая, то стала трыццатая. Пачаліся пераскокі, давалі ў першую чаргу кааператывам або каму яны там давалі, мы не разумелі гэтага. І так працягвалася да 2002 года», – распавядае Міла.

У 2002 г. Мілу Вікенцьеўну, якая амаль 30 гадоў адпрацавала матальніцаю, скарацілі. Скарацілі тады шмат каго і з нейкіх не зразумелых прычынаў яшчэ два гады не вярталі справы на кватэру.

«Што хочаце, тое і рабіце»

«Шмат каго тады пакрыўдзілі, не толькі мяне. Пасля звальнення чарга на кватэру была скасаваная аўтаматам. Але толькі праз два гады нас паклікалі ў прафкам. Нашыя дакументы валяліся на падлозе, і мы на карачках лазілі і шукалі свае справы. Сказалі: ідзіце ў гарвыканкам, а там што хочаце, тое і рабіце», – кажа жанчына.

Пасля гэтага Міла і яшчэ 15 сем’яў з такою самаю сітуацыяй пайшлі да тагачаснага кіраўніка гарвыканкаму, які толькі развёў рукамі. Усіх пацярпелых ізноў паставілі ў чаргу на жытло, толькі ўжо апошнімі.

Крэдыт на будаванне жытла пенсіянерам не даюць

Міла страціла нават магчымасць пабудаваць жытло ў крэдыт. З пенсіяй 200 рублёў банк мог прапанаваць крэдыт толькі каля 13 тыс. долараў на аплату першага ўнёску. Апошняю надзеяй засталося арэнднае жытло, якое Міле выдзелілі ў гарвыканкаме, аднак… з вялікімі пазыкамі і без лічыльнікаў.

«У выніку я пайшла ў гарвыканкам і аддала гэтыя ключы назад», – распавядае Міла Вікенцьеўна.

Кабета працягвае жыць у малым пакойчыку ў інтэрнаце на вул. Дамброўскага. Як і шмат якія гарадзенскія інтэрнаты, пабудаваныя ў 1970-х гг., будынак здрахлеў і ўжо даўно чакае рамонту. У яго памяшканнях і калідорах па сценах паўзе цвіль, цякуць старыя трубы, а звонку сыплецца тынк. На дадатак у сувязі з пераўтварэннем інтэрнату ў арэнднае жытло плату за яго значна павысілі, і ўзімку пенсіянерка вымушаная плаціць больш за 100 рублёў за камунальныя паслугі ў пакойчыку.

«Мне проста до болю крыўдна, і я хацела распавесці сваю гісторыю. Пражыўшы 45 гадоў у Горадні, адпрацаваўшы 36 гадоў, у мяне нічога не атрымалася. 18 гадоў чарга на фабрыцы і 13 гадоў у гарвыканкаме. 31 год у чарзе – і ў мяне няма нічога. Дуля з макам. Толькі што інтэрнат, дзе зімою з вокнаў свішча. І яшчэ на пенсіі выграбаюць грошы на гэтую арэнду», – дадае жанчына.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках