23 красавiка 2024, aўторак, 16:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Камерсант»: Пра вяселле ці развод даведаемся пасля сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі

33
«Камерсант»: Пра вяселле ці развод даведаемся пасля сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі
ФОТА З САЙТА KRITIKI.NET

У стасунках РФ і Беларусі пазначыўся ключавы канфліктны сюжэт.

Асноўная спрэчка вядзецца пра інтэграцыю дзвюх краінаў, звязаных усё яшчэ недавыкананай дамовай пра саюзную дзяржаву. Масква абумовіла далейшы рух у неразвязаных эканамічных пытаннях паскарэннем і паглыбленнем збліжэння. У Менску кажуць пра прымус да ўваходжання ў склад Расеі. Гэтая тэма, напэўна, стане ключавой на запланаваных 25 снежня перамовах прэзідэнтаў РФ і Беларусі. Калі яны адбудуцца, піша газета «Камерсант».

За спрэчкамі Масквы і Менска з нагоды кошту на пастаўляны ў Беларусь расейскі газ і вакол паставак расейскай нафты ва ўмовах падатковага манеўру стаіць сур'ёзны палітычны канфлікт. Канчаткова гэта стала ясна 14 снежня, калі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся ў Менску з журналістамі з Расеі, у ліку якіх быў і карэспандэнт "Камерсанта". У ходзе размовы, якая доўжылася амаль чатыры гадзіны, Лукашэнка і раскрыў прычыну, з якой бакі ўжо даволі доўга не могуць уладзіць нафтагазавыя праблемы.

Ужо ў сваёй уступнай прамове беларускі кіраўнік паведаміў, што назапашаныя паміж Менскам і Масквой праблемы хутка будуць абмяркоўвацца на найвышэйшым узроўні – ім і прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.

«Мы даўно планавалі гэтую сустрэчу. Шчыра кажучы, рыхтаваліся падвесці вынікі беларуска-расейскага ўзаемадзеяння. Але, на жаль, пытанні пакуль застаюцца. І ў найбліжэйшы час мы разам з маім расейскім калегам пастараемся іх развязаць. Так што інфармацыйныя падставы яшчэ вам будуць забяспечаныя», – паабяцаў Лукашэнка.

Пазней яму даклалі, што расейскі бок прапанаваў правесці сустрэчу прэзідэнтаў у Маскве 25 снежня. Але абяцаныя Лукашэнкам інфармацыйныя падставы пачалі з'яўляцца значна раней – беларускі кіраўнік асабіста ствараў іх наўпрост на вачах.

Згадаўшы абуральны для Менска падатковы манеўр у нафтавай галіне, Лукашэнка заявіў, што ў апошні час часта ўзнікае тэма «больш глыбокай інтэграцыі». І патлумачыў, што ён на гэты конт думае: «Я ўмею чытаць паміж радкоў. Я разумею ўсе намёкі. Трэба проста сказаць: атрымайце нафту, але давайце разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расеі. Я заўсёды задаю пытанне: такія рэчы – яны ў імя чаго робяцца? Расея гатовая прыняць Беларусь абласцямі або цалкам у склад Расеі? Вы падумайце пра наступствы. Вы гатовыя да гэтага? І як на гэта паглядзяць у нашай краіне, ды і ў вас, ды і міжнародная грамадскасць? Не кіем, дык палкай інкарпарацыя краіны ў склад іншай краіны».

Ад каго зыходзілі намёкі, Лукашэнка не ўдакладніў. Але пра іншы ўзровень інтэграцыі з Беларуссю ў Расеі апошнім часам гаварылі не раз і на самым версе. Так, 6 снежня ў Санкт-Пецярбургу пра гэта сказаў Уладзімір Пуцін. У той дзень на пасяджэнні Найвышэйшай Еўразійскай эканамічнай рады паміж ім і Лукашэнкам здарылася гучная спрэчка наконт кошту на расейскі газ і тарыфу на ягонае транспартаванне ў Беларусь.

Сярод іншага беларускі кіраўнік тады абурыўся, што тарыф на пастаўку газу з Ямала-Ненецкай акругі складае амаль $ 3 за тысячу кубаметраў на 100 км, а ўнутрырасейскі тарыф – усяго толькі блізу $ 1. І Пуцін, прызнаўшы, што трэба рухацца да ідэнтыфікацыі тарыфаў, тады заўважыў: «Для гэтага трэба час і іншы ўзровень інтэграцыі паміж нашымі краінамі».

Эстафету ў Пуціна прыняў прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў. На пасяджэнні Рады міністраў саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, якое адбылося ў Берасці 13 снежня, ён заявіў, што Расея гатовая да далейшай інтэграцыі. І пазначыў два сцэнары. Адзін з іх прэм'ер назваў кансерватыўным: «У выпадку захавання абрысаў той саюзнай дзяржавы, якая была створаная, без павышэння ўзроўню інтэграцыі да тых межаў, падкрэсліваю, якія вызначаныя ў дамове ад 8 снежня 1999 года, без фармавання ўсіх інстытутаў, якія закладзеныя ў гэтую дамову».

Другі ж варыянт Мядзведзеў назваў прасунутым. Ён, паводле словаў прэм'ера РФ, заснаваны на павышэнні ўзроўню інтэграцыі да межаў, якія вызначаны ў дамове. «З адначасовым павышэннем узаемазалежнасці эканомік і магчымасцю дапамогі і падтрымкі ў ходзе саюзнага будаўніцтва, развязанні самых розных пытанняў, якія тычацца інтэграцыі», – адзначыў кіраўнік расейскага ўрада. І закончыў: «Расея гатовая і далей прасоўвацца па шляху будаўніцтва саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра, адзінай мытнай службы, суда, падліковай палаты». І менавіта ў гэтым выпадку, растлумачыў Дзмітрый Мядзведзеў, трэба праводзіць адзіную падатковую палітыку, палітыку ў галіне коштаўтварэння, тарыфаўтварэння. Які варыянт выбраць, вынікаваў прэм'ер, трэба абмяркоўваць. У тым ліку на ўзроўні прэзідэнтаў.

Паміж расейскімі прэзідэнтам і прэм'ерам быў яшчэ адзін расейскі чыноўнік, які курыруе паліўна-энэргетычны комплекс – віцэ-прэм'ер Дзмітрый Козак. 11 снежня агенцтва «Інтэрфакс» паведаміла пра ўльтыматум, які ён нібыта прад'явіў калегу з Беларусі – віцэ-прэм'еру Ігару Ляшэнку. Паведамлялася, што спадар Козак наадрэз адмовіўся абмяркоўваць з ім зніжку на газ і кампенсацыю Менску стратаў ад падатковага манеўру «да прымання прынцыповых пастановаў пра рух у кірунку далейшай інтэграцыі Расеі і Беларусі ў рамках саюзнай дзяржавы».

Падчас сустрэчы Лукашэнкі з расейскай прэсай «Камерсант» папрасіў яго пракаментаваць заявы Пуціна і Мядзведзева і расказаць пра сваё бачанне інтэграцыі дзвюх краінаў. Гэтая просьба справакавала новыя адкрыцці. Лукашэнка нагадаў, што гэта ён быў ініцыятарам саюзнай дамовы, а ўжо пасля яе падпісання выходзіў і з іншымі прапановамі, адной з якіх было прыманне канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы. Але акт так і не прынялі. «Чаму не прайшла мая прапанова пра канстытуцыйны акт?» – спытаў беларускі кіраўнік. І сам жа адказаў: «Вы на гэта не пайшлі».

На гэтым пытанні ў яго не скончыліся. «Што здарылася цяпер, што вы схапіліся за дамову? Так затурбаваліся? Увогуле яе не ўспрымалі і раптам затурбаваліся будучыняй і за яе ўзяліся? – сыпаў пытаннямі Лукашэнка.– Да чаго ўвесь гэты шум? Чаму раптам? Якія мэты і што Расея ў гэтым выпадку хацела б ад нас? Я ж масу прапановаў уносіў, яны не ўспрынялі, а цяпер вось гэтая дамова! А што будзем рабіць? Вельмі блытана пра гэта сказаў прэм'ер Расеі».

Унікліва адказваючы на свае пытанні, Лукашэнка ўскосна пацвердзіў інфармацыю пра «ўльтыматум Козака». «Я здагадваюся. Я троху больш ведаю. Не хачу, каб Ляшэнка ўголас працытаваў словы Козака, ён (Дзмітрый Козак. – "Камерсант") жа не проста ад сябе пагаварыў», – сказаў Лукашэнка.

Ён параіў запомніць, што суверэнітэт для Беларусі – гэта святое. І адрэзаў: «Калі нас хочуць, як прапаноўваў Жырыноўскі, падзяліць на вобласці і ўпіхнуць у Расею – гэтага не будзе ніколі. І калі такімі катэгорыямі кіраўніцтва Расеі думае – гэта на шкоду Расеі самой». Троху памякчэўшы, ён адзначыў, што самае галоўнае пытанне, якое трэба развязаць з Расеяй, – эканамічнае: «Каб не было, што Лукашэнка здаў Беларусь за бочку нафты».

Масква аператыўна адказала на заявы беларускага прэзідэнта. Ужо праз некалькі гадзінаў першы віцэ-прэм'ер, кіраўнік Мінфіна Антон Сілуанаў паведаміў, што Менску не варта спадзявацца на кампенсацыю стратаў ад падатковага манеўру (у Беларусі мяркуюць, што у 2019 годзе страцяць у сувязі з гэтым блізу $ 300 млн, а ў найбліжэйшыя гады – мільярды).

«Расея не давала Беларусі якія-небудзь абяцанні наконт выплаты кампенсацый за змену падатковага заканадаўства ў Расеі», – заявіў спадар Сілуанаў. Усе далейшыя перамовы на гэтую тэму ён таксама ўвязаў з «наданнем новага імпульсу» дамоўленасцям пра інтэграцыю дзвюх краінаў.

Суразмоўца «Камерсанта» з ліку расейскіх чыноўнікаў, блізкіх да перамоваў з Беларуссю, паведаміў, што расейскі бок паставіў пытанне рубам: спачатку інтэграцыя – потым эканоміка. Ён пацвердзіў, што Дзмітрый Козак сапраўды давёў гэтую пазіцыю да свайго калегі Ігара Ляшэнкі: «Калі хлопчык хоча ажаніцца з дзяўчынкай, ён спачатку павінен ажаніцца і дакументы падпісаць. А потым ужо жыць паводле новага бюджэту».

Ці будзе вяселле ці, наадварот, развод, стане ясна пасля маскоўскай сустрэчы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках