29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Людзі выйдуць з пустымі рондлямі

20
Генадзь Фядыніч: Людзі выйдуць з пустымі рондлямі

«Дармаедскія» пратэсты могуць успыхнуць у кожным рэгіёне.

Адзін з лідэраў незалежнага прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч пракаментаваў «дармаедскі» дэкрэт у інтэрв'ю «БелГазеце».

– Міністарка працы заявіла, што ў базу звестак грамадзянаў, не занятых у эканоміцы, уключаны 500 тысячаў чалавек. Адкуль узялася гэтая лічба?

– Думаю, на ваша пытанне не адкажуць нават улады. Мне здаецца, за аснову ўзялі 470 тыс. чалавек, якіх уключылі ў спісы «дармаедаў» пры рэалізацыі дэкрэта N3; гэтыя спісы дапоўнілі грамадзянамі, якія вядуць так званы «асацыяльны лад жыцця», узялі базу ФСАН, спісы тых, хто выехаў на заробкі за мяжу, – у выніку і атрымалася 500 тыс. чалавек. Такая мая версія.

– Дзіўная сітуацыя вымалёўваецца: у красавіку 2015 г., калі з'явіўся дэкрэт N3, налічылі 470 тыс. «дармаедаў», у снежні 2018 г. гэтая лічба павялічылася да 500 тыс. Вымалёўваецца небяспечная тэндэнцыя: чым больш дзяржава займаецца «дармаедамі», тым больш іх становіцца.

– Увогуле дзяржава імі не займалася: толкам яшчэ ніхто не працаўладкаваны. Не варта забывацца, што за мінулы перыяд з прадпрыемстваў звольнена больш за 130 тыс. – няўжо ўсіх працаўладкавалі? Праўда, нехта пайшоў на пенсію, частка людзей працаўладкавалася, многія з'ехалі за мяжу, але большасць не стала на біржу працы, а падзарабляе разнастайнымі спосабамі.

Калі такая тэндэнцыя прадоўжыцца, не здзіўлюся, калі праз 2-3 гады ў нас будзе 800–900 тыс. «дармаедаў» – усё ідзе да таго. Прадпрыемствы не растуць, новыя месцы не ствараюцца, а толькі скарачаюцца.

– На 1 лістапада 2018 г. афіцыйны ўзровень беспрацоўя склаў 0,3% ад працаздольнага насельніцтва, а колькасць не занятых у эканоміцы – 10%. Не бачыце супярэчнасцяў?

– Нават названыя 500 тыс. не адлюстроўваюць рэальнага становішча справаў з беспрацоўем. Сёння можна смела казаць, што беспрацоўе ў Беларусі складае 15–18%. А 0,3% не выклікае нават смеху – проста сумна.

– Пачынаецца «паляванне на дармаедаў». Які алгарытм дзеянняў параіце чалавеку, які апынуўся ў чорных спісах?

– Кожны павінен зразумець: не народ для ўлады, а ўлада для народа. Чыноўнікі таксама павінны запомніць гэтую ісціну.

Народ зноў атрымлівае так званыя «лісты шчасця». Кожны атрымальнік павінен задаць пытанне: на якіх падставах і паводле якіх крытэраў камісіі фармуюць так званыя «спісы дармаедаў» і асобаў асацыяльнага ладу жыцця. Больш за тое, паняцця «асацыяльны лад жыцця» няма ў беларускім заканадаўстве – расшыфруйце!

Рэкамендую ўсім, чые сваякі і блізкія сёння працуюць за мяжой, хто не працаўладкаваны ў Рэспубліцы Беларусь, хто падзарабляе: супакойцеся, хай гістэрыць ўлада, а не вы. Усе тэлефанаванні, якія тычацца ўключэння вас ці вашых сваякоў у «спісы дармаедаў», ігнаруйце!

Прапануеце накіраваць на ваш адрас пісьмовае паведамленне пра тое, пра што вам хочуць сказаць. Ваша права – адказваць ці не адказваць на атрыманыя паведамленні. Паколькі спісы зацвярджаюць мясцовыя органы ўлады, пішыце лісты на імя кіраўніка раёна (горада) з патрабаваннем даць аргументаваны адказ: на якой падставе, у адпаведнасці з якімі артыкуламі закона (і Канстытуцыі) і міжнароднага заканадаўства вы ўнесеныя ў спіс грамадзянаў, якім дзяржава павінна спрыяць у занятасці.

На першым этапе вашых лістоў хопіць: хай улады атрымаюць і дадуць адказы на 500 тыс. зваротаў. Цягам 15 дзён, у адпаведнасці з законам аб зваротах грамадзянаў, вам павінны адказаць.

