20 красавiка 2019, Субота, 12:23
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: Сілавікі ды суддзі нерваваліся на працэсе паводле «справы прафзвязаў»

17
ЯЎГЕН АФНАГЕЛЬ
ФОТА: «БЕЛСАТ»

Рэжым баіцца салідарнасці, смеласці і настойлівасці.

Менскі гарадскі суд разгледзеў сёння апеляцыйную скаргу лідараў незалежнага прафзвязу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. Судовая калегія ў крымінальных справах пад старшынствам Сяргея Хрыпача пастанавіла пакінуць незаконны прысуд паводле «справе прафзвязаў» у дзеянні.

Па каментар сайт Charter97.org звярнуўся да каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля, які прысутнічаў у судзе:

- На суд да Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка прыйшло вельмі шмат людзей - блізу 150 чалавек з розных арганізацый. Сярод іх актывісты незалежнага прафзвязу РЭП, грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), праваабаронцы і іншыя. Не ўсе людзі змаглі патрапіць у залу. Амаль 50 чалавек былі вымушаныя чакаць выніку працэсу перад дзвярыма суда.

Было бачна, што такая колькасць людзей вельмі напружвае суддзяў, пракурорскiх работнiкаў, супрацоўнікаў суда, сілавікоў, бо каля будынку суда прысутнічала міліцэйскае начальства. Прычым, сярод іх былі кіраўнікі РАУС суседніх раёнаў, што досыць незвычайна.

Увогуле, работнікі суда прыкметна нерваваліся. Напрыклад, быў невялікі канфлікт, калі актывістка прафзвязу РЭП Галіна Смірнова дастала сцяг прафзвязу. На яе адразу ж рэзка накінуліся міліцыянты, спрабавалі адабраць сцяг, але прысутныя людзі не далі гэтага зрабіць.

Адзначу, што супрацоўнікі міліцыі вельмі нервова рэагавалі на фота і відэаздымку. Відаць, што самая небяспечная рэч для рэжыму, якую мы можам яму супрацьпаставіць - гэта салідарнасць. Сённяшні суд паказаў, што канкрэтныя прадстаўнікі ўладаў: суддзі, сілавікі, баяцца менавіта гэтай салідарнасці.

Прафзвяз РЭП быў адной з рухаючых сіл нароўні з іншымі падчас пратэстаў «дармаедаў» у 2017 годзе. Актывісты прафзвязу ўвесь час надаюць дапамогу людзям, асабліва ў рэгіёнах, якія сутыкаюцца з беззаконнем уладаў.

Генадзь Фядыніч сёння на судзе выступіў з выдатнай прамовай. Ён сарваў апладысменты, якія доўжыліся цягам некалькіх хвілін. У гэтай прамове ён адкрыта распавёў, за што ўважае сённяшняе судзілішча, і ўлады. Рэжым гэтага вельмі баіцца.

Загадзя было зразумела, што ўлады не адмовяцца ад ціску на лідараў прафзвязу і не зменяць сваю пастанову. Было зразумела, што задача ўсёй гэтай сфальсіфікаванай справы - проста ізаляваць лідараў прафзвязу напярэдадні магчымых пратэстаў альбо нейкіх іншых важных палітычны кампаній у краіне.

Падкрэслю - сённяшні працэс вельмі выразна паказаў, што самае галоўнае, чаго баіцца рэжым - гэта наша салідарнасць, узаемадапамога, адвага і настойлівасць.

Было бачна, што ў судзе не чакалі такой колькасці людзей. Гэтая масавасць прымусіла суддзяў і сілавікоў нервавацца. Таму, калі мы будзем прадаўжаць і далей абараняць сваіх, не адступаць, дэманстраваць сваю салідарнасць, то рэжыму проста не будзе чаго супрацьпаставіць.