20 красавiка 2024, Субота, 0:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-кіраўнік Нацбанка: Ідэал для нас – дэмакратыя, а не аўтарытарызм

4
Экс-кіраўнік Нацбанка: Ідэал для нас – дэмакратыя, а не аўтарытарызм
СТАНІСЛАЎ БАГДАНКЕВіЧ

Беларусь – еўрапейская краіна.

На пытанне, ці здолее Расея прымусіць Беларусь да аб'яднання нацыянальных валютаў і іншых інтэграцыйных крокаў, «Радыё Свабода» адказаў былы старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

– І тады, у пачатку 2000-х, не атрымалася, і цяпер наўрад ці атрымаецца. Беларусь хоча захаваць суверэнітэт і незалежнасць. Аб'яднанне з Расеяй – гэта страта незалежнасці, – перакананы экс-кіраўнік Нацбанка Беларусі.

Паводле ягоных словаў, паколькі Расея вялікая і памерамі валавога нацыянальнага прадукту несупастаўная з Беларуссю, яна заўсёды будзе дамінаваць. Таму, каб не быць у падначаленні, Беларусі трэба захаваць і незалежную валюту, і іншыя атрыбуты незалежнасці.

Датычна верагоднай грашовай выгоды ад аб'яднання грашовых сістэмаў дзвюх краінаў Станіслаў Багданкевіч сказаў, што існуюць рэчы, якія не павінны прадавацца ні за якія грошы, – гэта незалежнасць:

– І чаму абавязкова трэба прадавацца ад таго, што няма сваёй нафты і газу? Колькі краінаў ёсць, якія не маюць нафты і газу, але жывуць, развіваюцца эканамічна і палітычна.

Ён дадаў, што падзяляе меркаванне Станіслава Шушкевіча, які нядаўна ў інтэрв'ю сказаў, што мы маглі б сябраваць з Расеяй, калі б яна была іншай – дэмакратычнай, прадказальнай у палітычным плане, – але яна такой не з'яўляецца.

– Калі б яна была цывілізаванай еўрапейскай краінай, можна было б яшчэ пра гэта думаць, але Расея, якую мы сёння назіраем – гэта дзікая Расея. Якая гатовая парушаць міжнародныя пагадненні, гатовая страляць у так званых братоў. Хіба можна думаць пра аб'яднанне з такой краінай? – мяркуе Багданкевіч.

Ён назваў «дзікасцю» інцыдэнт у Керчанскім праліве, калі 25 лістапада расейскія вайскоўцы адкрылі агонь па караблях украінскіх ВМС, захапілі іх і арыштавалі ўкраінскіх маракоў, абвінаваціўшы іх у парушэнні дзяржаўнай мяжы:

«Мы еўрапейская краіна, і ідэал для нас – дэмакратыя, не аўтарытарызм»

На думку былога старшыні Нацбанку, з аднаго боку, Расея больш рынкавая, з другога – не менш аўтарытарная. Таму ягоная пазіцыя застаецца нязменнай – сёння трэба захоўваць суверэнітэт, і не толькі з эканамічных меркаванняў, але і палітычных:

– Мы ўсё ж еўрапейская краіна, і ідэал для нас – гэта дэмакратыя а не аўтарытарызм.

«Колькі можна быць нахлебніцай? Адсюль і пагроза незалежнасці»

Ці атрымаецца ў беларускага кіраўніцтва дамовіцца пра кампенсацыю стратаў ад падатковага манеўру ў Расеі? Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што шанцы застаюцца.

– Мяркую, Расея саступіць чарговы раз, ёй важна захоўваць Беларусь як прыдатак сваёй імперыі, і таму яна пойдзе на некаторыя саступкі. Іншая рэч, што Беларусі трэба заканчваць з гэтым. Колькі можна быць нахлебніцай? Менавіта адсюль галоўная пагроза незалежнасці.

Паводле ягоных словаў, Лукашэнка пакуль манеўруе, і гэта ў яго атрымліваецца нядрэнна, але было б добра, каб яму яшчэ хапіла палітычнага духу перабудаваць сістэму кіравання дзяржаўнымі кампаніямі і прадпрыемствамі:

– Вялізныя прыбыткі маем, напрыклад, ад калійнай солі ці некаторых іншых тавараў, а куды іх выдаткоўваем? Выдаткоўваем на ўтрыманне стратнага «Гомсельмаша» і іншых стратных кампаній. Маглі б падняць заробак настаўнікам, іншым бюджэтнікам, а марнуем, і так шмат дзе. Такія ясныя рэчы, а Лукашэнка 20 гадоў не развязвае гэтай праблемы і давёў да таго, што яму зноў ставяць ультыматум – аб'ядноўваць грошы.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках