29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як на самай справе падаражэе бензін у Беларусі

19
Як на самай справе падаражэе бензін у Беларусі

Атрымліваецца, урад адкрыта дурыў народ?

Урад пачаў апераваць паняццем справядлівасці ў эканамічных пытаннях і назваў, якім павінен быць кошт на бензін унутры краіны. Але наколькі рэальна справядлівы агучаны кошт? У сітуацыі разбіраецца выданне «Штодзённік».

Як заявіў віцэ-прэм'ер Ігар Ляшэнка, пры сённяшнім кошце бараля нафты 72 даляры, справядлівы кошт на самы папулярны бензін АІ-92 павінен складаць у Беларусі 77 цэнтаў. Таму кошты на бензін і далей будуць расці – таксама паступова, на 1 капейку за раз.

Сам факт, што ўрад пачаў апераваць паняццем справядлівасці ў развязанні эканамічных пытанняў, прымушае задумацца над тым, што пад гэтым маецца на ўвазе. Асабліва ў святле таго, што пытанне "Ці ёсць на свеце справядлівасць?" даўно аднесенае да разраду рытарычных.

Які рост коштаў чакаць

Паводле курсу Нацбанка, кошт бензіну АІ-92 сёння складае 66 цэнтаў за літр. Гэта азначае, што паліва павінна падаражэць яшчэ на 11 цэнтаў або 23 капейкі, каб стаць справядлівым паводле мерак ураду. Калі рабіць павышэнне штомесячным, то да справядлівасці прыйдзем толькі праз два гады. Урад столькі чакаць, вядома ж, не будзе і, хутчэй за ўсё, пазначанай мяжы справядлівасці паспрабуе дасягнуць дзесьці за паўгода. Тым больш, што НПЗ стала жаліцца на цяжкае жыццё, ды і "Белнафтахім" не хоча чакаць. Гэта азначае, што кошт на аўтамабільнае паліва ў найбліжэйшыя паўгода будзе падымацца на 1 капейку фактычна штотыдзень, пакуль не дасягне ўзроўню 1,63 рубля за літр АІ-92.

Аперацыя з лічбамі

А цяпер паспрабуем сапраўды падумаць пра справядлівасць. У сувязі з гэтым адразу ўзнікае пытанне, чаму Ігар Ляшэнка прывязвае яе да сусветнага кошту бараля. Бо беларускія НПЗ атрымліваюць нафту з Расеі паводле іншага, зноў жа больш справядлівага з пункту гледжання ўраду кошту. У сярэднім Беларусь атрымлівала ў 2018 годзе нафту паводле кошту 374 даляры за тону. Адна тона – гэта 7,35 бараля. Шляхам нескладаных вылічэнняў атрымліваем, што кошт нафты для Беларусі складае менш за 51 даляр за бараль. Пра прыбыткі ад рээкспарту лішніх аб'ёмаў расейскай нафты і нафтапрадуктаў пакуль прамаўчым, бо яны НПЗ не дастаюцца і, значыць, на справядлівы кошт не ўплываюць. Таму будзем зыходзіць з кошту 51 даляр за адзін бараль.

Калі, паводле словаў Ігара Ляшэнкі, пры 72 далярах за бараль нафты справядлівы кошт 77 цэнтаў за літр бензіну, то пры 51 даляры за бараль – ніяк не можа быць больш за 55 цэнтаў або 1,16 рубля за літр АІ-92. Атрымліваецца, што для дасягнення справядлівай мяжы ўраду неабходна не падымаць кошт на 23 капейкі, а практычна на столькі ж апускаць.

Зробім невялікае карэктаванне на тое, што расейская нафта – гэта не Brent. Напрыклад, нафта маркі Urals адрозніваецца павышаным утрыманне серы і таму таннейшая недзе на 3 даляры. Таму дзеля ўсё той жа справядлівасці варта апераваць коштам нафты для Беларусі ў раёне 54 даляраў. У такім выпадку справядлівы кошт будзе дзесьці 58 цэнтаў (1,23 рубля) за літр АІ-92.

Гэтая шматгранная справядлівасць

Можна падысці да разліку справядлівасці і з другога боку. Рэч у тым, што кошт 77 цэнтаў за літр АІ-92 ужо быў у Беларусі.

Так, з 13 студзеня 2015 года канцэрн "Белнафтахім" падняў кошты на аўтамабільнае паліва адразу на 4,7%, назваўшы гэта толькі частковай кампенсацыяй росту курсу даляра, а таксама карэктаваннем у сувязі з падатковым манеўрам Расеі. У выніку кошт АІ-92 быў усталяваны на ўзроўні 11,1 тыс. недамінаваных рублёў – якраз 77 цэнтаў за літр.

Чаму было згадана пра падатковы манеўр – увогуле незразумела, бо ад яго страціў толькі бюджэт Беларусі, але зусім не НПЗ, якія перапрацоўваюць нафту.

Пра справядлівасць тады не казалі, затое запэўнівалі электарат, што рэальна кошт бензіну павінен быць яшчэ вышэйшым, але народ чарговы раз пашкадавалі. А цяпер падлічым.

У студзені 2015 года кошт бараля нафты маркі Brent складаў 49 даляраў. Пры гэтым Беларусь атрымлівала расейскую нафту праз кошт 247 даляраў за тону, або недзе 36 даляраў за бараль, калі рабіць карэктаванні на Brent. Атрымліваецца вельмі пацешная карціна.

Калі ў 2015 годзе, атрымліваючы нафту паводле кошту 36 даляраў за бараль, беларускія НПЗ меркавалі, што 77 цэнтаў – гэта яшчэ мала, каб гаварыць пра справядлівасць. То чаму ў 2018 годзе пры кошце бараля 54 даляры для НПЗ, 77 цэнтаў цалкам хапае для дасягнення мяжы справядлівасці?

Вядома, за мінулыя тры гады НПЗ крыху мадэрнізаваліся, але не на столькі ж, каб з аднаго бараля нафты атрымліваць на 50% больш нафтапрадуктаў.

Калі цяпер кошт 77 цэнтаў рэальна справядлівы, тады атрымліваецца, што ў 2015 годзе ўрад адкрыта дурыў народ і, выкарыстоўваючы зніжэнне сусветных катыровак на нафту, бессаромна нажываўся на сваіх людзях. Як гаворыцца, выбірайце, якая справядлівасць вам падабаецца.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках