25 красавiка 2024, Чацвер, 13:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як паўмільёна «дармаедаў» могуць заблакаваць дэкрэт

52
Як паўмільёна «дармаедаў» могуць заблакаваць дэкрэт
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Не спяшайцеся плаціць рэжыму.

З 1 снежня ў Беларусі запрацавала база «дармаедаў». Са слоў міністра працы Ірыны Касцевіч, у яе трапілі 500 тысяч чалавек.

А ўжо 8 снежня Савет Міністраў Беларусі выдаў пастанову, якая значна пашырае інфармацыю аб грамадзянах, якія трапілі ў базу «незанятых у эканоміцы» - за кошт звестак аб дзецях і навучэнцаў ва ўстановах, падкантрольных Мінадукацыі.

Навошта гэта спатрэбілася рабіць, якімі могуць быць наступствы і як з гэтым змагацца? На пытанні Charter97.org адказвае прававы інспектар працы незалежнага прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Гомельскай вобласці Леанід Судаленка.

- Паводле новых правілаў у базу, акрамя звестак саміх «дармаедаў», уносяцца ідэнтыфікацыйны нумар і дата нараджэння дзіцяці, дата пазбаўлення бацькоўскіх правоў і аднаўлення ў бацькоўскіх правах. Навошта?

- Думаю, улады вызначылі такім чынам адсочваць сем'і, якія трапляюць паводле дэкрэта Лукашэнкі №18 у так званае «сацыяльна небяспечнае становішча» (суправаджэнне). Ім выявілася мала гэтага дэкрэта, яны наважылі пайсці яшчэ далей.

У «сацыяльна небяспечную» катэгорыю вызначылі дадаць і сем'і, «не занятыя ў эканоміцы». Само такое вызначэнне - гэта ўжо абсурд, юрыдычны слоўнік такога тэрміна не ўтрымлівае.

Фактычна гэта азначае ўзмацненне кантролю над сем'ямі, дзе хаця б адзін з бацькоў трапіў пад дзеянне абноўленага дэкрэта аб «дармаедах». А, як мы памятаем, дармаедскія камісіі могуць адпраўляць такіх грамадзян у ЛПП –прычым, без судовай санкцыі.

Гэта вельмі сур'ёзна. Усякае абмежаванне волі, незалежна ад таго, да якой катэгорыі належыць грамадзянін - СНС, непрацуючы, не заняты ў эканоміцы - можа адбывацца толькі на пастанову суда. Дэкрэт Лукашэнкі не дае права без судовай санкцыі адпраўляць людзей у ЛПП.

І гэта адкрывае магчымасці для барацьбы. Мы ў прафзвязе РЭП будзем з гэтым змагацца. Будзем закідваць суды пазовамі і ставіць пытанне: чаму дзяржава такім чынам умешваецца ў кожную канкрэтную сям'ю?

- Урад даў даручэнне Мінадукацыі да 1 красавіка распрацаваць адзіную аўтаматызаваную базу навучэнцаў з мэтай інтэгравання яе з базай «дармаедаў». Што будзе азначаць на практыцы?

- Складана шукаць здаровы сэнс там, дзе яго няма. Магчыма, з дапамогай гэтага захаду хочуць яшчэ больш узмацніць кантроль над сем'ямі, «не занятымі ў эканоміцы». Таму на ўсялякі выпадак хачу паўтарыць аўтарам дэкрэта і дадатак да яго: гэта называецца ўмяшаннем у прыватнае жыццё, а ў нас такія дзеянні забароненыя Канстытуцыяй.

Такімі актамі ўрад рыхтуе глебу для супраціву. Чым больш чыноўнікі такім чынам умеўваюцца ў жыццё сем'яў – тым больш будзе адказаў. У кожным канкрэтным выпадку мы будзем умешвацца, абараняць людзей і даводзіць незаконнасць дзеянняў улады.

Так, Касцевіч налічыла паўмільёна «дармаедаў». Ну а дзеці і школьнікі тут пры чым? Я не ў стане адказаць, ці ёсць ва ўладаў нейкая логіка. Бо паўмільёна чалавек – гэта вялікае войска, якое можа заблакаваць дзеянне дэкрэта. Навошта тады збіраць звесткі яшчэ і на дзяцей? Каб паралізаваць гэты дэкрэт яшчэ хутчэй?

- Прафзвяз РЭП супольна з праваабаронцамі прыняў афіцыйную заяву з патрабаваннем скасаваць дэкрэт аб «дармаедах». Як гэтага дамагчыся?

- Лідар нашага прафзвязу Генадзь Фядыніч выразна заявіў, што РЭП дапамагаў і будзе дапамагаць усім, хто трапіў у «дармаедскую» базу. Хай кожны звернецца да нас - нас паўмільёна, і разам мы зможам прыдумаць, што рабіць, каб гэты дэкрэт так і не запрацаваў.

Як правільна казаў усё той жа Генадзь Фядыніч - не спяшайцеся плаціць. Як паказаў досвед 2017 года, засталіся ў дурнях тыя, хто кінуўся плаціць дзяржаве. А перамаглі ў выніку людзі, якія пачалі супраціўляцца: байкатаваць, ігнараваць, аспрэчваць у судах, выходзіць на акцыі.

Я перакананы, што на гэты раз таксама так адбудзецца: механізм, які запусцілі ўлады ў абноўленым дэкрэце аб «дармаедах», працаваць не будзе. Я ў гэтым проста ўпэўнены: нам разам удасца заблакаваць гэты незаконны дэкрэт.

Таму ўсім людзям кажу: байкатуйце, не плаціце, супраціўляйцеся. Звяртайцеся па дапамогу да нас: прафзвяз РЭП будзе працаваць з кожным з паўмільённага войска часова «не занятых у эканоміцы».

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках