20 красавiка 2019, Субота, 12:16
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Лондан дамагаецца санкцый супраць вярхоў ГРУ

Кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі вядзе перамовы са сваімі калегамі ў Еўропе.

Лондан дамагаецца ад краінаў Еўразвязу ўвядзення санкцый супраць высокапастаўленых кіраўнікоў Галоўнай управы Генштаба Узброеных сілаў Расеі (ранейшая назва – ГРУ, Галоўная разведвальная ўправа), паведамляе The Times са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы, піша РБК.

«Вялікая Брытанія спадзяецца заручыцца падтрымкай новых санкцый з боку Францыі і Нямеччыны. Неабходна, каб міністры замежных справаў і іншых краінаў цягам некалькіх тыдняў ухвалілі замарозку актываў і забарону на паездкі названых высокапастаўленых расейскіх шпіёнаў», – гаворыцца ў матэрыяле.

Кіраўнік брытанскага МЗС Джэрэмі Хант у кастрычніку абмяркоўваў перспектывы ўвядзення санкцый з міністрамі замежных справаў краінаў Усходняй Еўропы, уключаючы Вугоршчыну. Гаворка ідзе пра «паўтузіна» асобаў, якія маюць дачыненне да атручвання ў Солсберы былога агента ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі, адзначае выданне.

Спіс фігурантаў санкцыйных спісаў, як чакаецца, будзе апублікаваны «ў наступным месяцы». Ён, як адзначае газета, можа стаць першым афіцыйным пацвярджэннем асобаў двух галоўных падазраваных, прозвішчы якіх прагучалі ў расследаванні міжнароднай групы Bellingcat, – Аляксандра Мішкіна і Анатоля Чапігі. Цяпер у афіцыйна апублікаваных Вялікай Брытаніяй матэрыялах яны згадваюцца як супрацоўнікі ГРУ Аляксандр Пятроў і Руслан Башыраў. Bellingcat сцвярджае, што пад гэтымі імёнамі хаваюцца супрацоўнікі ваеннай выведкі, героі Расеі Мішкін і Чапіга.

Паводле словаў сябра Камітэта замежных справаў Палаты прадстаўнікоў, кансерватара Боба Сілі, пад санкцыі павінны патрапіць высокія кіраўнікі арганізацыі. «У вас павінна быць сістэма, якая ўключае ланцужок вайскоўцаў і палітычных кіраўнікоў, якія нясуць адказнасць, аж да найвышэйшага кіраўніцтва. У адваротным выпадку вы атрымаеце сістэму, у якой падначаленыя будуць адказваць замест кіраўнікоў. Ніхто не кажа пра рэальнае змушэнні кіраўнікоў дзяржаваў да суду, але калі ў вас няма найвышэйшых вайсковых чыноў і іхніх куратараў у палітычным кіраўніцтве, такая сістэма не заслугоўвае даверу», – растлумачыў ён.