16 красавiка 2024, aўторак, 20:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэжым Лукашэнкі вісіць на валаску

44
Рэжым Лукашэнкі вісіць на валаску

Чаму захваляваліся расейцы?

Падчас візіту ў Берасце 13 снежня прэм'ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў прапанаваў увесці ў Беларусі расейскі рубель, адзіную мытню, суд і падліковую палату. Пракаментаваць заяву прэм'ера РФ і апошні выступ Лукашэнкі перад расейскімі СМІ сайт Charter97.org папрасіў каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітра Бандарэнку:

– Візіт Мядзведзева ў Беларусь планавы. Сходка ў Берасці даўно планавалася, так што нічога нечаканага няма. Нечакана тое, што Мядзведзеў, які звычайна гуляе ролю добрага следчага, раптам зрабіў жорсткія заявы.

– Чаму гэтыя заявы прагучалі менавіта цяпер?

– Заявы выкліканыя тым, што ўлады Расеі ведаюць рэальнае становішча справаў у Беларусі, рэальны рэйтынг Лукашэнкі, рэальны стан эканомікі, і яны разумеюць, што ўсё вісіць на валаску, таму што народны выбух, выбух народнага абурэння, сацыяльныя пратэсты могуць зрушыць Лукашэнку ў любы момант. А паколькі ён у насельніцтва асацыюецца з вобразам расейскай марыянеткі, то натуральна, гэта закране і інтарэсы Расеі.

У Расеі ж самой справы вельмі дрэнныя на ўсіх франтах, у першую чаргу ў эканоміцы. Крэмль баіцца, што ў выніку народных пратэстаў Лукашэнка будзе змецены, а расейцы застануцца ля разбітых начовак, як гэта часта адбывалася з іх стаўленікамі ў Югаславіі, Арменіі, Украіне і раней у краінах Варшаўскай дамовы.

Існуюць аб'ектыўныя законы гісторыі, і што б ні спрабаваў рабіць Крэмль, ні спрабаваў рабіць Лукашэнка, усё роўна Беларусь стане часткай Еўропы, таму што яна геаграфічна тут знаходзіцца, стане дэмакратычнай краінай з рынкавай эканомікай. Мы цяпер усе назіраем момант, які вельмі падобны да тых падзеяў, да той сітуацыі, якая была ў канцы 1980 – пачатку 1990-х гадоў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

– У Беларусі не за гарамі прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Ці не нагадваюць вам апошнія заявы Мядзведзева сітуацыю напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года? Тады Мядзведзеў, дарэчы, быў прэзідэнтам Расеі, і Крэмль сур'ёзна ціснуў на Лукашэнку, патрабуючы больш глыбокай інтэграцыі.

– Я думаю, што сітуацыя іншая. Так званая лукашэнкаўская мадэль памерла ў 2011 годзе. Цяпер эканамічная сітуацыя ў Беларусі вельмі дрэнная. Лукашэнка сам прызнаўся, што бярэ крэдыты ў Расеі пад касмічныя адсоткі. Ён сказаў, што мы бярэм у Расеі 4–5 мільярдаў, а абслугоўванне пазыкі за год абыходзіцца на 1 мільярд 200 мільёнаў даляраў. Атрымліваецца, што ён бярэ крэдыты пад 25 адсоткаў гадавых.

Так робяць толькі вар'яты. Ягонае становішча катастрафічнае, крэдыторы ўжо прыставілі пісталет да ягонай галавы, крэдыты ён бярэ для таго, каб бунты не ўспыхвалі кожны дзень. Эканоміка неэфектыўная – ад нуля да 40 мільярдаў даляраў крэдытаў набрана за апошнія 15 гадоў. Пенсіі і заробкі шмат у чым выплачваюцца з гэтых крэдытаў. Лукашэнка жыве паводле прынцыпу "дзень прастаяць, ды ноч пратрымацца".

– Як Вы мяркуеце, як будзе адбывацца пераход Беларусі да дэмакратыі?

– Апазіцыя, як нядаўна сказаў Яўген Афнагель, павінна чуць голас народа. Павінна быць з народам, пра што кажа Мікола Статкевіч. Тады ўсё ў нас атрымаецца. А народ сёння хоча зменаў, яму смяротна надакучыў Лукашэнка і гэтая кліка. Трэба шукаць міжнародных хаўруснікаў, трэба тлумачыць, якое рэальнае становішча справаў у краіне, а не ездзіць на Захад і мычэць, што Лукашэнка нібыта гарант незалежнасці, як робяць некаторыя палітыкі.

Давайце ўспомнім пра тое, як адбываўся пераход да дэмакратыі ў краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Трэба быць гатовым да таго, што такія пратэсты пачнуцца ў Беларусі, быць гатовым іх узначаліць і адначасова весці перамовы і з дэмакратычным Захадам, і з разважлівымі людзьмі ва ўладзе пра тое, што працэс змены ўлады непазбежны. Каб не атрымалася, як з тымі "саветолагамі", для якіх распад Савецкага Саюза стаў поўнай нечаканасцю. Але для людзей, якія змагаліся ў польскай "Салідарнасці" ці былі ўдзельнікамі чэхаславацкай "Хартыі-77", нічога не было выпадковым. Проста людзі змагаліся многія гады, і ўрэшце яны дамагліся гэтага выніку. І барацьба беларускіх дэмакратычных сілаў справядлівая, лагічная і непазбежна прывядзе да перамогі.

Яшчэ раз паўтару, ёсць расейскі, еўраазіяцкі шлях развіцця і ёсць еўрапейскі, і шмат у чым гэта абумоўліваецца, на шчасце, геаграфічным становішчам краіны. Калі б Беларусь знаходзілася ў Лацінскай Амерыцы, была б лацінаамерыканская або афрыканская мадэль, якую абраў Лукашэнка, але геаграфія дыктуе свае законы. Мы з'яўляемся еўрапейцамі, мы маем гістарычныя традыцыі знаходжання ў Еўропе і павінны проста вярнуцца ў Еўропу. Так, пераход гэты будзе нялёгкім, запатрабуе максімум намаганняў, але я ўпэўнены ў нашай перамозе.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках