25 красавiка 2024, Чацвер, 12:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Знішчальны ўдар: што чакае Расею пасля адключэння ад SWIFT

35
Знішчальны ўдар: што чакае Расею пасля адключэння ад SWIFT

За ўсю гісторыю банкаўскай сістэмы такая пастанова прымалася тройчы.

У сувязі з новымі актамі агрэсіі Расеі супраць Украіны, сусветная супольнасць зноў пачала абмеркаванне спосабаў супрацьстаяць Крамлю. Адзін з такіх спосабаў агучыў спецпрадстаўнік ЗША ў пытаннях Украіны Курт Волкер, які дапусціў магчымасць адключэння Расейскай Федэрацыі ад міжнароднай банкаўскай сістэмы SWIFT. І хоць гэтая прапанова не з'яўляецца новай, у выпадку станоўчай пастановы, гэта нанясе катастрафічны ўдар па расейскай эканоміцы.

Што такое сістэма SWIFT і чым яна важная для РФ - разбіраўся OBOZREVATEL.

SWIFT-міжнародная арганізацыя, якая кантралюе найбуйнейшую міжбанкаўскую сістэму абмену інфармацыяй.

Сістэма створана для хуткага і бяспечнага пералічэння міжбанкаўскіх аплат. Інфармацыя перадаецца толькі праз зашыфраваныя каналы, што надзейна абараняе ад ашуканцаў.

SWIFT давяраюць амаль 11 тысяч арганізацый больш чым у 200 краінах, і Расея з'яўляецца адной з самых актыўных удзельніц: банкі РФ стаяць на 2 месцы (пасля амерыканскіх) паводле колькасці аперацый, і на 15-м паводле аб'ёму.

Аб магчымым адключэнні Расеі ад SWIFT пачалі казаць яшчэ ў 2014 годзе, калі Захад увёў першыя санкцыі супраць Крамля праз анэксію Крыма і вайны на Данбасе. Але збольшага праз адсутнасць палітычнай волі, збольшага праз страх страціць прыбытак ад гандлю з РФ, захад дагэтуль не выкарыстаў гэты вагар уплыву на Маскву.

Цяпер жа ЗША загаварылі аб такой магчымасці праз захоп расейскімі памежнікамі трох украінскіх вайсковых караблёў у міжнародных водах паблізу Керчанскай пратокі. Абстраляўшы судны разам з экіпажам, расейцы адбуксавалі ў порт горада Керч анэксаванага Крыму, а 24 чальцы экіпажу арыштавалі.

Такім чынам РФ учыніла абсалютна непрыхаваны акт агрэсіі ў дачыненні да Украіны, што дае магчымасць Захаду ўвесці супраць Расеі больш жорсткія абмежаванні. Праўда, пастанову пра адключэнне РФ ад сістэмы можа прыняць толькі Рада Еўрапейскага Звязу, бо кампанія, створаная ў Бэльгіі, падпарадкуецца еўрапейскім законам.

За сваю гісторыю такая пастанова прымалася тройчы: у сакавіку 2012 года ад міжнароднай сістэмы адключылі Іран у рамках еўрапейскіх санкцый. Праз чатыры гады пасля заключэння ядзернага пагаднення з "шасцёркай" сусветных дзяржаў і зняцця з Тэгерана міжнародных санкцый, банкі Ірана зноў падключылі да сістэмы SWIFT.

Аднак 5 лістапада 2018 года Штаты аднавілі санкцыйныя абмежаванні супраць Ірана, у сувязі з чым банкі краіны зноў перасталі мець доступ да міжнароднай сістэмы.

У 2017 годзе ў сувязі з міжнароднымі санкцыямі ад SWIFT былі адключаныя банкі КНДР.

Тое, што рэалізацыя такіх планаў нанясе сур'ёзны ўдар па эканоміцы Расеі, не сумняваецца ніхто. Эканамічныя экспэрты разважаюць толькі пра тое, наколькі моцным ён будзе.

Як кажа старшыня Камітэта эканамістаў Украіны Андрэй Новак, улічваючы, што ўсе галоўныя аперацыі ў свеце ў банкаўскай сферы праводзяцца менавіта праз гэтую сістэму, то адключэнне стане катастрофай для РФ.

"Амаль палова расейскай эканомікі завязаная на продажы газу і нафтапрадуктаў, то пасля ўдару па банкаўскім сектары, гэта стане ударам і для энэргетычнага сектара. Агулам гэта можа прывесці да фінансава-эканамічнага калапсу ў Расеі. Вядома, гэта пацягне за сабой вельмі імклівую дэвальвацыю расейскага рубля, а гэта азначае практычна фінансавы крах", - заявіў Новак у каментары OBOZREVATEL.

З ягоным меркаваннем згодны і экспэрт эканамічнага дыскусійнага клуба Алег Пяндзін, які назваў сектаральныя санкцыі самымі небяспечнымі для кожнай эканомікі.

"Сектаральныя санкцыі з'яўляюцца найбольш знішчальнымі, якія могуць рэальна паўплываць на здольнасць расейскай эканомікі да выжывання. Дык вось адключэнне ад SWIFT з'яўляецца сектаральнай санкцыяй. Калі гэта адбудзецца, гэта стане вельмі істотным ударам", - кажа эканаміст.

У каментары OBOZREVATEL Пяндзін нагадаў аб адключэнні ад міжнароднай банкаўскай сістэмы Ірана, і заявіў, што гэта нанесла шалёны ўдар па яе эканоміцы.

Разам з тым расейскі эканаміст Дзмітрый Някрасаў мяркуе інакш, на ягоную думку, нягледзячы на значны ўдар па эканоміцы Ірана, праз адключэнне сістэмы SWIFT, гэта мела кароткатэрміновы эфект. Таксама будзе і ў Расеі, сказаў ён OBOZREVATEL.

"Дзесьці праз паўгода эканоміка да гэтай сітуацыі адаптуецца і пачнуць стварацца розныя схемы - да прыкладу, бартарныя разлікі праз афшорныя кампаніі, як гэта было ў Іране. Там гэта прывяло да падаражання ўсяго прыблізна на 10-15%, нешта такоўскае можа быць і ў Расеі", - кажа ён.

І хоць расейскі эканаміст згаджаецца з тым, што адключэнне ад міжнароднай банкаўскай сістэмы створыць процьму праблем, на ягоную думку, гэта не знішчыць эканоміку Расеі.

Са слоў Алега Пяндзіна, гэта сапраўды так, кожная эканоміка рана ці позна акрыяе, але пакуль яна будзе прыходзіць у сябе, яна будзе пазбаўленая магчымасці ажыццяўляць сур'ёзнае фінансаванне ўнутраных інвестыцыйных праграм, найперш – накіраваных на ваенныя рэйкі.

"Гэта значыць уся вайсковая праграма РФ будзе імгненна згорнутая праз адсутнасць грошай для падтрымкі гэтага сектара", - заявіў эканаміст.

Ужо гэты факт ёсць даволі станоўчым для Украіны, і з'яўляецца аргументам на карысць увядзення такой абмежавальнай меры супраць РФ з боку Захаду.

Але Андрэй Новак усё ж не згодны з меркаваннем, што адключэнне ад SWIFT сур'ёзным чынам не паўплывае на расейскую эканоміку.

"Гаворка ідзе не аб адным кроку, не толькі аб адключэнні ад SWIFT... Улічваючы тое, што Расея ўжо цяпер знаходзіцца пад дзеяннем цэлага каскаду санкцый рознага кшталту, і яны яшчэ будуць нарошчвацца, асабліва пасля падзей у Керчанскай пратоцы, то такі комплексны эканамічны ціск на РФ будзе мець калі не фінальнае, то вельмі моцнае ўздзеянне", – кажа Новак.

"Фінальны пункт - гэта эмбарга на куплю расейскіх энэрганосьбітаў, гэта будзе фінальны ўдар па эканоміцы Расеі, а SWIFT - гэта папярэдні перад фінальным", - заявіў ён.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках