24 лiпеня 2019, Серада, 4:35
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Трамп водзіць Пуціна за нос

5

Калі гаспадар Крамля гэта зразумее, ён ужо заплаціць высокі кошт.

Апошнія два гады шмат хто ў свеце меркаваў, што прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін круціць сваім амерыканскім калегам, Дональдам Трампам, як хоча. Аднак цалкам можа апынуцца, што гэта Трамп водзіць Пуціна за нос, піша Project Syndicate (пераклад – inosmi.ru).

Трамп сапраўды любіць Пуціна, ці, прынамсі, ён так кажа. У сваім гіпербалічным стылі тэлевізійнага рэаліці-шоу Трамп нахвальваў аўтарытарны стыль кіраўніцтва Пуціна і выхваляўся, што можа палепшыць стасункі Амерыкі з Крамлём.

А гэтым летам на двухбаковым саміце ў Хельсінкі Трамп нават устаў на бок Пуціна, былога агента КДБ, а не супрацоўнікаў амерыканскіх службаў бяспекі, у пытанні пра ўмяшанне Расеі ў прэзідэнцкія выбары 2016 года ў ЗША, хоць цяпер гэтае ўмяшанне ўжо задакументаванае. Паводле версіі Пуціна, ён «хварэў» за Трампа (але, вядома, не ўмешваўся ў выбары дзеля яго), таму што ў іх мелася агульнае жаданне палепшыць двухбаковыя стасункі (у названай аўтарам спасылцы няма згадкі пра тое, што Пуцін «хварэў» за Трампа – заўв. рэд.).

Цяпер больш чым калі-небудзь Пуцін мае патрэбу ў сяброўстве з Амерыкай. Ён вельмі ўпэўнена пераабраны ў сакавіку на пасаду прэзідэнта, але з тых часоў ягоны рэйтынг падтрымкі ўпаў да 45%. Расейцы незадаволеныя нарастаннем эканамічнай нестабільнасці, якая выкліканая санкцыямі, уведзенымі папярэднікам Трампа – Баракам Абамам – пасля расейскай анэксіі Крыма ў 2014 годзе (першапачаткова гэты крок спрыяў рэзкаму ўздыму рэйтынгу падтрымкі Пуціна).

Акрамя таго, народная незадаволенасць у Расеі ўзмацнілася праз рэзкую крытыку многімі пенсійнай рэформы, якая прадугледжвае павышэнне пенсійнага ўзросту. Гэтая незадаволенасць, мабыць, нарастае яшчэ і праз агульную «стомленасць ад азлобленасці» сярод расейцаў, якіх ужо проста стаміла ваяўнічая вонкавая палітыка Пуціна ў Сірыі і на Украіне, а таксама яго бесперапынная антызаходняя прапаганда.

На жаль для Пуціна, Трамп мала што зрабіў для паляпшэння двухбаковых стасункаў, нягледзячы на шэраг дыпламатычных ініцыятываў, уключаючы некалькі запрашэнняў Пуціну наведаць Белы дом. Хоць адчужэнне паміж Трампам і хаўруснікамі Амерыкі сапраўды ідзе на карысць відавочнага жадання Пуціна аслабіць Захад, наўрад ці Трамп прадпрымаў падобныя крокі дзеля Пуціна. Між тым пры Трампу Амерыка ўвяла новыя санкцыі супраць Расеі, якія сама Расея асудзіла як «драконаўскія».

У сакавіку – у адказ на ўжыванне нервова-паралітычнага рэчыва супраць былога расейскага падвойнага агента Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі на тэрыторыі Вялікай Брытаніі – адміністрацыя Трампа выслала 60 расейскіх дыпламатаў. Гэта самая вялікая колькасць высланых дыпламатаў з часоў СССР. Для Пуціна гэтая пастанова павінна была стаць асабліва непрыемнай, таму што яна была прынятая адразу пасля таго, як Трамп цёпла павіншаваў Пуціна з перамогай на выбарах.

Праз месяц Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць 20 з лішнім расейскіх грамадзянаў і некалькіх кампаній, уключаючы нафтавых і алюмініевых магнатаў, як Алег Дзерыпаска ці Аляксей Мілер, што прывяло да падзення катыровак акцый закранутых санкцыямі кампаній. А ў жніўні адміністрацыя Трампа забараніла кампаніям ЗША прадаваць у Расею газавыя турбіны і электроннае абсталяванне, бо гэтая прадукцыя патэнцыйна можа выкарыстоўвацца ў ваенных мэтах.

Акрамя таго, пастанова Трампа ўвесці імпартныя мыты на алюміній і сталь, хоць яна і не накіраваная канкрэтна супраць Расеі, абыдзецца расейскай эканоміцы больш чым на 3 мільярды даляраў у наступным годзе. Зусім нядаўна Трамп абвясціў таксама пра намер выйсці з дамовы аб ліквідацыі ракетаў сярэдняй і меншай далёкасці (ДРСМД), двухбаковага пагаднення пра кантроль над узбраеннямі, якое было заключанае яшчэ падчас халоднай вайны. Хоць абодва бакі ўжо даўно абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэнні ДРСМД, да прыходу да ўлады Трампа сама ідэя проста ўзяць і адмовіцца ад кантролю над узбраеннямі заўсёды ўважалася занадта небяспечнай.

Крэмль па-ранейшаму хоча верыць у тое, што невыкананне Трампам сваіх абяцанняў палепшыць стасункі з'яўляецца вынікам дзеянняў апазіцыі ў Кангрэсе і, вядома, дэманізацыі Пуціна амерыканскімі дэмакратамі і СМІ. Згодна з гэтай логікай, яны падазрона ставяцца да любых дзеянняў, якія выглядаюць выгоднымі Пуціну і перашкаджаюць Трампу падтрымліваць Расею на палітычным узроўні.

Але факты гавораць пра іншае: ні дэмакраты, ні СМІ на самай справе ані не атрымалі поспех ва ўтаймавання Трампа. Паколькі Трамп падпарадкаваў сабе Рэспубліканскую партыю, уяўляецца малаверагодным, каб віну за неажыццяўленне ўскладзеных на яго Пуціным надзеяў можна было зваліць на кагосьці іншага.

З значна большай імавернасцю здрада Трампам Пуціну тлумачыцца тым, што ягоныя цёплыя словы, як і ўсё астатняе, што зыходзіць з вуснаў Трампа, тлумачыліся жаданнем павысіць рэйтынгі, а не нейкай рэальнай зацікаўленасцю (ці, тым больш, абавязальніцтвамі) дапамагчы Крамлю. Узгадайце, як на змену першапачатковым рэверансам Трампа на адрас іншага аўтарытарнага лідара, старшыні КНР Сі Цзіньпіна, прыйшла поўнамаштабная гандлёвая вайна супраць гэтай краіны, якую Трамп цяпер адлюстроўвае ворагам Амерыкі.

Так, вядома, свет ужо прывык чакаць ад Трампа парушэння абяцанняў і капрызаў. Але дзіўна, як моцна памыліўся Пуцін у чытанні гэтай сітуацыі. Як мог такі праніклівы назіральнік за справамі ў ЗША, які за час сваёй шпіёнскай кар'еры навострываў навыкі ўгадвання матываў і намераў людзей, не ўбачыць ілжывасці абяцанняў Трампа?

Калі хтосьці і ведае, што дзеянні кажуць больш за словы, дык гэта Пуцін, які на словах часта адкрыта адмаўляе задакументаваныя парушэнні, пачынаючы з умяшання ў выбары ЗША і сканчаючы парушэннямі дамоваў. Тым не менш Пуцін прадаўжае ігнараваць учынкі Трампа і імкнецца да новых сустрэчаў для «прадаўжэння кантактаў» з заўсёды шчодрым на кампліменты прэзідэнтам ЗША, напрыклад, падчас мерапрыемстваў у Парыжы, прысвечаных стагоддзю заканчэння Першай сусветнай вайны, або на саміце «Вялікай дваццаткі» ў Аргенціне ў лістападзе.

Пуцін, падобна, мяркуе, што ён выкарыстоўвае стратэгічна некампетэнтнага Трампа для дасягнення сваіх мэтаў. Але на самай справе гэта Трамп заваблівае ўсіх у свой свет тэлевізійнага рэаліці-шоу, у якім сенсацыі, перабольшанні і дэзінфармацыя служаць ягонай адзінай сапраўднай мэце – застацца апошнім «выжылым» на гэтым востраве. Да таго часу, калі Пуцін зразумее, што яго абдурылі, свет, магчыма, ужо заплаціць высокі кошт датычна палітычнай стабільнасці, стратэгічнай бяспекі і экалагічнай шкоды. І Пуціну таксама давядзецца яго заплаціць.