26 красавiка 2024, Пятніца, 0:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Берасцейка пра тэракт У Страсбургу: Гелікаптэр кружляў да 12-і ночы, шукалі стралка

5
Берасцейка пра тэракт У Страсбургу: Гелікаптэр кружляў да 12-і ночы, шукалі стралка
ФОТА: REUTERS

Ірына Марозава прыляцела з Берасця ў Страсбург на калядны кірмаш якраз у той вечар, калі адбылася стральба.

Увечары 11 снежня ў французскім горадзе Страсбургу адбылася страляніна, у якой некалькі чалавек загінулі і больш за 10 былі параненыя, піша «Брестская газета». Там цяпер знаходзіцца берасцейка Ірына Марозава, якая прыляцела ў аўторак спецыяльна на калядны кірмаш. У аэрапорце яе сустрэлі сяброўка, ураджэнка Берасця, і яе муж-француз, каб на аўтамабілі адвезці да сябе дадому. Па дарозе яны бачылі месца ачаплення паліцыянтамі, але пра стральбу з загінулымі і параненымі даведаліся ўжо дома.

«Пачалі глядзець навіны і пра ўсё даведаліся. Мае сябры сказалі, што ў іх горадзе ніколі такога не было. Потым сын мужа маёй сяброўкі даслаў SMS, што з ім усё ў парадку. У яго як раз учора была праца ў развозе ежы ў цэнтры», - распавяла раніцай 12 снежня Ірына.

З яе слоў, цяпер панікі ў горадзе няма. У сям'і, дзе яна спынілася на час паездкі, з раніцы сабралі дзіця ў школу. Установа адкрытая, але тэлефанавалі настаўнікі і сказалі, што сёння бацькі вызначаюць самі, вучыцца дзіцяці ці заставацца дома.

Што тычыцца каляднага кірмашу, то на яго сёння Ірына не пойдзе, але ў цэнтр з'ездзіць.

«Учора адразу было папярэджанне не выходзіць з дому, бо за стралком ганяліся па горадзе. Гелікаптэр кружляў да 12-й гадзіны ночы, шукалі яго. А наогул антытэрарыстычныя захады кінуліся ў вочы яшчэ ў аэрапорце - патрулі хадзілі па 4 чалавекі з аўтаматамі наперавес», - адзначыла берасцейка.

З яе слоў, учора падчас страляніны ў горадзе якраз ішоў баскетбольны матч, на якім прысутнічала 6 000 чалавек.

«Іх усіх закрылі на арэне, немагчыма было выйсці. Скончылася тым, што была прынятая пастанова дайграць другі тайм і людзі разышліся», - сказала Ірына Марозава.

Нагадаем, стральба адбылася ўвечары 11 снежня побач з калядным кірмашом на плошчы Клебер у цэнтры Страсбурга. 29-гадовы мясцовы жыхар забіў трох і параніў 12 чалавек. Нягледзячы на сутыкненне з паліцыяй, нападніку ўдалося ўцячы.

У сувязі са здарэннем у Францыі ўзмоцняць захады бяспекі на калядных кірмашах, а таксама зробяць больш жорсткім памежны кантроль. Урад рыхтуецца ўвесці рэжым «тэрарыстычнай небяспекі», у рамках якога будуць ужытыя захады для ўмацаванні бяспекі на кірмашах ва ўсёй краіне, а таксама на мяжы.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках