18 красавiка 2024, Чацвер, 6:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Самыя туманныя гарады Беларусі - Наваградак і Валожын

Самыя туманныя гарады Беларусі - Наваградак і Валожын

Белгідрамет - пра лістападаўскую смугу.

За вокнамі белае «малако», у аэрапорце Менска - масавыя затрымкі рэйсаў праз густы туман. Метэаролагі папярэджваюць пра моцны туман яшчэ і ў суботу. Ці звычайная гэта справа, калі такі туман, і дзе ў Беларусі самы туманны горад, Tut.by распытаў у Белгідрамеце.

Чаму за вокнамі туман?

Менск апошніх дзён параўноўваюць з Лонданам і з Сайлент Хіл з фільма жахаў - столькі туману вакол. У Белгідрамеце кажуць, што ў лістападаўскім тумане няма нічога дзіўнага.

- Нельга сказаць, што ўвесь час так бывае, але лістапад - месяц-перадзімовы, у такіх балотах i ў гэты час нічога экстраардынарнага. Цяпер стаіць даволі цёплае надвор'е для гэтай пары года, тэмпературны фон па-ранейшаму вышэйшы за кліматычную норму на 1-4 градусы. Цёплае вільготнае паветра паступае ў поле павышанага ціску. Пры ціхім надвор'і ўтвараюцца туманы, і яны захоўваюцца днём і ўначы - днём бачнасць нязначна паляпшаецца.

У трох абласцях бачнасць - 100-200 метраў

Паводле звестак Белгідрамета на 15.00 пятніцы, туман у бліжэйшыя дні захаваецца на большай частцы краіны.

- Найбольш інтэнсіўныя туманы ў Магілёўскай, Менскай і Гомельскай абласцях, бачнасць - блізу 100-200 метраў. У Гарадзенскай вобласці туманы аслабелі, бачнасць стала лепшай - у асноўным толькі смуга. У Віцебскай і Берасцейскай абласцях туманы ёсць, але не паўсюдна. Бачнасць там 400-500 метраў, па Віцебскай вобласці - блізу 300, - кажуць спецыялісты.

Самыя туманныя гарады - Наваградак і Валожын

Колькі туманных дзён у Беларусі ў год? У сярэднім - 43 дні. Пры гэтым больш за ўсё дзён з туманамі ў Валожыне (76) і ў Наваградку (74). Выходзіць, што гэта самыя туманныя беларускія гарады. У Менску ў сярэднім у год 46 дзён з туманамі, у тым ліку 9 з іх прыпадае на лістапад.

Самыя туманныя месяцы - кастрычнік (у сярэднім 5 дзён з туманамі), лістапад (у сярэднім 7 дзён з туманамі) і снежань (у сярэднім 6 дзён з туманамі).

Самым шэрым годам у Менску быў 1960-ы. Тады было аж 102 туманныя дні, з іх у лістападзе - 15! Той год быў туманным і ў многіх іншых рэгіёнах Беларусі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках