16 красавiка 2024, aўторак, 19:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якія яшчэ сюрпрызы чакаюць «дармаедаў»?

42
Якія яшчэ сюрпрызы чакаюць «дармаедаў»?

Жыхары шыкоўных палацаў патрабуюць грошы з беспрацоўных.

З 1 снежня ў Беларусі запрацавала «дармаедская база». На вока спецыяльна створаных камісій трапілі 500 тысяч беларусаў. Раней улады абяцалі, што «дармаеды» будуць аплачваць паслугі ЖКГ на 100% і гэтым абмяжуюцца. Але 10 снежня Лукашэнка падпісвае чарговы ўказ, накіраваны супраць беспрацоўных. З 1 сакавіка «дармаеды» не змогуць разлічваць на дзяржпадтрымку на будаўніцтва жылля.

Ці чакаць новых сюрпрызаў беларусам, якія трапілі ў базу ад уладаў? Сайт Сharter97.org звярнуўся па каментар да аднаго з лідараў незалежнага прафзвязу РЭП Ігара Комліка.

- Год таму Лукашэнка загадаў працаўладкаваць кожнага беларуса, але колькасць «дармаедаў» толькі вырасла. Атрымліваецца, што ўлады правалілі заданне дыктатара?

- Заданне нявыкананае, але чыноўнікі робяць добрую міну пры дрэннай гульні. У нас усё ў краіне фармальна і прыцягнута за вушы: статыстыка піша тое, што хоча, а не тое, што ёсць напраўду. Так і тут, трэба было адрапартаваць, што «ў нас усё добра, заданне выканана, беспрацоўных усё менш і менш, праблем ніякіх няма». Усё гэта аднаго поля ягадкі.

Напэўна, чыноўнікам няўцям, што без змен у эканоміцы, калі рэальна запрацуе прамысловасць, сельская гаспадарка, беларусы пачнуць атрымліваць годны заробак нічога гэтага не магчыма.

- Як выглядаюць вакансіі, якія ўлады прапануюць беларусам?

- Ведаеце, вакансія-вакансіі розніца. Ёсць вялікая колькасць фіктыўных прапаноў працы. Падам прыклад. Вісіць аб'ява: патрабуецца спецыяліст з веданнем кітайскай мовы. Рэч у тым, што такога кшталту вакансіі разлічаны на тое, што прыедзе кітаец і будзе выконваць гэтую працу.

Вакансія ёсць, але маладых супрацоўнікаў на яе ніхто браць не будзе. Часцяком прапановы працы нікуды не вартыя, яны вельмі нізкааплатныя. Часам людзі вымушаныя заплаціць за праезд палову свайго заробку, якую могуць атрымаць на такой працы. Сэнсу і выгады ў такіх прапановах няма. Важна самая якасць вакансій, а не іх колькасць.

Але справа ж нават не ў вакансіях, бо пад дэкрэт трапляюць людзі, якія знайшлі сабе працу за мяжой, а такіх беларусаў вельмі шмат, хатнія гаспадыні, якія выхоўваюць дзяцей старэйшых за 7 гадоў. Нават калі ў сям'і двое дзяцей, то яна ўсё адно падпадае пад указ Лукашэнкі.

Дэкларуецца, што сярэдні заробак павінен быць 1000 рублёў. Калі б такія працоўныя месцы былі - то пытанне аб беспрацоўі сёння не стаяла б. Цяпер у Менск масава з'язджаюцца людзі з рэгіёнаў. Менавіта таму, што не могуць у сваіх гарадах і паселішчах знайсці працу ці проста не хочуць працаваць задарма.

- Не паспела з'явіцца «база дармаедаў» - Лукашэнка падпісвае закон, паводле якога беспрацоўныя пазбаўляюцца дзяржпадтрымкі ў будаўніцтве жылля. Як вы гэта пракаментуеце?

- Яшчэ раз паўтаруся, што замест гэтага дэкрэта трэба забяспечыць беларусаў нармальнай працай з годным заробкам і тады пытанне развяжацца само сабой.

Магу сказаць, што многія «дармаеды» едуць за мяжу, дзе шукаюць працоўныя месцы з годным заробкам для таго, каб пабудаваць сабе жыллё. На беларускія заробкі, на жаль, зрабіць гэта немагчыма.

Што да новага закону супраць беспрацоўных, то ўлады проста шукаюць, за што ўскубці людзей, які імкнуцца, круцяцца, а на радзіме ім не забяспечылі нармальных варункаў жыцця. Беларусы спрабуюць нейкім чынам самі развязаць тыя пытанні, якія дзяржава цяпер не разглядае.

- Насцярожвае тое, што ўлады не абмяжоўваюцца павышэннем коштаў на паслугі ЖКГ у дачыненні да беспрацоўных. Ці магчыма з'яўленне новых указаў супраць «дармаедаў»?

- Варта адзначыць, што цяпер улады развязваюць усе праблемы за кошт беларусаў. І ўсё паказвае на тое, што гэтая тэндэнцыя - перакладання ўсіх праблем на плечы простых грамадзян - будзе прадаўжацца.

Што да аплаты ЖКГ даўно гаворыцца пра тое, што ўсе беларусы павінны аплачваць 100 адсоткаў ЖКГ і ў выніку мы да гэтага ўсё адно прыйдзем. Таму можа з'явіцца ўсё, што хочаш.

Мы гаворым пра тое, што ў прынцыпе гэтыя дэкрэты аб «дармаедах», што трэці, што першы, парушаюць Канстытуцыю Беларусі, уводзяць паняцце прымусовай працы. Чалавека прыцягваюць да працы ціскам і пагрозамі. Мы гаворым пра тое, што ў нас такая, на жаль, улада, якая плюе на Канстытуцыю, міжнародныя абавязанні.

Гарантаваць, што не з'явіцца чарговая антыканстытуцыйная пастанова ці закон, цяпер не даводзіцца. Зыходзячы з таго, што сябе чыноўнікі ні ў чым не абмяжоўваць, не хочуць і не маюць намеру, цалкам можа з'явіцца яшчэ нейкі падатак. Паўтаруся, улады спрабуюць развязаць свае праблемы за кошт простых людзей.

- Прафзвяз РЭП заявіў аб тым, што выпрацуе парады для барацьбы з «дармаедскім» дэкрэтам. Што б Вы параілі тым, хто трапіў у базу?

- Трэба звяртацца ў суды аб незаконным змяшчэнні сябе ў базе. Найперш таму, то там ёсць асабовыя звесткі. Ды і наогул трэба аспрэчваць само існаванне антыканстытуцыйнага дэкрэта! Трэба ўсімі спосабамі абараняцца ад усякага беззаконня. Для гэтага ёсць розныя шляхі, у тым ліку і прававыя.

Можна пісаць у «дармаедскія камісіі» заявы, каб працаўладкавалі на «сярэдні заробак» на адну тысячу рублёў - 500 даляраў. Паглядзім, як яны адрэагуюць на такое. Бо лагічна, што сярэднестатыстычны беларус павінен атрымліваць сярэднестатыстычны заробак. Кожнаму «дармаеду» - еўрапейскі заробак, тады пагаворым.

- Ці маюць маральнае права людзі, якія жывуць у шыкоўных палацах, патрабаваць з беспрацоўных грошы?

- Гэтае пытанне стаіць, можна сказаць, на парадку дня ўжо вельмі даўно. Ніхто ў Драздах не адмаўляецца ад сваіх шыкоўных пентхаусаў, ад высокага заробку, таму іх не хвалююць праблемы простых грамадзян. Бо яны не прывязаныя да, напрыклад, вытворчых момантаў, каб прадпрыемства не было банкрутам, нармальна працавала. Яны проста ўтульна сядзяць на плячах у падаткаплатнікаў. Гэта значыць, яны жывуць за кошт падаткаў і спрабуюць яшчэ нешта займець.

Хоць у Беларусі, калі разабрацца, усё становіцца далёка не бясплатным, а ўсё больш дарагім - тая ж нібыта бясплатная медыцына або навучанне, бясплатнае ўтрыманне ў дашкольных установах. Гэта ўсё выліваецца ў круглую суму, калі паслухаць людзей, якія сутыкаюцца з гэтым.

Намаганні чыноўнікаў павінны быць накіраваныя на тое, каб у дзяржаве нармальна працавала эканоміка, а не закрываць свае дзіркі тым, каб падвышаць паборы з людзей.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках