29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы і прафзвяз РЭП: Патрабуем скасаваць дэкрэт аб «дармаедах»

5
Праваабаронцы і прафзвяз РЭП: Патрабуем скасаваць дэкрэт аб «дармаедах»
Фота: bortnikau.livejournal.com

Дэкрэты ўладаў накіраваныя не на садзейнічанне занятасці, а на агульную працоўную павіннасць.

Незалежны прафзвяз РЭП, Беларускі Хельсінскі камітэт, праваабарончы цэнтр "Вясна" і праваабарончы цэнтр "Прававая дапамога насельніцтву" (зарэгістраваны ва Украіне) прынялі супольную заяву аб Дэкрэце №3 і Дэкрэце №1, які прыйшоў яму на замену, піша praca-by.info.

ЗАЯВА

25 студзеня 2018 года быў выдадзены Дэкрэт №1 "Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва", якім унесеныя змены ў Дэкрэт №3 ад 02.04.2015 г. "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства".

Унясенне змяненняў стала вымушаным крокам уладаў у адказ на адкрыты пратэст грамадзян Беларусі ў 2017 годзе супраць Дэкрэта №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства".

Вярхоўная ўлада пераклала ўсю адказнасць за рэалізацыю Дэкрэта №1 на мясцовыя выканаўча-распарадчыя органы, якія павінны распрацоўваць спісы так званых "працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы".

Мяркуецца, што грамадзяне, якія трапілі ў спісы "не занятых у эканоміцы", з 1 студзеня 2019 года будуць аплачваць поўны тарыф на гарачае водазабеспячэнне, а з 1 кастрычніка 2019 года - на газазабеспячэнне і цеплазабеспячэнне.

Акрамя таго, Дэкрэт №1 прадугледжвае прымусовае накіраванне некаторых катэгорый грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі (ЛПП).

У Дэкрэце №1 закладзенае імкненне ўладаў узаконіць прымусовую працу, што супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародным актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь.

У адпаведнасці з Усеагульнай Дэкларацыяй правоў чалавека, "кожны, хто працуе, мае права на справядлiвую i годную ўзнагароду, якая забяспечвае вартае чалавека iснаванне для яго самога i ягонай сям'i, i дапаўняецца, пры неабходнасцi iншымi сродкамi сацыяльнага забеспячэння".

На наш погляд, Дэкрэт №3 і Дэкрэт №1 накіраваныя не на садзейнічанне занятасці, а на дасягненне агульнай працоўнай павіннасці - па-за залежнасцю ад сумы заробку і годнага ўзроўню жыцця сваіх грамадзян.

Каб пазбегнуць новых выступленняў грамадзян, не згодных з антыканстытуцыйнымі дэкрэтамі, і недапушчэння дэстабілізацыі сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь, патрабуем скасаваць (прыпыніць) Дэкрэт №3 і Дэкрэт №1. Заклікаем органы дзяржаўнай улады супольна з прадстаўнікамі грамадскасці, праваабарончых арганізацый, незалежных прафзвязаў неадкладна заняцца распрацоўкай дзейсных захадаў, накіраваных на стварэнне рэальнай матывацыі для высокапрадукцыйнай і якаснай працы, з заробкам, не ніжэйшым за сярэдні заробак у краіне на момант уладкавання на прапанаванае працоўнае месца, незалежна ад рэгіёнаў і формаў уласнасці прадпрыемстваў, занятых у эканоміцы Беларусі.

Беларускі прафзвяз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП)

Беларускі Хельсінскі камітэт

Праваабарончы цэнтр "Вясна"

Праваабарончы цэнтр "Прававая дапамога насельніцтву" (зарэгістраваны ва Украіне)

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках