19 красавiка 2024, Пятніца, 12:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як эканоміка Беларусі стала закладніцай амбіцый Лукашэнкі

4
Як эканоміка Беларусі стала закладніцай амбіцый Лукашэнкі

Дзяржзапазычанасць расце як на дражджах.

Дзяржзапазычанасць Беларусі складае блізу 40% ВУП. Гэта звесткі афіцыйнай статыстыкі. Міжнародныя экспэрты ўважаюць гэты паказчык прыніжаным прыкладна на 10%. Пагрозу для эканомікі ў высокай пазыковай нагрузцы бачаць не толькі міжнародныя экспэрты, але і мясцовыя чыноўнікі, піша ng.ru.

Паводле звестак Белстата, уся дзярзапазычанасць на 1 кастрычніка складала 44,6 млрд беларускіх рублёў (больш за 22 млрд даляраў), што на 5,7% больш, чым было на пачатку года. Вонкавая запазычанасць пры гэтым ацэньваецца на 16,5 млрд дал. Гэта на 1,1% менш, чым у пачатку года.

Беларускае Мінфінансаў сцвярджае, што сума дзяржаўнай запазычанасці набліжаецца да 40%, і ўваже яе вялікай, але не крытычнай. Паводле ацэнак міжнародных экспэртаў, напрыклад, Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), дзяржзапазычанасць ўжо дасягнула ўзроўню 50% ВУП, што крытычна для кожнай эканомікі. Розны вынік тлумачыцца рознымі методыкамі падліку. Урад Беларусі не ўлічвае ў складзе дзяржзапазычанасці гарантыі, выдадзеныя дзяржпрадпрыемствам у іх запазычаннях.

У дачыненні да тэмы дзяржзапазычанасці трывогу міжнародных экспэртаў выклікаюць два фактары - яе імклівы рост і намінаванне ў замежных валютах. Калі яшчэ 15 гадоў таму дзяржзапазычанасць складала 10% ВУП, то цяпер 50%, і 90% - гэта замежныя валюты, падкрэсліў падчас выступу ў аўторак на эканамічнай канферэнцыі ў Менску кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Жак Міньян.

З ягоных звестак, у супастаўных з Беларуссю краінах гэты паказчык вагаецца ў межах 20-40%. Пагаршае праблему дзяржзапазычанасці той факт, што, на думку міжнародных экспэртаў, у Беларусі не праглядаюцца надзейныя крыніцы яе выплаты. Эканоміка цяпер у ліку адстаючых у рэгіёне, яна працуе з адмоўнай прадукцыйнасцю працы і не здольная генераваць неабходныя для разлікаў у пазыках сумы, мяркуе Жак Міньян. У сваім выступе ён нагадаў, што яшчэ ў 1995 годзе ў тэмпах эканамічнага росту Беларусь была другой у рэгіёне, але за 23 гады разгубіла ўвесь патэнцыял і патрапіла ў лік адстаючых. Прычына, на ягоную думку, у неэфектыўнасці створанай сістэмы, якая забірае грошы ў паспяховых і пераразмяркоўвае іх на карысць неэфектыўных.

Нагадаем, што праблема неэфектыўнасці эканомікі, выкліканая велізарным дзяржсектарам, які штучна падтрымліваецца за кошт бюджэту, называецца не ў першы раз. Экспэрты, і МВФ у тым ліку, заклікаюць улады Беларусі рэфармаваць дзяржсектар і адмовіцца ад дырэктыўнага крэдытавання. Праз не гатоўнасць уладаў да такіх крокаў шмат у чым не адбылося супрацоўніцтва з МВФ. Пры гэтым мясцовыя экспэрты тлумачаць эканамічную слабасць палітычнымі прычынамі, а менавіта асцярогамі Лукашэнкі страціць уладу.

Калі прадпрыемствы стануць эканамічна моцнымі і фінансава самастойнымі, то прымусіць іх «правільна галасаваць на выбарах» будзе вельмі складана, разважаюць мясцовыя палітолагі і канстатуюць, што эканоміка краіны стала закладніцай палітычных амбіцый Лукашэнкі.

Адпаведна, пазыковыя праблемы ўраду даводзіцца развязваць тым наборам інструментаў, якія дазволеныя Лукашэнкам. У гэты момант можна ўзяць новыя пазыкі, каб аддаць ранейшыя. Падчас выступу на мінулым тыдні ў парламенце прэм'ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што рост нагрузкі на бюджэт у абслугоўванню дзяржзапазычанасці выклікае ў яго найбольшую трывогу. З ягоных слоў, на гэтыя мэты ідзе кожны сёмы рубель з выдаткаў бюджэту. «Гэта тыя грошы, якія маглі быць накіраваныя на заробкі бюджэтнікам ці падвышэнне пенсій», - заявіў кіраўнік урада.

Падчас выступу ў аўторак на эканамічнай канферэнцыі міністр фінансаў Максім Ермаловіч паведаміў аб планах урада распрацаваць новую стратэгію кіравання дзяржаўнай запазычанасцю. Напрыклад, прадугледжваецца выплачваць датэрмінова запазычанні, узятыя па больш дарагіх стаўках. «Цяпер сітуацыя нармалізавалася - крыніцы рэфінансавання на 2019 год зразумелыя, Мінфінансаў рыхтуецца да 2020/21 года - перыяду пікавых выплат па дзяржзапазычанасці», - заявіў ён. Са слоў міністра, Беларусь у найбліжэйшыя гады вымушаная будзе пазычаць на вонкавых рынках блізу 1,5 млрд даляраў на год.

На жаль, не так вялікія і надзейныя і золатавалютныя рэзервы Беларусі, каб забяспечыць запас трываласці, адзначаюць міжнародныя экспэрты. Паводле звестак Нацбанку, на 1 лістапада яны склалі 7,1 млрд дал. І за кастрычнік выраслі на 2,6%. Пры гэтым «рэзервы цяпер складаюць 50 або 60% таго, што мы ўважаем за бяспечны ўзровень», ацаніў Жак Міньян. У Беларусі свой рэцэпт іх павелічэння. Максім Ермаловіч заявіў, што у 2019 годзе плануецца пазычыць на міжнародным рынку 500 млн дал, каб змясціць іх у рэзервы.

Адзіны і надзейны шлях паступовага выпраўлення сітуацыі - прыватызацыя, рост прыватнага сектара і структурныя рэформы, сцвярджаюць міжнародныя аналітыкі і мясцовыя незалежныя эканамісты. Аднак пакуль улады на гэты крок не пойдуць, аддаючы перавагу папулісцкім захадам, сцвярджаюць экспэрты.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках