25 красавiка 2024, Чацвер, 4:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Далоў самадзяржаўе!» ацанілі на 30 базавых адзінак

11
«Далоў самадзяржаўе!» ацанілі на 30 базавых адзінак
Фота: Hrodna.life

Гарадзенскі суд аштрафаваў Аляксандра Лаўрэнцьева на 735 рублёў.

Суд Ленінскага раёна Гародні разгледзеў адміністрацыйную справу ўдзельніка пікету ў гадавіну кастрычніцкай рэвалюцыі Аляксандра Лаўрэнцьева. Яго абвінавацілі ў арганізацыі «несанкцыянаванага масавага мерапрыемства» на падставе ч.3 арт.23.34 КаАП, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Супрацоўнікі міліцыі «ахоўвалі» актывістаў яшчэ з раніцы 7 лістапада, каб яны не маглі далучыцца да афіцыйнай калоны мітынгоўцаў. Актывіст Мікалай Салянік нават быў затрыманы. Але нарэшце актывісты ўсё ж выйшлі на плошчу Леніна з плакатам «Далоў самадзяржаўе!». Пастаяўшы там, яны накіраваліся на Савецкую плошчу. Там, ля гандлёвага дома «Нёман» іх з ужываннем сілы затрымалі.

Мікалая Саляніка і Аляксандра Лаўрэнцьева завезлі ў РАУС Ленінскага раёна Гародні. Туды пасля патрабавання Саляніка і іншых грамадскіх актывістаў была выкліканая хуткая дапамога. Лекары зрабілі Саляніку ўкол і з'ехалі.

Мікалая Саляніка пасля складання пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні выпусцілі з РАУС, Аляксандр Лаўрэнцьеў застаўся пад вартай у ІЧУ.

Пасля таго, як Саляніка адпусцілі, яго зноў затрымалі. Позна ўвечары стала вядома, што яго змясцілі ў лякарню.

Суддзя Руслан Гурын вынес пастанову аб прыцягненні Лаўрэнцьева да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу сумай 30 базавых адзінак, або 735 рублёў.

Мікалай Салянік дагэтуль знаходзіцца ў лякарні.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках