26 красавiка 2019, Пятніца, 17:41
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Рубель скаціўся да мінімуму на фоне распродажу дзяржпазыкі Расеі

Фота: shutterstock

Расейскі рубель адчувае сябе горш за валюты-аналагі.

Рубель паскорыў падзенне на Маскоўскай біржы ў чацвер і апусціўся да мінімальных за месяц узроўняў на фоне патаннелай нафты і новага распродажу расейскіх дзяржаблігацый, паведамляе finanz.ru.

Курс даляра ўзняўся да 66,58 рубля, аформіўшы максімум з 11 кастрычніка, а еўра ўпершыню за 4 тыдні прабіў адзнаку 76 рублёў.

Расейская валюта знаходзіцца пад ціскам на фоне ўзрослых санкцыйных рызык, канстатуе аналітык Nordea Таццяна Еўдакімава.

У аўторак Дзярждэп пацвердзіў, што Крэмль адмовіўся падаць доступ на аб'екты хімічнай зброі і, у адпаведнасці з законам 1991 года, ЗША ініцыююць другі раўнд санкцый за атручванне ў Солсберы экс-палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля.

"Вынікі прамежкавых выбараў у ЗША могуць таксама ствараць дадатковыя перасцярогі: дэмакратычная партыя, якая атрымала большасць у Палаце прадстаўнікоў, можа вярнуцца да больш актыўнага разгляду пытання пра ўмяшанне Расеі ў прэзідэнцкія выбары 2016 года", – кажа Еўдакімава.

Яшчэ ў сераду рубель адчуваў сябе горш за валюты-аналагі: ён страціў 0,3% да даляра, у той час як паўднёваафрыканскі ранд і інданезійская рупія дадалі амаль 1,5%.

У чацвер алею ў агонь падліў распродаж расейскіх дзяржаблігацый, якія могуць стаць мішэнню санкцый ЗША ў найбліжэйшыя месяцы.

Да канца гандлю 9-гадовыя АФЗ 26207 патаннелі на 0,71%, чаго рынак не бачыў больш за месяц, а індэкс RGBI, які адсочвае каціроўкі пазыковых дзяржаўных папераў, апусціўся да мінімуму з 15 кастрычніка (133,47 пункта).

Рынак другі дзень запар уласнымі рукамі абвальвае Мінфін, кажа дырэктар аналітычнага дэпартамента "Локо-Інвест" Кірыл Трэмасаў.

На аўкцыёнах у сераду ўстанова прадавала паперы са зніжкай да рынкавых коштаў, а ў чацвер кіраўнік дэпартамента пазыковай палітыкі Канстанцін Вышкоўскі заявіў, што плануе павялічыць прапанову, нягледзячы на слабы попыт.

"Учора мы бачылі абсалютна правальныя аўкцыёны, настроі на рынку пачалі пагаршацца праз боязь новай хвалі санкцый, а ён нам заяўляе пра планы павялічыць аб'ёмы размяшчэння", – дзівіцца Трэмасаў, дадаючы, што калі настроі не палепшацца, Мінфіну давядзецца спыняць размяшчэнне, "інакш прыбытаковасці ўзлятуць да 9% гадавых".

"Для рубля, верагодна, скончаны перыяд, калі інвестары маглі папросту адмахнуцца ад санкцыйнай рыторыкі. Гэта робіць расейскую валюту ўразлівай у найбліжэйшыя месяцы", – разважае аналітык Exante Віктар Аргонаў.

Санкцыі не адзіная бяда, падкрэслівае ён: імкліва таннее нафта, кошты WTI упалі на 20% з кастрычніцкага піка, фармальна паклаўшы пачатак "мядзведжаму рынку", а каціроўкі Brent трымаюцца ля 2-месячных мінімумаў.

На хвалі страхаў даляр можа вярнуцца ў вобласць максімумаў года вышэй за 70,50, а еўра мае шанцы на рост да 80, мяркуе Аргонаў.