20 чэрвеня 2019, Чацвер, 11:06
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Улады Беларусі ў 2019 годзе павінны заплаціць у пазыках амаль $ 5 мільярдаў

19

Урад мае намер разлічвацца за кошт «пазыковых і непазыковых крыніцаў».

У 2019 годзе ўрад і Нацыянальны банк павінны накіраваць на выплаты ў пазыках 4,9 млрд даляраў, паведамляе tut.by са спасылкай на БелаПАН. З гэтай сумы абавязальніцтвы ўрада складаюць 3,8 млрд даляраў, Нацбанка – 1,1 млрд даляраў.

Улады маюць намер разлічвацца ў сваіх абавязальніцтвах за кошт пазыковых і непазыковых крыніцаў.

Сярод іншага ў 2019 годзе Мінфін мае намер прывабіць новыя пазыкі на 1,87 млрд даляраў, у тым ліку 370 млн даляраў плануецца прывабіць на ўнутраным рынку за кошт размяшчэння валютных аблігацый. Яшчэ 1,5 млрд даляраў улады збіраюцца заняць на вонкавых рынках. Як чакаецца, частку пазыковых абавязальніцтваў атрымаецца выканаць за кошт непазыковых крыніцаў.

Праект бюджэту-2019 падрыхтаваны з улікам ацэнкі, што сёлета паступленні ад вывазных мытаў на нафтапрадукты складуць 627,2 млн даляраў, бязвыплатныя паступленні з расейскага бюджэту (прыбыткі ад «перамытнення» расейскі нафты) – 522,6 млн даляраў.

Незалежныя эксперты адзначаюць, што вялікія плацяжы дзяржавы ў дзяржпазыках у найбліжэйшыя гады захаваюцца, і каб шчасна прайсці гэты перыяд, трэба развязаць шэраг пытанняў. У першую чаргу, трэба дамовіцца з Масквой пра кампенсацыю стратаў беларускага бюджэту ў сувязі з рэалізацыяй падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расеі, мяркуе дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

«Штогадовыя выпадальныя прыбыткі беларускага бюджэту могуць дасягнуць праз некалькі гадоў 4% ВУП, і кампенсацыя такіх стратаў надзвычай важная для таго, каб Беларусь змагла шчасна прайсці перыяд пікавых выплатаў у дзяржпазыцы», – мяркуе Чубрык.