Потым прааналізуем разам з грамадзянамі атрыманыя адказы, якія пры неабходнасці або абскардзім у судах, альбо (калі чалавек сапраўды не працуе ў гэты перыяд) будзем разбірацца – што камісія прапанавала грамадзяніну перш, чым унесці ў «спісы дармаедаў». Канстытуцыя забараняе прымусовую працу. А дэкрэт N1, як мы бачым, накіраваны не на спрыянне занятасці насельніцтва, а на дасягненне агульнай працоўнай павіннасці – незалежна ад памеру заробку і годнага ўзроўню жыцця сваіх грамадзянаў.

– Праблемы пачынаюцца ўжо на першапачатковым этапе, пры спробе даведацца, уключаны грамадзянін у чорны спіс або не ўключаны. Для гэтага трэба патрапіць у базу звестак. Але працэдура атрымання ўсіх пароляў і доступаў настолькі складаная і турботная, што проста плюнуць хочацца...

– У Беларусі бестурботна прыходзяць толькі «лісты шчасця» пасля таго, як ты перавысіў хуткасць і радар зафіксаваў нумар тваёй машыны.

Не лезьце вы ў гэтую базу, не псуйце сабе нервы – не патрэбная яна вам! Пішыце лісты ў органы выканаўчай улады. Звяртайцеся таксама і ў прафзвяз РЭП, у праваабарончыя арганізацыі – ужо на гэтым тыдні мы выдадзім памятку пра тое, як дзейнічаць у выпадку атрымання «лістоў шчасця».

– Выканаўчая ўлада патрабуе ад грамадзянаў даказваць, што яны не з'яўляюцца «дармаедамі»...

– Гэта абавязак камісій даказваць, што грамадзянін не задзейнічаны ў эканоміцы, я нікому нічога не абавязаны даказваць. Калі ў вас ёсць дакументы, якія пацвярджаюць мой «дармаедскі» статус, – падайце мне копію, я іх прааналізуюць і падумаю, што мне з імі далей рабіць. Вось так павінны рабіць грамадзяне, а ўлада абавязаная паважаць іхняе меркаванне.

– Як адказваць на патрабаванне паказаць дакументы, якія сведчаць пра занятасць?

– Грамадзянін павінен папрасіць выслаць на ягоны адрас копію дакументаў, на падставе якіх камісія ўключыла яго ў спіс «дармаедаў». Дайце мне гэтыя дакументы! Чаму я павінен несці нейкаму чыноўніку, які жыве за кошт нашых падаткаў, дакументы, якія ён павінен сабраць у сілу сваіх службовых абавязкаў? Чаму грамадзянін павінен выконваць працу чыноўніка?

– Улады пагражаюць матэрыяльнымі наступствамі для «незанятых у эканоміцы»...

– З 1 студзеня 2019 г. ім давядзецца плаціць у 5 разоў даражэй за гарачую ваду. Але калі ўлады не дадуць законнага і аргументаванага адказу грамадзяніну, тады рушыць позва ў суд – на кожнага адміністратара, які падпісаў «ліст шчасця». Мы закідаем суды заявамі. А жыццёвыя гісторыі ў кожнага будуць нетыповымі – сёння пра гэта можна казаць з упэўненасцю.

Перш за ўсё, улады надумалі запалохаць нашых суайчыннікаў, якія працуюць за мяжой. Я дапускаю, што не ўсе грамадзяне, якія працуюць за мяжой, сёння могуць даць афіцыйны дакумент, які пацвярджае, што ён працуе на афіцыйнай аснове і атрымлівае адпаведнае ўзнагароджанне. Але ён можа падаць дакумент, што выслаў у Беларусь частку заробленых грошай сваёй сям'і – хіба гэта не ўдзел у эканоміцы, хіба гэтыя грошы ўпалі з неба? Або беларуская ўлада падарыла гэтыя грошы?

Калі ўлада спадзяецца запалохаць няўклюднымі дзеяннямі сваіх грамадзянаў, няхай рыхтуе грошы ў бюджэце для тых, каго яна не забяспечыла заробкам прынамсі ў межах бюджэту пражытковага мінімуму на кожнага чальца сям'і. Калі вы забыліся – нагадаем заявай. Вы далі чалавеку працу з заробкам BYN 250–300 на сям'ю з трох чалавек, дадайце штомесячную сацыяльную даплату рублёў 450, каб на кожнага чальца сям'і выйшаў бюджэт пражытковага мінімуму, – тады буду працаваць.

– Першая спроба ўладаў раскулачыць сваіх грамадзянаў скончылася «пратэстамі недармаедаў». Чаго чакаць цяпер?

– Улада закранае не інтарэсы аднаго чалавека, які сёння працуе за мяжой, а асабістае жыццё кожнай сям'і – а гэта мінімум 3-4 чалавекі. І калі вы на свае «лісты шчасця» дастанеце сем'і, яны выйдуць з пустымі рондлямі. І выйдуць у кожным раёне.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках