18 красавiка 2024, Чацвер, 16:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стала вядома яшчэ пра адну бойку ў каледжы ўжытковага мастацтва

21
Стала вядома яшчэ пра адну бойку ў каледжы ўжытковага мастацтва

Навучэнцу зламалі скулу пасля ўроку беларускай мовы.

Пасля гучнай гісторыі з бойкай двух студэнтаў Менскага прафесійна-тэхнічнага каледжа дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва імя М.Кедышкі з «НН» звязалася маці аднаго з навучэнцаў гэтага каледжа. Жанчына распавяла, што яе сыну, таксама першакурсніку, зламалі скулу проста на ўроку беларускай мовы, піша nn.by.

Са слоў жанчыны, інцыдэнт адбыўся 18 кастрычніка. Яе сын Дзяніс сядзеў за партай. Да хлопца падышоў другі вучань, ударыў у твар. Давялося звяртацца ў лякарню.

Прычым, адбылося ўсё ў той жа групе, дзе вучыцца Дзмітрый Т., пацярпелы ў нядаўняй бойцы, якая трапіла на відэа.

Версія мамы такая: да яе сына ўвесь час чапляліся аднагрупнікі.

«Дзяніс быў сам па сабе. Да яго ўвесь час чапляліся: не тую музыку слухаеш, не ў тыя гульні гуляеш... Сапраўдны булінг. Там амаль уся група - сапраўдныя гопнікі, - сцвярджае Маргарыта, мама збітага навучэнца. - А той удар адбыўся на вачах выкладчыцы, яна ж і куратарка групы. І яна не хацела адпускаць майго сына з заняткаў пасля збіцця! А дома бацька яго ўбачыў і павёз у лякарню. Хлопчыку дыягнаставалі шматлікія пераломы сківічнай пазухі. 18 дзён ён ляжаў у лякарні, заходзіла гаворка нават пра тое, што давядзецца рабіць аперацыю, але абышлося».

Маці ўпэўненая, што ў каледжы хацелі замяць справу. Але жанчына падала заяву ў міліцыю, прычым і на хлопца, які ўдарыў яе сына, і на куратарку групы Жанну Васілевіч.

«Больш за ўсё мяне абурае, што выкладчыца не панесла ніякага дысцыплінарнага пакарання. Калі яна заяўляе, што сын не захацеў з ёй размаўляць, бо непрыязна да яе ставіцца - гэта проста цырк», - абураная маці.

Сапраўды, справу распачалі толькі ў дачыненні да таго хлопца, які ўдарыў аднакурсніка. Пабоі кваліфікавалі як менш цяжкія цялесныя пашкоджанні.

Журналісты звязаліся з некалькімі аднагрупнікамі пацярпелага. Тыя пацвярджаюць, што стасункі ў калектыве ў яго не складваліся.

«Ён быў сам па сабе, на сваёй хвалі. Дзіўны, на ўсіх уроках у тэлефоне сядзіць, гуляецца ў нешта, на настаўнікаў не рэагаваў. Часам нават падручнікі не браў з сабой, толькі футбольны мячык, які ганяў сам на перапынках, - распавёў адзін са студэнтаў. - На заўвагі рэагаваў рэзка. Калі ў яго пыталіся аднагрупнікі, чаму ён не піша на занятках, адказ мог быць такім: «Адчапіцеся, скончаныя».

Іншы навучэнец кажа, што ў той раз Дзяніса і «пакаралі за доўгі язык». Ён нібыта назваў аднагрупнікаў «убогімі ўё***мі».

«Ён абразіў увесь клас. Адзін хлопец і даў яму ў галаву з кулака. Ну і ўсё», - сцвярджае аднагрупнік. З ягоных слоў, фармальна бойка адбылася не на ўроку, а на перапынку - праўда, на першай жа хвіліне, адразу пасля званка.

Куратарка групы Жанна Васілевіч адмовілася каментаваць гэты выпадак.

Маці пацярпелага аднакурсніка ў выніку вызначыла забраць дакументы сына з каледжа.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках