19 снежня 2018, Серада, 1:18
Дзякую вам
Рубрыкі

«Паўсталі ўсе»: Актывісткі распавялі пра бунт у «Ваўчыных норах»

48
Архивное фото intex-press.by

Зняволеныя выставілі патрабаванні да адміністрацыі калоніі.

У папраўчай калоніі №22 пад Івацэвічамі з суботы на нядзелю пачаўся бунт зняволеных, паведаміла «Радыё Свабода» лідарка руху «Маці 328» Ларыса Жыгар.

З яе слоў, частка зняволеных выставіла патрабаванні да адміністрацыі калоніі - спыніць прадузятае стаўленне да асуджаных паводле 328 артыкула Крымінальнага кодэксу (незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў), якіх караюць за дробныя парушэнні.

Актывісткі руху «Маці 328» высылалі петыцыю кіраўніку дэпартамента выканання пакаранняў МУС Алегу Маткіну, але ніякіх захадаў ужыта не было. На днях яны збіраюцца падаць новую петыцыю, а пакуль спрабуюць высветліць, што цяпер адбываецца ў калоніі.

Маці аднаго са зняволеных, якая была ў калоніі з пятніцы да панядзелка на спатканні з сынам, паведаміла, што жыла ў асобным памяшканні на тэрыторыі калоніі, але чула незвычайныя крыкі.

«Увечары суботы тут мы пачулі шматлікія крыкі, як крычаць на стадыёне. Потым сціхла, потым зноў. Крычалі а 22.20 пасля адбою. Мы здзівіліся. Потым чулі, як па тэрыторыі побач з намі правялі службовых сабак, пасля ехала тэхніка.

Потым да панядзелка была цішыня, але зняволеныя сказалі, што кагосьці з начальнікаў адхілілі, камандуюць новыя, з Берасця», - сказала жанчына, якая папрасіла не называць яе імя.

У супольнасці «Беларуская турма» ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» таксама з'явілася паведамленне аб бунце ў калоніі №22. Аўтары паведамлення адзначаюць, што атрымалі інфармацыю наўпрост з калоніі.

«Паўсталі ўсе асуджаныя, ва ўсіх атрадах. Заблакавалі дзверы ў атрадах, некалькі прадстаўнікоў адміністрацыі атрымалі траўмы. Асуджаныя патрабавалі зняць адміністрацыю! Усю нядзелю чакалі Маткіна, але ён не прыехаў», - гаворыцца ў паведамленні, размешчаным у групе.

Прэс-служба дэпартамента выканання пакаранняў МУС сітуацыю пакуль не каментуе.

«Дасылайце пісьмовы запыт», - адказалі журналістам у прэс-службе.

Міністэрства ўнутраных спраў правярае інфармацыю пра бунт зняволеных у папраўчай калоніі пад Івацэвічамі, паведаміў начальнік управы інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС Георгій Еўчар.

«Пакуль правяраем», - сказаў ён.

Нагадаем, што толькі за 2017 год у Беларусі на падставе артыкула 328 КК (незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў) асудзілі 2830 асоб, з іх 40 чалавек - непаўналетнія. Мінімальнае пакаранне паводле гэтага артыкула - ад двух гадоў турмы, максімальнае - да 25 гадоў.

27 красавіка ў Калінкавічах і пад Менскам дзесяць родных асуджаных паводле артыкула 328 КК РБ абвясцілі галадоўку. Асноўных патрабаванняў у іх было тры - сустрэцца з Лукашэнкам, стварыць камісію, пачаць перагляд спраў паводле артыкула 328, змякчыць заканадаўчыя патрабаванні паводле артыкула 328.

2 траўня ўдзельніцы галадоўкі выйшлі на акцыю пратэсту да Дома ўрада.