29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі, напрыклад, «тройка» - то 15% заробку здымаецца»

19
«Калі, напрыклад, «тройка» - то 15% заробку здымаецца»

У Ганцавіцкім раёне даяркам завялі дзённікі, ставяць адзнакі і штрафуюць.

На гэты раз здымачная група «Маю права» накіраваліся ў вёску Кукова Ганцавіцкага раёна, паведамляе Белсат.

На загад Уладзіміра Грыгарана, дырэктара прадпрыемства «Дубнякі», даяркам пачалі выстаўляць адзнакі за працу. Адзнакі работніцы фермы атрымліваюць за якасць надоенага малака. Вось што яны нам распавялі падчас ранішняй дойкі.

«Калі, напрыклад, «чацвёрка», то 10% здымаецца, «тройка» - мінус 15% ад заробку. Каб заробку менш выплачваць, такое прыдумаў, - кажа даярка Крысціна Страковіч. - Мы ведаем сваю працу, усё ў нас нармальна, усё чыста. А ён усё нешта патрабуе, не ведаю, чаму гэта так».

Марына Раковіч, даярка гаспадаркі «Дубнякі», не згодная, што якасць малака цалкам залежыць ад іх працы. Некаторыя парушэнні на ферме яна нават сфатаграфавала на свой тэлефон:

«Ён сказаў (дырэктар ААТ «Дубнякі» У. Грыгаран. - заўв. МП), што ў першую чаргу ўсё залежыць ад даяркі. Але я не згодная, бо прыходзіць карова, і не ведаеш, з якога боку да яе падысці. З яе цячэ. Дойка не працуе. Траса брудная».

Наша здымачная група спрабавала пагаварыць з дырэктарам «Дубнякоў», каб ён патлумачыў сваю задуму. Але Уладзімір Грыгаран адразу з'ехаў з фермы. Затое Людміла Варган, галоўны заатэхнік прадпрыемства, вінаваціць ва ўсім даярак, што наважыліся распавесці пра дырэктарскія адзнакі:

«Вось бачыце, тая, якая вам патэлефанавала, вы былі ў яе ў доме, яна ўжо а сёмай дома. А тая даярка, якая доіць на новым абсталяванні, да васьмі тут. У чым розніца? Як ты здолела падаіць за дзве гадзiны, а іншыя дояць тры?»

Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага дэмакратычнага саюза прафзвязаў, калісьці ўзначальваў прафзвяз аграпрамысловага комплексу. Ён кажа, што даярка - апошняя асоба ў ланцугу адказнасці за якасць малака. І параіў жанчынам звярнуцца па абарону не толькі да СМІ:

«Я б параіў ім усё ж памятаць пра свае правы і звяртацца ў той жа самы прафзвяз і патрабаваць, што нельга так ставіцца да работнікаў, да даярак».

Пасля таго, як наша здымачная група з'ехала з фермы, у вёсцы Кукове, даяркам, якія звярнуліся да нас па дапамогу, пачалі пагражаць звальненнем і тым, што адбяруць дзяцей. Жанчыны ў стрэсе, але і замоўчваць сітуацыі на ферме яны больш не хочуць. Будзем сачыць за развіццём падзей.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках