16 верасня 2019, панядзелак, 16:12
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Беларусаў за мяжой запісалі ў асаблівую катэгорыю «дармаедаў»

82
Беларусаў за мяжой запісалі ў асаблівую катэгорыю «дармаедаў»

Сістэма адбірання грошай будзе «ўдасканальвацца».

Ужо налета «дармаеды» пачнуць па-новаму плаціць дзяржаве, паведамляе kp.by.

Замест фіксаванага штрафу 20 базавых ім давядзецца цалкам аплачваць некаторыя камунальныя паслугі: з 1 студзеня 2019-га – гарачую ваду, а з 1 кастрычніка 2019-га – ацяпленне і газавыя калонкі. Праўда, тычыцца гэта толькі тых «дармаедаў», якія з'яўляюцца плацельшчыкамі камунальных паслуг – напрыклад, уласнікаў кватэры.

А зараз у Мінпрацы апавялі, як быць тым, хто працуе або вучыцца за мяжой. Калі яны не хочуць аплачваць камуналку ў поўным аб'ёме, то могуць даказаць, што ўвесь гэты час знаходзяцца ў іншай краіне. Зрабіць гэта можна за тры крокі.

Крок 1. Аформіць правільныя дакументы.

Яны павінны даказваць, што вы сапраўды працуеце ці вучыцеся за мяжой. Для працоўных гэта могуць быць, да прыкладу, копія кантракта або ліцэнзіі на ажыццяўленне якога-небудзь віду дзейнасці, для студэнтаў – копія даведкі з ВНУ або дамовы на адукацыйныя паслугі. Дакументы трэба афіцыйна перакласці на расейскую ці беларускую і заверыць у натарыуса або апастылем.

Крок 2. Перадаць іх у камісію.

Копіі дакументаў разам з завераным перакладам можна адправіць у камісію ў каардынацыі працы для садзейнічання занятасці насельніцтва праз электронную пошту (адрасы ёсць на сайтах выканкамаў ці адміністрацый раёнаў у гарадах), звычайнай поштай, а таксама прынесці дакументы ў камісію. Рабіць гэта самому не абавязкова, можна папрасіць сваякоў або сяброў.

Крок 3. Паспець да дэдлайну.

Першыя спісы «дармаедаў» павінны з'явіцца 1 лютага наступнага года. А значыць, каб туды не патрапіць, трэба паспець падаць дакументы да 21 студзеня. З улікам таго, што спісы будуць абнаўляцца раз на квартал, далей дэдлайны будуць такімі: 21 красавіка, 21 ліпеня, 21 кастрычніка і 21 студзеня.

Узнікае пытанне: калі за мяжу вы з'ехалі надоўга, ці давядзецца паўторна высылаць дакументы кожныя тры месяцы? У Мінпрацы ўдакладняюць, што пастанову пра тое, на які перыяд не ўключаць вас у спіс непрацоўных, будуць прымаць на падставе вашых дакументаў. Калі ў вас кантракт на год, значыць, і дармаедам вы не будзеце ўважацца таксама год. Надалей сістэма адбірання грошай яшчэ будзе «ўдасканальвацца».

Пакуль незразумела, што рабіць тым, хто за мяжой жыве, але пры гэтым не працуе і не вучыцца – напрыклад, выйшаў замуж або ажаніўся.

Нагадаем, 25 студзеня Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1, якім прадугледжаны захады для садзейнічання занятасці насельніцтва. У новы дэкрэт не ўвайшлі нормы пра збіранне з працаздольных непрацоўных грамадзянаў збору на фiнансаванне дзяржаўных выдаткаў.

На месцах будуць створаныя спецыяльныя камісіі, якія будуць збіраць інфармацыю пра «дармаедаў».

Працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, аплачваюць паводле коштаў (тарыфаў), якія забяспечваюць 100% пакрыццё выдаткаў, наступныя камунальныя паслугі: гарачае водазабеспячэнне, газазабеспячэнне пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў, цеплазабеспячэнне.

Пастанова пачынае дзеянне з 1 студзеня 2019 года.

Нагадаем, што папярэдняя версія дэкрэта выклікала масавыя пратэсты сярод насельніцтва.