29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сын пайшоў у войска здаровы – а прыйшоў хворы»

23
«Сын пайшоў у войска здаровы – а прыйшоў хворы»

Прызыўнікі ў Беларусі павінны самастойна даказаць сваё права на адтэрміноўку?

Прызыўная кампанія ў разгары. Паводле ўказу Лукашэнкі, вайсковыя камісары абавязаныя накіроўваць у пракуратуру звесткі пра тых, хто ўхіліўся ад службы. Ёсць, вядома, права на адтэрміноўку. Ёсць і катэгорыя асобаў, якім дазваляецца не служыць. Ваенкаматы павінны правяраць, каб у войска не патрапілі прызыўнікі менавіта з гэтай катэгорыі. Але ці выконваецца гэта на практыцы – задаецца пытаннем «Белсат».

Да канца восеньскага прызыву застаецца 22 дні. Ваенкаматы рассылаюць позвы, але традыцыйна не ўсе патэнцыйныя прызыўнікі хочуць ці могуць служыць у войску. Некаторым даказваць сваю небаяздольнасць даводзіцца за свой кошт.

Афіцыйна няма ніякіх звестак пра тое, што ваенкаматы павінны выканаць нейкі план набору на вайсковую службу. Але кожны юнак, якому споўнілася 18 гадоў, ведае, што радзіма, а дакладней, мясцовы ваенкамат, найбліжэйшыя дзевяць гадоў пра яго не забудзе. Ад казармы вызваляе хвароба, якую яшчэ трэба будзе даказаць.

«Мне прыйшла позва ў ваенкамат. Мяне там ніхто не абследаваў. Паглядзелі проста і сказалі, што прыдатны. І вось цяпер я вымушаны выдаткаваць час і чвэрць свайго заробку, каб хадзіць па розных дыягнастычных цэнтрах і правяраць свае хваробы. Толькі каб даказаць, што я не прыдатны да службы ў войску», – апавядае прызыўнік Рыгор Ляшкевіч.

Сваякі Рыгора жывуць у аграгарадку Рубель Столінскага раёна. Яны не могуць зразумець: чаму хлопца з дрэнным зрокам, язвай страўніка і дванаццаціперснай кішкі прызналі годным да вайсковай службы? Медкамісія не тое каб не спытала пра захворванні, а не верыць медыцынскай гісторыі прызыўніка.

«Мой сын пайшоў у войска ў 90-я. Пайшоў здаровы, а прыйшоў хворы. Ніхто гэтых пакутаў не ведае і не бачыў. І дай Бог, каб не ведаў і не бачыў. Грошай няма ні на хлеб, ні на таблеткі. Я пакутавала, залівалася слязьмі і думала: няхай бы я лепш хварэла, а не ён. Цяпер перажываю за ўнука», – апавядае Вольга Ляшкевіч, бабуля Рыгора Ляшкевіча.

Нават калі б медкамісіі былі дакладнымі і ўважлівымі, у любой сістэме здараюцца памылкі. Законам гэта прадугледжана – такога салдата трэба камісаваць. Але як гэтага дамагчыся? Жыхарка Гародні Людміла Стуканава, маці такога навабранца, амаль паўгода ходзіць па розных установах.

Усё часцей даводзіцца чуць скаргі, што праз агульную сітуацыю пагаршэння здароўя беларусаў, у войска трапляюць людзі, якіх раней туды не ўзялі б. Магчыма, таму Аляксандр Лукашэнка два тыдні таму падзяліўся ідэяй – скіроўваць у войска студэнтаў падчас летніх вакацый. «Скосіш ад арміі – потым не ведаю, з кім ажэнішся», – растлумачыў вярхоўны галоўнакамандавальнік. А што пра гэта думаюць самі беларусы?

«Я сам служыў у арміі і са мной быў калега, у якога быў своеасаблівы выгін ног з дзяцінства. Сёння асабліва не глядзяць. Дыхаеш, ну і дыхай».

«Ды ў іх, хутчэй за ўсё, ёсць план па ўсёй краіне. Ім усё роўна, абы план выканаць, і каб паказнікі былі добрыя – і ўсё».

«Для мяне гэта актуальная тэма. Майго брата забіраюць у войска. Прыдатны, ды яшчэ як прыдатны. Сказалі, толькі зубы падлячыць і ўсё».

Пра выкананне плану Лукашэнку раскажа Саўмін да 20 студзеня. Да гэтага часу Ляшкевіч і іншыя прызыўнікі, якія апынуліся ў такой сітуацыі, павінны даказаць сваё права не служыць у войску. Але ці паспеюць, ды і паслухаюць іх?

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках