19 красавiка 2024, Пятніца, 15:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Людзі без заробку, у даху - дзіркі»

7
«Людзі без заробку, у даху - дзіркі»
Фота: fsmsteel.com

Улады прадалі туркам прадпрыемства ў Ваўкавыску.

Рабочым прадпрыемства ТАА «ФСМстыл» у Ваўкавыску даводзіцца працаваць на станках, на якія з даху цячэ вада. Вымушаныя яны перамяняцца пры мінусавай тэмпературы і мыць рукі ў ледзяной вадзе. Аб захаванні тэмпературнага рэжыму на прадпрыемстве ТАА «ФСМстыл» у Ваўкавыску казаць відавочна не даводзіцца, паведамляе «Газета Слонімская».

Былы завод КСОМ некалькі гадоў таму быў перададзены турэцкаму інвестару. Новы ўладальнік абяцаў правесці мадэрнізацыю і наладзіць сучасную вытворчасць, у выніку - прадпрыемства працуе са стратамі.

Вытворчыя і адміністрацыйныя будынкі не ацяпляюцца, батарэі зрэзаныя, у адным з цэхаў працякае дах. Прыблізны парадак толькі ў адным цэху.

Рабочыя, а гэта блізу 70 чалавек, вымушаныя пераадзявацца пры мінусавай тэмпературы і мыць рукі ў ледзяной вадзе. Каб хоць неяк выправіць сітуацыю і трохі сагрэцца, у невялікай бакоўцы ўсталявалі электраабагравальнік.

Тэхнічныя інспектары працы прафзвязаў неаднаразова звярталі ўвагу на парушэнне закона аб ахове працы на прадпрыемстве. Але гэтым разам, зноў прыйшоўшы з маніторынгам, яны нават уявіць не маглі ўсяго маштабу праблем: рабочым даводзіцца працаваць на станках, на якія з даху цячэ вада. Больш за тое, само абсталяванне не прайшло патрэбную паверку і не мае дазволу на эксплуатацыю. Не праводзілася на прадпрыемстве атэстацыя працоўных месцаў.

Нароўні з дрэннымі варункамі працы, працаўнікі прадпрыемства ўжо два месяцы не атрымліваюць заробак, што заканамерна выклікае абурэнне калектыву.

«Акрамя заробку, які не выплачваецца своечасова, на працоўных месцах у найлепшым выпадку 7-8 градусаў цяпла, а працаваць даводзіцца ў эмульсіі рукамі. Цяпер на пятнаццаць хвілін раз на дзень можна схадзіць пагрэцца, раней і гэтага не было. У іншым цэху наогул вада капае на галаву», - распавядае Віталь Таўстыга.

Галоўны энэргамеханік Іван Юрко мяркуе, што без нармальных інвестыцый прадпрыемства не зможа працаваць. «На састарэлым абсталяванні, якое паставіў інвестар, вельмі цяжка трымаць якасць», - паўтараюць на заводзе.

Людзі працуюць выключна на старых запасах, менавіта таму рэалізаваць прадукцыю практычна немагчыма. Незайздросныя перспектывы прыватнага прадпрыемства зразумелыя, здаецца, усім - ад працоўных да кіраўнікоў. Складваецца ўражанне, што праблемы работнікаў мала цікавяць інвестара.

Кіраўнікі ж наракаюць: «На дно кампанію цягне дэбіторская запазычанасць: гэтых грошай цалкам бы выстарчыла, каб разлічыцца з людзьмі».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках