16 красавiка 2024, aўторак, 9:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сцяпан Грыгаран: Важна, што ў Арменіі памянялася сама атмасфера

2
Сцяпан Грыгаран: Важна, што ў Арменіі памянялася сама атмасфера
СЦЯПАН ГРЫГАРАН

Вынікі выбараў у парламент адлюстроўваюць настрой народа.

На парламенцкіх выбарах у Арменіі блок Нікола Пашыняна «Мой крок» атрымаў упэўненую перамогу з вынікам, большым за 70% галасоў. Дзве іншыя палітычныя сілы, якія прайшлі ў парламент краіны, «Квітнеючая Арменія» і «Асвечаная Арменія» набралі блізу 8% і 6% адпаведна.

З такім адрывам палітычная партыя перамагае ўпершыню ў гісторыі незалежнай Арменіі.

Вынікі парламенцкіх выбараў сайту Charter97.org пракаментаваў вучоны-фізік, адзін з лідараў дэмакратычнага руху ў Арменіі ў 1990-х гадах, былы дэпутат Вярхоўнага Савета рэспублікі і амбасадар Арменіі ў Расеі Сцяпан Грыгаран:

- Настроі ў грамадстве такія, што Нікол Пашынян павінен быў набраць шмат галасоў на гэтых выбарах. Было зразумела, што за ягоны блок прагаласуюць 65-70% выбаршчыкаў.

Гэта значыць, выбары прайшлі больш-менш нармальна: яны былі досыць сумленнымі і празрыстымі. І вынікі выбараў у Арменіі адлюстроўваюць настрой народа.

Але з пункту гледжання палітычнай раўнавагі ўнутры ўлады, вядома, ёсць пэўная занепакоенасць. Таму што толькі адна палітычная сіла перамагла з такой перавагай і атрымала 2/3 мандатаў у парламенце.

Акрамя таго, у парламенце практычна не выявілася апазіцыі, бо дзве іншыя партыі - «Квітнеючая Арменія» і «Асвечаная Арменія» – па вялікім рахунку не з'яўляюцца апазіцыяй, іх канцэпцыі не ўяўляюць вялікіх адрозненняў ад пазіцый блока Нікола Пашыняна «Мой крок».

Гэта значыць, пры ўсім тым, што выбары досыць сумленныя і мы атрымалі дастаткова легітымны парламент, які адлюстроўвае інтарэсы народа, даводзіцца канстатаваць, што ніякіх проціваг унутры парламента няма. Няма альтэрнатыўных цэнтраў у галоўным заканадаўчым органе - і гэта выклікае пэўную занепакоенасць.

Але можна дакладна сказаць: выбары прайшлі сумленна.

- Якія самыя важныя задачы стаяць перад урадам Пашыняна? Якія рэформы яму давядзецца правесці, каб апраўдаць давер армянскага народа?

- Хачу сказаць пра важныя моманты ў краіне пасля выбараў.

Напярэдадні мы перайшлі да парламенцкай сістэмы. І пасля гэтых выбараў Нікол Пашынян ужо мае большасць у парламенце. Гэта вельмі важна.

Уся праблема была ў тым, што пасля рэвалюцыі Нікол Пашынян стаў прэм'ер-міністрам меншасці. Большасць заставалася ў былой кіроўнай партыі. Цяпер сітуацыя нармалізавалася: Нікол Пашынян - прэм'ер, і ў яго будзе большасць у парламенце. Гэта вельмі важна і пазітыўна.

Пазітыўна ў тым сэнсе, што цяпер Нікол Пашынян сфармуе ўрад большасці і калі ён пачне працаваць, мы не будзем сведкамі падвохаў і правакацый унутры парламента.

З іншага боку, у народа - вялікія чаканні ад новага ўрада. Не ведаю, як усе гэтыя чаканні ўрад здолее выканаць.

Галоўныя чаканні такія: паляпшэнне сацыяльнай сітуацыі, падвышэнне заробкаў, эканамічныя свабоды, барацьба з алігархіяй і карупцыяй. Гэта ўсё - пытанні прыярытэтнай важнасці. Паглядзім, як будзе іх развязваць урад, час пакажа.

Але сітуацыя ўжо нармальная ў тым сэнсе, што Нікол Пашынян і ягоны блок маюць большасць у парламенце і яны змогуць лёгка прымаць усе заканадаўчыя акты для правядзення рэформаў.

- Ці змянілася жыццё ўжо ў Арменіі пасля «аксамітнай» рэвалюцыі?

- Безумоўна. У Арменіі змянілася сама атмасфера. Трэба шчыра сказаць: гэта вельмі важна. Атмасферы страху сёння няма.

Гэта, у тым ліку, паказалі і парламенцкія выбары. На іх партыі спакойна праводзяць свае кампаніі. Ніякіх перашкод не было: партыі маглі праводзіць мітынгі, свабодна перасоўвацца ў краіне. У гэтым сэнсе адбыліся моцныя змены ў лепшы бок.

Таксама пазітыўна тое, што пачалася пэўная барацьба з карупцыяй і дэманапалізацыя.

Але пэўныя незадаволенасці ў народа былі, бо ўсё гэта рабілася не сістэмна. Змены насілі кропкавы характар. Спадзяюся, што пасля выбараў пачнецца больш сістэмная праца над гэтымі пытаннямі.

Людзі чакаюць ад урада падвышэння заробкаў і пенсій, паляпшэння сацыяльнай сітуацыі. А для гэтага неабходна і прымаць новыя законы, і прыцягваць інвестыцыі. Спадзяюся, што цяпер пачнуцца пазітыўныя зрухі.

За сем месяцаў пасля рэвалюцыі пазітыўным было не тое, што падвысілі заробкі, а тое, што атмасфера ў краіне кардынальна памянялася. Страху няма, палітычныя свабоды ўзмацніліся - гэта павінна даць пазітыўныя зрухі ў іншых галінах.

- Паміж Пашынянам і Лукашэнкам намеціўся ўстойлівы канфлікт як мінімум у двух кірунках: пытанне аб генеральным сакратару АДКБ і продаж беларускіх «Паланэзаў» Азербайджану. На вашу думку, будзе ўзмацняцца гэты канфлікт?

- Думаю, што гэты канфлікт будзе ўзмацняцца. З той простай прычыны, што афіцыйны Менск будзе прадаўжаць супрацоўніцтва з Азербайджанам у вайсковай сферы, а гэта будзе выклікаць раздражненне ў Арменіі.

Па-другое, астатні год на пасадзе генеральнага сакратара павінен быў, паводле логікі, быць перададзены Арменіі. Але гэта, на жаль, не рэгулюецца дамовай аб калектыўнай бяспецы.

Чаму Лукашэнка хоча, каб Беларусь раней атрымала пасаду генеральнага сакратара АДКБ? Ён проста робіць крок на карысць Азербайджана: хоча падыграць Баку, каб атрымаць больш нафты за найлепшы кошт. Таму я думаю, што стасункі паміж афіцыйным Менскам і Ерэванам будуць пагаршацца.

Лукашэнка будзе прадаўжаць вайсковае супрацоўніцтва з Азербайджанам. Гэта для нас вельмі адчувальнае пытанне. Таму ў дачыненнях паміж Арменіяй і Беларуссю будзе расці напружанне.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках